У Вільні ўшанавалі памяць Максіма Гарэцкага і Натальлі Арсеньневай
Пад патранажам Таварыства беларускай культуры ў Вільні адкрытая памятная дошка Натальлі Арсеньневай і Максіму Гарэцкаму. Гэта ўжо дзесятая па ліку мэмарыяльная шыльда ў Летуве, усталяваная ў гонар беларускіх дзеячаў.
Месца, дзе знаходзіцца шыльда, мае вялікае значэньне для беларусаў. У 1347 г. там былі пакараныя пакутніцкай сьмерцю тры віленскія пакутнікі, а цяпер ужо сьвятыя — Антоні, Ян ды Яўстафій. Там жа знаходзілася й Беларуская гімназія, да дзейнасьці якой маюць непасрэднае дачыненьне Максім Гарэцкі й Натальля Арсеньнева. У 20‑х гадох мінулага стагодзьдзя аўтарка гімну «Магутны Божа» навучалася ў гімназіі, а настаўнікам беларускай мовы ў яе быў Максім Гарэцкі.
Радзім Гарэцкі (пляменьнік Максіма Гарэцкага): Сёньня вельмі радасна, што Максім Гарэцкі й яго любімая вучаніца сустрэліся разам амаль праз 90 гадоў. Іх дух тут, з намі.
Мэмарыяльныя шыльды стварыў беларускі скульптар Алесь Шатэрнік. Мастак прызнаўся, што першапачаткова плянавалася ўсталяваць дошку ў Расеі, дзе доўгі час жыў клясык. Аднак, як заўважыў Шатэрнік, Расеі беларускія прарокі непатрэбныя.
На ўрачыстасьці прысутнічалі віленскія беларусы, а таксама прадстаўнікі шэрагу беларускіх арганізацыяў. Менавіта іх коштам былі вырабленыя дошкі. Прадстаўнікі афіцыйных уладаў Беларусі на адкрыцьці памятных шыльдаў ня былі заўважаныя.