24-26 жніўня на мяжы Эўразьвязу і Беларусі адбудзецца грандыёзны фэстываль з удзелам вядучых эўрапейскіх камандаў. Акцыя ладзіцца ў Нарвялішках, літаральна ў некалькіх мэтрах ад беларуска-літоўскай мяжы. Арганізатары запрасілі да ўдзелу вядучыя літоўскія, польскія і беларускія каманды, а ў якасьці хэдлайнэраў тут выступяць гурты Poets of the Fall, Leaves, Joana & the Wolf ды іншыя. “Эўрапейская культура ня мае межаў”, - заяўляюць арганізатары фэсту, якія разьлічваюць сабраць 25 000 гледачоў.
be2gether – гэта спэцыяльны праект, які рэалізуецца пры падтрымцы літоўскіх уладаў з мэтаю адзначыць культурнае адзінства эўрапейскіх нацыяў. “Невыпадкова мы абралі месца для правядзеньня гэтага фэсту паблізу ад Беларусі, - кажа адзін з арганізатараў фэсту. - Часам літоўска-беларускую мяжу называюць апошняй мяжой Эўразьвязу. За калючым дротам знаходзіцца цудоўная краіна, якая знаходзіцца ў ізаляцыі праз сваё палітычнае становішча. Але людзі па адбодва бакі мяжы маюць супольныя эўрапейскія карані, гісторыю, культуру, спадчыну і прыроду”. Сярод заяўленых беларускіх гуртоў у be2gether возьмуць удзел Drum Ecstasy і “Ляпіс Трубяцкой”, але арганізатары плянуюць запрасіць яшчэ некалькі камандаў з нашай краіны. Літву на фэсьце прадставяць мясцовыя рок-зоркі – Андрус Мамантовас, гурты IR і “Mountainside”. З апошнімі, дарэчы, вядуць перамовы арганізатары “Басовішча” наконт удзелу ў сёлетнім фэсьце. Сярод хэдлайнэраў фэсту – польскі гурт Myslovitz, а таксама “Poets of the Fall” зь Фінляндыі, “Leaves” з Ісьляндыі, брытанцы “Joana & the Wolf” ды іншыя. Усяго плянуецца запрасіць ля 30 гуртоў – па 10 выступаў на кожны з фэстывальных дзён. Канцэрты пройдуць на дзьвюх сцэнах, якія будуць месьціцца непадалёк ад Нарвяліскага палацу.