МЕНСК.BY Родны горад жыве тут! |
Алесь Мазанік: «Гаворыш па‑беларуску? Табе зьніжка!»
Ад дажджу мы з Алесем Мазанікам — чалавекам вельмі маладым (яму дваццаць адзін год), але ўжо вельмі вядомым — вырашылі схавацца ў «Старавіленскай карчме». Афіцыянтку нашая беларуская мова прывяла ў ступар. Мы не прамаўлялі клясычнага «я сказаў — гарбаты!», але і просьба прынесьці кавы з цукрам, вымаўленая выразна і галосна, аказалася вышэй ейнага разуменьня. Яна толькі зьбянтэжана лыпала вялікімі цёмнымі вачыма. — І адкуль такія бяруцца? — задала я досыць рытарычнае пытаньне замест прыгатаванага — пра дыск зь беларускім софтам, калі няшчаснае дзяўчо нарэшце паляцела па памянёную каву. — Ну, як можна не разумець па‑беларуску? Я ўжо не кажу — гаварыць, няхай, але кім трэ быць, каб не разумець? — Або прыежджая зь іншай краіны, або прыежджая зь вёскі, — выказаў меркаваньне Алесь. — І вось парадокс: я ня раз заўважаў, што людзі, якія прыяжджаюць на Беларусь зь іншых дзяржаваў — Расеі, Украіны, Польшчы — імкнуцца вывучыць нашу мову, а вось прыежджыя зь беларускай вёскі — хочуць мову забыць. Яны бачаць навокал шмат расейскамоўных шыльдаў, чуюць расейскую на вуліцах і проста «выключаюць» беларускую. — А вы заўсёды размаўляеце па‑беларуску? — Імкнуся, але здараюцца выпадкі, калі дзеля хуткасьці разуменьня даводзіцца карыстацца расейскай, але я лічу, што лепей ведаць дзьве мовы, чым адну. — А як прыйшлі да беларускамоўнасьці вы? У вас гэта зь сям’і? — Хутчэй не. Але склалася так, што досыць рана я вырашыў: у васямнаццаць гадоў, стаўшы паўнагадовым, я пачну размаўляць па‑беларуску і з гэтага ж часу пачну сам зарабляць сабе на жыцьцё. На маё рашэньне паўплываў Зьмітрусь Аўсяньнікаў, менавіта ён увёў мяне ў сьвет беларускасьці, першым назваў мяне Алесем! Шмат хто пад’ялдыкваў мяне, але блізкія падтрымалі. Яны разумелі маё жаданьне быць самастойным і маё меркаваньне, што гаварыць па‑беларуску — гэта правільна. Што правільна быць беларусам. Што ў беларускасьці ёсьць сапраўднасьць. Што насамрэч я ня Саша, а Алесь. І вось на працягу трох гадоў, ад верасьня 2004 году, я імкнуся размаўляць толькі й выключна па‑беларуску, а таксама зарабляць самастойна, каб не сядзець на шыі ў бацькоў, стаць на свае ногі і ў свой час мець магчымасьць стварыць сям’ю. Мне пашанцавала ў тым, што некалькі гадоў таму я ўладкаваўся на кніжны кірмаш на Янкі Купалы, 27, што мой шэф, Раман Сьвірскі, у якога я цяпер працую, таксама беларускамоўны. Ён падтрымаў мяне ў тым, каб стварыць кропку, дзе будзе прадавацца выключна беларускамоўная музыка й літаратура на мове нашых продкаў. Такая кропка адзіная на вялізным кірмашы. — Вам фінанасава выгадна займацца продажам менавіта беларускамоўных кніг, беларускай музыкі? — Скажам так: гэта прыносіць ня меншы даход, чым продаж расейскамоўнай літаратуры і небеларускай музыкі. З гэтага можна жыць. Дзякуючы чаму цяпер мара маіх бацькоў пра ўнукаў, здаецца, блізкая да ўвасабленьня. — У вас ёсьць дзяўчына, вы зьбіраецеся пабрацца? — Так, ёсьць (твар цяплее). Тацяна‑soNca. Яна таксама беларускамоўная, менавіта яна — дызайнэр вокладкі дыску зь беларускім софтам, які я выпусьціў. — Вокладка выйшла вельмі стылёвая. Наагул, такія дыскі выходзяць ня кожны дзень. Раскажыце пра яго падрабязьней. — Пачну з таго, што я лічу вельмі важным працаваць менавіта на Купалы, 27. І вельмі важна, што гэтыя шараговыя, звычайныя абсалютна людзі бачаць беларускія кнігі і дыскі, чуюць беларускае слова — няхай пакуль і ў адной кропцы. Дарэчы, людзям, якія гавораць са мной па‑беларуску, я раблю зьніжку (сьмяецца). І такіх прыкладна 75 адсоткаў ад тых, хто да мяне прыходзіць! Ідэя зрабіць дыск зь беларусізаванымі праграмамі нарадзілася з таго, што я добра ведаю, якое месца ў жыцьці цяпер займае кампутар. Народ цікавіцца кампутарнымі гульнямі, кампутарнымі праграмамі, і вельмі важна, каб такія рэчы існавалі па‑беларуску. На дыску сабраныя каля 200 самых розных беларусізаваных праграмаў, слоўнікі, рэфэраты. Вялікія разьдзелы — праграмы для мабільнікаў, пераклады гульняў, праграмы‑перакладчыкі. Гэты дыск дапаможа цалкам беларусізаваць кампутар. — Дарагі Алесь, я паглядзела ваш дыск. Мне падалося, што сабранымі там рэчамі, хутчэй за ўсё, будуць карыстацца якраз тыя, каго ні ў чым ня трэба пераконваць. Але ведаеце, якая думка ў мяне ўзьнікла, калі я праглядала «стралялку» па‑беларуску? Каб беларускія ўлады даўмеліся абавязаць прадаваць падобныя гульні ці фільмы толькі з наяўнасьцю беларускага перакладу, каб пакупнік сам мог выбіраць мову (як раней абавязалі радыёстанцыі круціць 75 адсоткаў беларускай музыкі), то ўяўляеце, колькі грошай дадаткова пацякло б у казну? Пераклады ж, вядома, рабілі б дзяржаўныя ўстановы, як найлепшыя знаўцы беларускай… Ды з такімі грашыма нам ніякія кошты на газ не былі б страшныя! — Дык падорым ім гэтую ідэю! (Сьмяемся) — А як, дарэчы, вы вырашылі пытаньне аўтарскіх правоў? — Большасьць сабраных тут прадуктаў ёсьць у адкрытым доступе ў інтэрнэце, але карыстальніку нашмат больш зручна карыстацца дыскам, чым шукаць і спампоўваць гэтыя рэчы з інтэрнэту. Мы імкнуліся зьвязацца з усімі аўтарамі, зь якімі ўдалося, і атрымалі ад іх дазвол на выкарыстаньне прадуктаў. Калі ж у каго з аўтараў, зь якімі мы зьвязацца не змаглі, узьнікнуць пытаньні — я гатовы зь імі сустрэцца. Мой тэлефон ёсьць на дыску. Сам я займаўся мэнэджмэнтам дыску, працу па кампіляцыі праграмаў рабіў Уладзіслаў‑Дракула. Дарэчы, гэты дыск рабіўся толькі на мае ўласныя сродкі. — Што, акрамя гэтага дыску, вы прапаноўваеце пакупнікам цяпер? — У мяне заўсёды вялікі выбар кнігаў. Добра купляюцца кнігі «Беларускага кнігазбору», цікавяць чытачоў выданьні з сэрыі «Кнігарня «Нашай Нівы»… Музыкі таксама шмат. Нядаўна ў мяне закупляўся музычнымі дыскамі дырэктар «Аўтарадыё»… Дарэчы, чамусьці ў мяне рэдка пытаюцца пра дыскі «75‑адсотнікаў», Дарафеевай, Смолавай, Агурбаш і да гэтага, затое часта пытаюцца пра N.R.M., Вайцюшкевіча, Тройцу… Некаторыя людзі прыходзяць да мяне ня толькі для таго, каб нешта набыць, але і для таго, каб проста паразмаўляць па‑беларуску. Тая прадукцыя, літаратура й дыскі, якую я прадаю, выдадзеная легальна. Не прадаю, скажам, кніжку Шарамета, за якую, па‑мойму, можна атрымаць ня толькі 15 месяцаў, але і 15 год. Я не лічу вартым займацца такой літаратурай. Яна запатрабаваныя, але мая задача ня ў тым, каб трапіць у пастарунак, а ў тым, каб стала прапагандаваць беларускае. — Вы маеце досьвед працы ў грамадзкіх арганізацыях. Які ён, хутчэй станоўчы ці хутчэй адмоўны? — Толькі станоўчы! Але асабіста мне прасьцей працаваць самому, чым у межах нейкай арганізацыі, нейкай партыі. Кожнаму сваё. — Астатнім — чужое! А што вы чытаеце самі? Выпісваеце якія газэты, ці вам досыць таго, што прадаяцё? — Адзначу, што кніжкі, якія я прадаю, маю і ў сваёй прыватнай калекцыі. Даволі даўно працую з «Нашай Нівай». На жаль, беларускія мэдыі маюць абмежаваную колькасьць чытачоў. Як распаўсюднік, магу параіць газэце час ад часу рабіць акцыі бясплатнага распаўсюду. Друкаваць ня дзьве з паловай тысячы экзэмпляраў, а, скажам, 10000 і раскідваць у паштовыя скрыні, раздаваць на вуліцах… Бо пра тое, што гэтая шыкоўная газэта цяпер, пасьля ўсіх забаронаў, яшчэ выдаецца, на жаль, ведаюць нямногія, і трэба пастарацца кола чытачоў пашырыць. — Не магу не задаць вам пытаньне пра вашу знакамітую сваячку Алену Мазанік. Як усё ж лепш дзейнічаць: так, як яна, ці так, як вы? — Цяжка сказаць, мне да яе шчэ далёка. Але, прынамсі, у нас ёсьць нешта супольнае. — Так! Зьнешнасьць. Вы да яе вельмі падобныя зьнешне. — Як я ведаю, яна даводзіцца мне траюраднай бабуляй. Яна рабіла сваю справу, я раблю сваю. Раблю так, як магу. Раблю так, каб мог з годнасьцю адказаць сваім будучым дзецям на пытаньне: а што ты, тата, зрабіў дзеля нас, дзеля нашай будучыні? Няхай гэта гучыць патасна, але я так жыву. Наталка Бабіна Здымак Андрэя Лянкевіча Наша Ніва
Папярэднія навіны- Тозик предложил Китаю поучаствовать в реализации проекта "Минск-Сити"
Апошняе ў праекце |
МенюПошукФотазамалёўкіАпытаньнеАпошняе на форумеНяма дадзеных Апошнія артыкулы- Васіль Шарапаў "Сённяшняе і заўтрашняе сталіцы" Наш гузік
Лічыльнікі |