Да канца году грамадзкі транспарт сталіцы будзе абсталяванымі спадарожнікавымі перадатчыкамі.
«Навігацыйная сыстэма GPRS дазволіць нам кіраваць транспартам як адзіным арганізмам, — кажа Ігар Дадалка, начальнік аддзелу гарадзкой і прыгараднай замовы ДУ «Сталічны транспарт і сувязь». — З дапамогай новай сыстэмы можна будзе апэратыўна выпраўляць парушэньні інтэрвалаў руху грамадзкага транспарту, скараціць нулявыя прабегі, узгадніць расклад працы аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў. GPRS‑датчыкі нават дапамогуць змагацца з заторамі.»
Пакуль камунальным пасажырскім транспартам у Менску кіруюць з дапамогай сыстэмы, створанай 30 гадоў таму. У розных месцах пад асфальтам «зашытыя» індукцыйныя петлі, да якіх падведзеныя тэлефонныя лініі. Калі па такой кантактнай кропцы праяжджае аўтобус, сыгнал перадаецца ў дыспэтчарскі цэнтар.
Пазьней да навігацыйнай сыстэмы плянуецца падключыць і маршрутныя таксоўкі. А з часам удасканаленая аўтаматыка будзе ня толькі перадаваць свае каардынаты ў дыспэтчарскі цэнтар, але і кантраляваць расход паліва, тэхнічны стан машыны, перасьцерагаць пра токаўцечкі ў тралейбусах.
На прыпынках плянуюць усталяваць гадзіньнікі, якія будуць адлічваць хвіліны й сэкунды да прыбыцьця транспарту.
Адзін GPRS‑модуль будзе каштаваць ад 800 тысяч да 1 мільёна рублёў. Сёньня ў Менску амаль 3 тысячы адзінак камунальнага пасажырскага транспарту.
Наша Ніва паводле: Мікалай Градзюшка, «Рэспубліка»