19 верасня 1952 года ў Мінску выйшаў на маршрут першы тралейбус.
Паводле слоў намесніка генеральнага дырэктара КУП "Мінсктранс" Уладзіміра Канопчанкі, першая чарга тралейбусных зносінаў злучыла чыгуначны вакзал з тагачаснай Круглай плошчай.
На сёння рухомы парк тралейбусаў у сталіцы налічвае больш за тысячу машын, да паслуг пасажыраў 67 тралейбусных маршрутаў агульнай працягласцю 1440 кіламетраў. Напрыклад, нядаўна былі ўведзены ў эксплуатацыю два маршруты па вуліцы Гарэцкага, якія злучылі Паўднёвы Захад і Сухарава. А да 2009 года ў Мінску адновіць сваю працу тралейбусны парк № 1, які з тэрыторыі, прылеглай да Плошчы Перамогі, "пераедзе" ў мікрараён Уручча-6. Мяркуецца, што з новага парка на лінію будуць выходзіць 200 тралейбусаў.
Рухомы парк машын увесь час абнаўляецца. Напрыклад, сёлета да канца года, акрамя машын, якія паступілі ўжо ў тралейбусныя паркі, чакаецца "папаўненне" — яшчэ больш за 110 "рагатых".
Паводле слоў Уладзіміра Канопчанкі, разлічваюць транспартнікі і на навінку "Белкамунмаша" — новую мадэль тралейбуса чацвёртага пакалення, выпуск якой плануецца распачаць летам наступнага года. Гэта машына вялікай умяшчальнасці, з камфартабельным салонам і, што таксама істотна, энергаэканамічная.