У 2009 годзе культурнай сталіцай Еўропы стане Вільня
Праз два гады Літва будзе адзначаць тысячагоддзе першай згадкі аб ёй у летапісах. Вось чаму Вільня першая са сталіц новых краін Еўрапейскага Саюза атрымала такі ганаровы тытул. Рэалізацыя праектаў у рамках гэтай праграмы будзе каштаваць Літве 23 млн еўра, 60 працэнтаў з якіх выдзяляе Урад Літвы, астатнія выдаткі бярэ на сябе самакіраванне Вільні.
Плануецца ажыццявіць 400 праектаў, 250 - у гэтым годзе, астатнія - ў наступным. Толькі адзін праект будзе фінансавацца Еўрапейскім Саюзам.
Аднак, на прэс-канферэнцыі, прысвечанай праграме “Вільня-2009” былы мэр літоўскай сталіцы Артурас Зуокас зазначыў: “Мы разлічваем прыцягнуць еўрапейскія грошы на развіццё інфраструктуры”.
Ужо зараз можна ўбачыць як Вільня рыхтуецца да 2009 года: ідзе рэканструкцыя гістарычных будынкаў, прайшоў музычны фестываль “Be2gether”, які быў, па словах арганізатараў, толькі рэпетыцыяй таго фестывалю, што адбудзецца праз два гады, а па вуліцах Вільні ездзяць аўтобусы і тралейбусы з партрэтамі кампазітараў, музыка якіх і гучыць у гэтых транспартных сродках. Культура таксама патрабуе рэкламы!
У 2009 арганізатары абяцаюць Літву зрабіць краінай фестываляў і правесці фестывалі оперы, электроннай музыкі, яўрэскай музыкі, субкультуры, рок-фестываль “Be2gether” на мяжы з нашай краінай.
Даведка. У 1985 годзе па ініцыятыве міністра культуры Грэцыі Меліны Мэркуры Еўрапейскі Саюз распачаў праграму “Культурная сталіца Еўропы”. Лічыцца, што гэта самая ўдалая праграма ЕС у плане культуры. За апошнія 22 гады больш за 30 гарадоў краін ЕС атрымалі гэты тытул. Мэта - пазнаёміць еўрапейцаў з культурным і гістарычным набыткам краін ЕС, а таксама выпрацаваць доўгатэрміновую праграму развіцця еўрапейскіх гарадоў. У 2007 годзе культурнымі сталіцамі Еўропы з’яўляюцца Люксембург і Сібіу (Румынія). Эстонія, Латвія і Польша атрымаюць права зрабіць адзін са сваіх гарадоў сталіцай Еўропы адпаведна ў 2011, 2014, 2016 гадах.