TUTэйшыя. Захар Шыбека: Мінск становіцца вар’яцкім горадам

Не так даўно Мінск адзначыў Дзень горада. Доктар гістарычных навук Захар Шыбека вывучае гісторыю беларускай сталіцы не адзін дзесятак гадоў, і знайсці больш дасведчанага спецыяліста вельмі цяжка. Захар Васільевіч з’яўляецца аўтарам шэрагу кніг і навуковых прац. Яго меркаванні заўсёды выклікаюць інтарэс у шырокіх колах.

Даведка
Захар Шыбека нарадзіўся ў вёсцы Асінаўка Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. У 1972 годзе скончыў гістарычны факультэт БДУ. Да 1991 года працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук. Затым быў загадчыкам аддзела беларусазнаўства ў навукова-асветным цэнтры імя Ф.Скарыны. Са снежня 1998 года па снежань 1999-га ўзначальваў Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі. Аўтар кніг “Мінск у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя”, “Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада” (у “сямейным” сааўтарстве з Сафіяй Шыбека), “Гарады Беларусі”, “Нарысы гісторыі Беларусі”, “Мінск 100 гадоў таму”. Лаўрэат прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтру. Доктар гістарычных навук, прафесар. Выкладае ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце.

- Ідзе шмат спрэчак наконт даты народзінаў Мінска. Якой версіі прытрымліваецеся Вы? Ці сапраўды Мінску 940 гадоў?

- Калі дакладна ўзнік Мінск, ніхто не скажа. Думаю, гэта назаўсёды застанецца тайнай. Па традыцыі годам заснавання гарадоў лічыцца іх першае ўпамінанне ў летапісах. Мінск ушанаваўся ўвагай летапісца 3 сакавіка 1067 года ў сувязі з крывавай бітвай на Нямізе паміж сваякамі-рурыкавічамі за дамінацыю на ўсходнеславянскіх землях. Але ж горад існаваў і раней. Ён быў важным цэнтрам крывіцкага княжання. А таму можна сцвярджаць, што мы, дапусцім і сёлета, святкуем тысячагоддзе нашай сталіцы.

- Не так даўно ў выдавецтве “Беларусь” пабачыла свет ваша кніга “Мінск 100 гадоў таму”. Якія асноўныя тэндэнцыі ў развіцці Мінска таго часу і сучаснага Мінска можна выявіць? Можа, ёсць, нягледзячы на 100-гадовы прамежак часу, нешта агульнае?

- Вельмі складанае пытанне. На мой погляд, захаваўся толькі агульны дух, агульная ментальнасць людзей. У Мінску па-ранейшаму мірна жывуць прадстаўнікі розных канфесій і народаў. Мінск пасля таго, як у 1870 годзе тут правялі чыгунку, стаў важным транзітным цэнтрам. Сваю важную транзітную функцыю ён захоўвае і зараз, знаходзіцца на перакрыжаванні шляхоў з захаду і ўсходу. У эканамічным сэнсе гэта вельмі выгаднае становішча. Але, на маю думку, патэнцыял горада яшчэ раскрыты не ў поўнай меры.

Шкада, што забудова, якая была стагоддзе назад, амаль не захавалася. Добра, калі засталіся з таго часу дзве сотні дамоў. Парушаюцца прынцыпы рэстаўрацыі старых будынкаў. Пакідаецца толькі знешняя абалонка, скарлупінне, а ўсё астатнее разбураецца, робіцца еўрарамонт. Узрываецца нават брукоўка, а кладзецца плітка. Цяпер разбураюцца не вельмі прывабныя двух-трохпавярховыя будынкі старога Мінска. Існуе памылковае меркаванне, што гэтыя будынкі не прыгодныя для эксплуатацыі, а на іх месцы можна пабудаваць такія ж дамы, больш надзейныя і прагажэйшыя. Але няма разумення таго, што калі замест разбуранага ўзводзіцца такі ж новы, то гэта не помнік гісторыі і культуры, не аўтэнтыка, а муляж, копія, нейкая цацка, якая не мае ніякай гістарычнай вартасці. Новыя будынкі, верагодна, задавальняюць эстэтычныя пачуцці людзей. Я маю на ўвазе ўзноўленыя Ратушу, гатэль “Еўропа”. Гэтыя будынкі ўпрыгожваюць плошчу Свабоды, даюць нейкае ўяўленне аб тым, якімі яны былі стагоддзе таму. Але гэта камерцыйныя праекты. Такія “ратушы”, “еўропы” можна панаставіць па ўсім горадзе. Гэта проста стыль рэтра ў камерцыйным будаўніцтве. Ці паглядзім на новы будынак чыгуначнага вакзалу. З аднаго боку - цудоўны, утульны. Але што ён мае агульнага з беларускай традыцыяй архітэктуры? Абсалютна абстрактны праект, незразумела адкуль запазычаны.

- Трэба адзначыць, што гэтыя вострыя пытанні датычацца не толькі Мінска. Зараз вельмі гарачыя спрэчкі разгортваюцца наконт знішчэння гістарычнага цэнтра Гродна. Што вы думаеце па гэты конт?

- На вялікі жаль, у нас дзяржава не ахоўвае зямлю ў цэнтрах старажытных гарадоў, а яна мае такую ж гістарычную каштоўнасць, як і будынкі. Безахоўную зямлю можна прадаваць, забудоўваць, пракладаць праз яе сучасныя магістралі. У мясцовага кіраўніцтва адсутнічае гістарычная культура, а пераважаюць камерцыйныя інтарэсы. На помніках гісторыі і культуры не зэканоміш. Да таго ж улады не прыслухоўваюцца да ўсіх меркаванняў гісторыкаў. Чыноўнікі дзеляць гісторыкаў на нашых і вашых. Аднак у такіх справах павінен быць толькі агульнанацыянальны інтарэс.

- Але вернемся да Мінска. Многія людзі адзначаюць, што ў апошні час Мінск стаў прыгажэйшым, на вуліцах чысціня і парадак. Улады шмат чаго робяць у гэтым сэнсе. Вы з гэтым згодныя?

- Так. Але Мінск у сваім развіцці застаецца індустрыяльным цэнтрам. У Еўропе сталіцы пазбаўляюцца ад сваіх фабрык, заводаў, або іх пераносяць за межы горада. У нас застаецца старая індустрыяльная мадэль горада, час якой ужо прайшоў. Зараз сталіцы пераўтвараюцца ў інфармацыйна-культурныя цэнтры, дзе імклівымі тэмпамі пашыраецца сфера паслуг (не індустрыяльная дзейнасць людзей, а інтэлектуальная). Сталіцы становяцца вядучымі камунікатарамі нацыі, многія з іх уваходзяць ў сістэму Сусветных гарадоў. Але калі мы не пераглядзім сваю мадэль развіцця, то Мінск так і застанецца па-за гэтай сістэмай. Ад эканамічнай трансфармацыі залежыць будучыня нашай сталіцы, нашай краіны. Цяпер ідзе гаворка пра стварэнне ў Мінску Парка высокіх тэхналогій. Калі ўдасца рэалізаваць гэты праект, будзе вельмі добра.

- Большасць мінчан ці гасцей сталіцы на пытанне “Куды пойдзем адпачываць?” адказваюць: “На праспект”. З іншага боку, калі едзеш у Вільню ці Варшаву, то называюць Стары горад. Ці можна правесці нейкія паралелі? Альбо гэта ўсё надумана?

- Не. У нас у гэтым сэнсе няма агульнапрынятага гарадскога цэнтру. Гэтыя цэнтры проста разбураныя. На былым Замчышчы, дзе пачынаўся Мінск, цяпер Плошча 8 Сакавіка, там зараз зялёны лужок. На Плошчы Свабоды таксама не пачуваеш ўтульна. Як можна нармальна ўспрымаць месца, дзе разам с царквой знаходзяцца піўны рэстаран і казіно? Траецкае прадмесце зашмат прылакіравана. Да таго ж там няма дзе прыткнуцца. Чаму так адбылося? Губернскі горад Мінск не быў буйным культурным цэнтрам, тут не было каралеўскага двара, шматлікіх палацаў. Палац Чапскага разбурылі. Дык вось бальшавікі, якія ў 1917 годзе прыйшлі да ўлады, хацелі надаць Мінску імідж сталіцы, павысіць яго статус. Але для гэтага павінны былі ўкласці вялікі капітал. А адкуль яму ў той час узяцца? Пасля Вялікай Айчыннай вайны сродкаў хапіла толькі на адну галоўную вуліцу - праспект. Трэба адзначыць, што кожнай сталіцы ў СССР адводзілася свая роля. Мінск не мог пераўзыходзіць па свайму хараству не толькі Маскву, але і Кіеў. У Мінску будоўля вялася ў парадным стылі. Вуліцы прызначаліся для транспарту і маршаў, плошчы - для сакральных будынкаў і мітынгаў, а для простага чалавека ўтульнага месца не знаходзілася. Вось так мы старое страцілі, а новага не набылі.

- Два гады таму галоўныя аўтамабільныя артэрыі горада пазбавіліся ўласных імёнаў. На працягу двух апошніх стагоддзяў даволі часта мяняліся назвы праспектаў. З чым гэта было звязана?

- Назва галоўнага праспекта краіны мянялася 12 разоў. Гэта адлюстроўвае трагічны лёс Мінска, калі кожны новы гаспадар правіў тут свой баль.

Галоўная вуліца была пракладзена 200 гадоў таму на ўскрайку гораду, што называўся Новы горад, адмыслова дзеля маршу расійскіх войскаў з усходу на захад. Гэта зрабіў мінскі губернатар Захар Карнееў. Па адной з версій, расійскі чыноўнік назваў яе Захар’еўскай у свой гонар.
Трэба адзначыць, што ў назве галоўнай вуліцы быў закладзены з самага пачатку ідэалагічны змест. Яна называлася ў гонар царскага чыноўніка. У далейшым гэта стала традыцыяй, бо горад знаходзіўся пад уплывам розных краін, уладаў. Кожны з іх хацеў у назве ўшанаваць сваіх герояў ці замацаваць свае ідэалы.

Калі тут у 1812 годзе было Напалеонаўскае войска, то назва Захар’еўская знікла, а людзі называлі царскую вуліцу Новым горадам. Пасля вяртання расійскіх войскаў вярнулася і расійская назва — Захар’еўская. У першую сусветную вайну немцы перайменавалі яе ў Гаўптштрасэ. На змену немцам прыйшлі белапалякі і далі вуліцы імя Адама Міцкевіча. Потым з усталяваннем савецкай улады былая Захар'еўская стала Савецкай. У час другой нямецкай акупацыі — зноў Гаўптштрасэ. Пасля вайны — зноў Савецкая. А пазней, пасля адбудавання Мінска, у 1952 годзе, яна атрымала назву “праспект Сталіна”. Калі ў 1961 годзе культ генералісімуса быў выкрыты, галоўны праспект сталі называць Ленінскім. У 1991 годзе, калі Беларусь атрымала незалежнасць, праспект назвалі імем Францішка Скарыны. У 2006 годзе ён атрымлівае новую назву - праспект Незалежнасці. Я спачатку негатыўна аднёсся да гэтага перайменавання (як да і перайменавання праспекта Машэрава ў праспект Пераможцаў). Але цяпер пачынаю разумець, што ў гэтым быў і нейкі станоўчы сэнс. З назваў была знята празмерная ідэалагічная напружанасць. Яны сталі больш нейтральныя. Але і ў новых ёсць налёт ідэалогіі. Верагодна, у Мінска такі лёс.

- А вось якая назва вам больш даспадобы?

- Калі б у мяне была магчымасць нейкім чынам выбіраць назву праспекта, то я, відаць, спыніўся б на назве Новы горад ці праспект Наваградскі. Гучыць сімпатычна, аптымістычна і мае гістарычную аснову.

- У якім месцы ў Мінску вы любіце адпачываць?

- У мяне няма любімага месца, дзе б я сябе адчуваў утульна і камфортна. Можа толькі ў Батанічным садзе. Мне як гісторыку, не падабаецца, што Мінск усё больш ператвараецца ў мегаполіс, павялічваецца колькасць аўтамабіляў, высотных будынкаў… Беларуская сталіца становіцца такім жа вар’яцкім горадам, як Масква ці Нью-Ёрк.

- Вы нарадзіліся на Віцебшчыне. Адкуль такі моцны інтарэс да гісторыі Мінска?

- Я вырас у вёсцы, горад уражваў сваёй веліччу і прыгажосцю. У мяне была жонка, зараз нябожчыца, - карэнная мінчанка. І гэта таксама дало нейкі стымул. З Мінскам звязаны самыя лепшыя ўспаміны ў маім жыцці. Тут я атрымаў адукацыю, узняў свой культурны ўзровень, пачаў навуковую працу. Потым наступіла нейкае расчараванне горадам. Я цяпер яго больш не люблю, чым люблю. Нават можна сказаць з цяжкасцю люблю. Думаю, што гарадская цывілізацыя знікне. Чалавецтва павінна знайсці новыя формы рассялення, больш натуральныя, больш гуманныя, набліжаныя да прыродных умоў. Горад калечыць чалавека, яго фізіялогію. Гэта штучнае асяроддзе. Я мару, што праз нейкі час чалавек будзе жыць у ідэальным шары, які будзе качацца па Зямлі. Будзе поўны камфорт, камунікацыя з усім светам. Шары будуць качацца, а гарады застануцца як помнікі архітэктуры, як Егіпецкія піраміды. Зараз я падрыхтаваў для моладзі спецкурс “Станаўленне гарадской цывілізацыі ў Беларусі”. Там гэтыя пытанні мы і разглядаем.

- Прадмову да вашай кнігі “Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада” напісала вядомая беларуская актрыса Стэфанія Станюта, а рэцензентам выступіў Зянон Пазняк. Як вам удалося аб’яднаць пад адной вокладкай дзве такія неардынарныя асобы?

- Лёс гэтай кнігі вельмі не просты. Старэйшыя “таварышы” яе не хацелі выдаваць. Яны нават хадзілі ў выдавецта “Полымя” і пісалі лісты, каб мая кніжка не выдавалася. Чаму? Ну хто я такі быў?! Малады хлопец, якія называў да таго ж усе яўрэйскія імёны. Таму я быў вымушаны шукаць падтрымку з боку аўтарытэтных людзей нашай краіны. Відаць, іх мне паслаў сам Гасподзь Бог. У маладосці я марыў стаць акцёрам, падарожнічаць па свеце, таму, відаць, сустрэў цудоўнага чалавека - Стэфанію Міхайлаўну Станюту. Я быў з ёю асабіста знаёмы, добра ведаў яе сына Аляксанда Аляксандравіча. Яны мне і напісалі прадмову. Зянон Пазняк таксама мяне блаславіў, але сказаў, што “беларускага ў Мінску было больш, чым у цябе напісана, але і пра яўрэяў таксама трэба ведаць”. Ён у цэлым даў станоўчую адзнаку. Моцным стымулам стала і тое, што жонка па стану здароўя выйшла на пенсію. Каб нейкім чынам падтрымаць у яе стымул да жыцця, я адклаў свае навуковыя планы, узяўся перарабляць дысертацыю ў кнігу ў навукова-папулярным жанры. Жонка істотна дапамагла ў плане сістэматызацыі дадзеных, рэдагавання, напісання асобных сюжэтаў, таму я яе ўзяў у сааўтары.

- Мне здавалася, што вы ўвесь час займаліся гістарычнай навукай. Таму было нечакана даведацца, што Захар Шыбека амаль год узначальваў Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі…

- Міністр культуры Уладзімір Сасноўскі запрасіў мяне на гэтую пасаду. Мне хацелася зрабіць Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі галоўным музеем краіны. Для гэтага трэба было знайсці больш прывабнае для яго памяшканне. Не можа нацыянальны музей мясціцца ў “сейфе” - будынку былога банка. Я хацеў перанесці музей у палац прафсаюзаў Мінскай вобласці, зрабіць акцэнт на нацыянальную культуру. Але ніякіх рэсурсаў для гэтага не выдзялялася. Вытрымаць руцінную працу я не мог. Бо па натуры я вольны мастак, у меня творчы характар, а мне трэба было быць звычайным чыноўнікам, які выконвае дырэктывы зверху. Таму я пакінуў пасаду дырэктара і пайшоў працаваць на кафедру эканамічнай гісторыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта. Мне падабаецца працаваць з моладдзю, узбагачаць яе ведамі. Вучу студэнтаў крытычна думаць, аналізаваць гістарычныя факты. Бо без гісторыі немагчыма будучыня, а будучыня заўсёды за моладдзю.

Аляксандр Заяц


ТUT.BY

 2007-10-04 14:38:06 Версия для печати

Папярэднія навіны

- Тозик предложил Китаю поучаствовать в реализации проекта "Минск-Сити"
- Бизнес-союзы Калинина и Карягина должны перенести Червенский рынок до 1 июня
- В Минске разработают единую концепцию застройки пр. Победителей
- Ладутько рассказал об автовокзале "Московский", застройке Уручья и историческом центре Минска
- Города-спутники могут появиться вокруг областных центров Беларуси
- Замминистра архитектуры: "Понятие "микрорайон" должно уйти в прошлое"
- Парки Минска готовятся к открытию сезона аттракционов
Туут Аархіў нававiнаў Стужка навінаў у RSS | Архіў навінаў па месяцох


Апошняе ў праекце

1. Інстытут фізкультуры. 1976-2006
2. Прывакзальная плошча 1954-2006
3. Прывакзальная плошча. 1956-2006
4. Вуліца Камсамольская з боку вуліцы Кірава. 1950-я-2006
5. Вуліца Камсамольская, жылы дом на скрыжаваньні з вуліцай Карла Маркса. 1951-2006
6. Спуск да праспэкта з боку вуліцы Чырвонаармейскай. 1956-2006
7. Вуліца Карла Маркса, скрыжаваньне з вуліцай Валадарскага. Пач. XX ст.-2006
8. Касьцёл Прысьв. Дзевы Марыі і будынак былога езуіцкага калегіюма. 1917-2006
9. Плошча Свабоды. Будынак былога базыліянскага кляштара. Кан. XIX ст.-2006
10. Плошча Свабоды. Вуліца Кірылы і Мяфодзія. 1918-2006
11. Плошча Свабоды. Катэдральны праваслаўны сабор Сьв. Духа. Кан. XIX ст.-2006
12. Тэатар імя Янкі Купалы. 1931 - 2006
13. Расейскі драматычны тэатар. 1929 - 2006.
14. Вуліца Карла Маркса. Музэй гісторыі і культуры Беларусі. 1938 - 2006
15. Скрыжаваньне вуліцаў Карла Маркса і Леніна. 1939 - 2006.
16. Праспэкт Незалежнасьці і ўваход у Цэнтральны сквэр. 1938 - 2006.


Меню



Пошук


 


Фотазамалёўкі


· Іншы Менск

polack.by – Сайт о городе Полоцке.


Апытаньне


На якой мове павінны гучаць абвесткі на менскім чыгуначным вакзале, ці дублявацца на некалькіх?

На беларускай
На расейскай
На беларускай і расейскай
На беларускай і польскай
На беларускай і ангельскай
На беларускай, расейскай і ангельскай
На беларускай, расейскай і польскай
На беларускай, польскай і ангельскай
На расейскай і ангельскай



Вынікі

Адказаў 1597
Іншыя апытаньні


Апошняе на форуме


Няма дадзеных


Апошнія артыкулы


- Васіль Шарапаў "Сённяшняе і заўтрашняе сталіцы"
- Анатолъ Вялюгін, Тарас Хадкевіч "Рукі дружбы"
- Мікола Ткачоў "Сцяг ветэрана"
- Тарас Хадкевіч "Мінскі трактар"
- Алесь Асіпенка "Поступ веку"
- Ніл Гілевіч "Мой горад"
- Аляксандр Міронаў "За пераездам"
- Іван Навуменка "Афрыка ў Мінску"
- Іван Грамовіч "Мінскія поры года"
- Сяргей Грахоўскі "Тры песні любві"
- Рыгор Няхай "Мінскія замалёўкі"
- Уладзімір Карпаў "Мінскія сустрэчы"
- Яфім Садоўскі "Андруша"
- Мікалай Аляксееў "Абарона Мінска"
- Кузьма Чорны "Мінск"
- Раман Сабаленка "Першы пробны"
- Янка Скрыган "Падзяка"
- Станіслаў Шушкевіч "Родны горад"
- Яўген Рамановіч "Беларуская хатка"
- Цімафей Саладкоў "Векапомны семнаццаты"
- Антон Бялевіч "Камароўка"
- Уладзімір Караткевіч, Адам Мальдзіс "Горад паўстае. 1863-1864"
- Кастусь Кірэенка "Вуліца Янкі Купалы"
- Аляксей Русецкі "Аб Мінску"
- Алесь Бачыла "Самы лепшы горад"
- Еўдакія Лось "Мінчанка"
- Алесь Звонак "Ленінскі праспект"
- Міхась Калачынскі "На мінскіх вуліцах"
- Мікола Хведаровіч "Красуй, наш Мінск"
- Максім Лужанін "У роднай сталіцы"
- Максім Танк "Табе складаю гэты гімн"
- Аляксей Зарыцкі "Лебедзі"
- Анатоль Вялюгін "Палац піянераў"
- Васіль Вітка "Няміга"
- Пятро Глебка "Дзень вайны"
- Аркадзь Куляшоў "Вуліца Маскоўская"
- Анатоль Астрэйка "Плошча Свабоды"
- Піліп Пестрак "Кірмаш" Урывак з паэмы
- Янка Купала "Водклік з 29 кастрычніка 1905 г. у Мінску"
- Мікола Аўрамчык "Домік I з'езда РСДРП"
- Рыгор Барадулін "Мянеск"
- Пімен Панчанка "Слова пра Мінск"
- Павал Севярынец. "Нацыянальная ідэя". Вытрамкі.
- Прывілей Менску на Магдэбургскае права 1499 года
- Вуліца Валадарскага, 13. Дом фон Гельперсен.
- Вуліца Ракаўская, 14. Дом Рубінштэйна.
- Вуліца Рэвалюцыйная, 15. Дом Бакштанскага.
- Вуліца Ракаўская, 17, дом Чэрчыса.
- Вуліца Герцэна, 4. Дом Вігдорчыкаў
- Вуліца Валадарскага, 4. Дом Старобінскай.
- Вуліца Рэвалюцыйная, 13. Дом Варгафціка
- Вуліца Камсамольская, 7
- Вуліца Рэвалюцыйная, 24. Дом Залкінда.
- Вуліца Рэвалюцыйная, 11. Дом Фішэра.
- Вуліца Рэвалюцыйная, 22. Дом Фішэра.
- Вуліца Рэвалюцыйная, 28. Дом Ельскіх.
- Рашэньне Менскага гарадзкога Савета дэпутатаў ад 5 верасьня 1991 г. №167 "Аб гербе г.Мiнска i аб вяртаннi гораду яго гiстарычнай назвы Менск"
- Галіна Булыка "Стары Менск"
- Брылевічы
- Вуліца Савецкая, 17
- III Дом Саветаў. Вуліца Максіма Багдановіча, 23.
- I Дом Саветаў, вуліца Савецкая, 19
- Адкрыты ліст гісторыкаў аб неабхонасьці спыненьня гвалтоўнага разбурэньня гістарычнага цэнтра Менска
- М Валодзін "Койдановская", верш
- М.Валодзін "Музыкальный переулок", верш
- М. Валодзін "Соборная площадь", верш
- Ракаўская вуліца, 24.
- Вуліца Рэвалюцыйная, 4 і 6.
- Аб зацьверджаньні сьпіса будынкаў і збудаваньняў, якія зьяўляюцца аб'ектамі гісторыка-культурнай спадчыны ў межах гістарычнага цэнтра Менска
- Перайменаваньні менскіх вуліцаў падчас нямецкай акупацыі
- Антон Адамовіч "Менску (на ўгодкі вялікае пажогі)"
- Ведамасныя жылыя дамы ў цэнтры Менска
- Рэвалюцыйная вуліца
- Ленінградская вуліца


Наш гузік



код гузіка



Лічыльнікі