Зацверджаны графік правядзення агульнанацыянальнай дыктоўкі
Зацверджаны графік правядзення 23 сакавіка агульнанацыянальнай дыктоўкі па беларускай мове, прысвечанай 90-годдзю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Як паведаміў БелаПАН ініцыятар акцыі, палітолаг Уладзімір Падгол, 23 сакавіка кожную гадзіну дыктоўкі будуць праходзіць у сталічных офісах Партыі БНФ і грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". У офісе ТБМ у 11.00 узяць удзел у напісанні дыктоўкі змогуць жыхары Савецкага і Першамайскага раёнаў сталіцы, у 12.00 — Ленінскага, Цэнтральнага і Кастрычніцкага раёнаў, у 13.00 — Маскоўскага і Фрунзенскага раёнаў, у 14.00 — Заводскага і Партызанскага раёнаў, у 15.00 — Мінскага раёна і ўсе жадаючыя.
У офісе Партыі БНФ у 11.00 дыктант змогуць напісаць жыхары Савецкага і Першамайскага раёнаў Мінска, у 12.00 — Ленінскага, Цэнтральнага і Кастрычніцкага раёнаў, у 13.00 — Маскоўскага і Фрунзенскага раёнаў, у 14.00 — Заводскага і Партызанскага раёнаў, у 15.00 і 16.00 — усе астатнія жадаючыя.
Апрача таго, дыктант прагучыць у эфіры "Еўрапейскага радыё для Беларусі" 22 і 23 сакавіка ў 12.00 і 16.00.
У.Падгол паведаміў, што дыктанты будуць правераны толькі пасля таго, як яго напіша апошні чалавек. Пераможцы атрымаюць разнастайныя прызы. Фотавыставу матэрыялаў плануецца прадэманстраваць у Беларусі і тых краінах, дзе жывуць беларусы, а таксама экспанаваць у будынку сакратарыята ААН у Нью-Йорку.
Нагадаем, 15 сакавіка ў Мінску і офісе ТБМ была праведзеная першая дыктоўка. У ёй удзельнічала каля 20 чалавек — культурныя дзеячы, прадстаўнікі незалежных сродкаў масавай інфармацыі і замежных дыпламатычных місій.
Паводле слоў Падгола, дыктоўкі праходзяць штодня ў розных гарадах Беларусі, а таксама за мяжой. Апошні дыктант адбудзецца 26 сакавіка.