Мова Беларускага радыё

Калі я ляжаў у больніцы, на вялікае зьдзіўленьне (як такое прапусьцілі?!) пачуў па радыё словы настаўніцы з Камянецкага раёну: «Раней я казала сваім вучням: «Слухайце беларускае радыё. Там самая чыстая беларуская літаратурная мова». Цяпер кажу ім: «Ні ў якім разе ня слухайце беларускага радыё. Чаму вы там навучыцеся?! Там суцэльная непісьменнасьць: і ў скланеньні, і ў спражэньні, і ў націсках, і ў плойме русізмаў, якія дыктары‑вядоўцы сёньня «ляпаюць» у эфір, ня думаючы нават, што пра іх непісьменнасьць падумаюць тыя, хто мову добра ведае, зусім ня думаючы, што гэтым самым абражаюць, крыўдзяць слых сваіх слухачоў, тых, хто адбірае, слухае іхнюю непісьменную мову».

Дальбог, яна мела абсалютную рацыю. Чаго толькі ні пачуеш на нашым беларускім радыё, у жывым эфіры, дзе да перадач амаль ніхто не рыхтуецца, як гэта рабілі ранейшыя дыктары.

Расейцы, французы і іншыя народы, якія сябе паважаюць, абараняюць чысьціню сваёй мовы на дзяржаўным узроўні. Прымаюць нават законы, якія дапамагаюць іхняй мове жыць паўнакроўна.

У нас таксама ёсьць «Закон аб мове». Але яго ніхто не выконвае. Наадварот, у нас на дзяржаўным узроўні ўведзенае такое глупства, як дзьвюхмоўе. Кожны павінен валодаць і расейскай, і беларускай мовамі. А што атрымліваецца папраўдзе?

Пераважная большасьць дыктараў нашага радыё ўжо ня могуць вымаўляць дз, цьвёрдыя ц і ч — самыя характэрныя гукі беларускай мовы (успомніце нашага народнага паэта Пімена Панчанку, ягоныя «звонкае «дзе» і густое «чаго»!). Большасьць жа сёньняшніх дыктараў (яны пераважна «мінчяне») гаворыць: шшаслівы, деті, удельнікі, багаттяў, двацать, прыгажость і нават вошы (замест вочы!).

У Расеі або Польшчы таго, хто так вымаўляе гукі мовы, на якой трэба весьці перадачу, на гарматны стрэл не падпусьцілі б да мікрафону. У нас жа ўсё можна.

Успамінаю, як у 1961—1962 г., прайшоўшы тры этапы конкурсу, мы гадзінамі пад кіраўніцтвам Тамары Старасьценкі паўтаралі: «Дзе цётчынаму дзядзьку дзецца?», «Ці лілі алей у бульбу?».
Уяўляеце, каб Янка Купала пачуў, што ягоны «Курган» чытаюць: «Дрэмле памятка дён, Што ў нябыт утяклі: Удірванелы курган (з г выбухным) векавешны». Якая была б ягоная рэакцыя? А на нашым радыё так чытаюць Купалавы творы артысты з Расейскага тэатру. Ня іхняя гэта віна, што ў іх так сфармаваны артыкуляцыйны апарат, зусім іншая рэч, што іх акурат запрашаюць чытаць клясыку беларускай літаратуры найчасьцей некваліфікаваныя кіраўнікі і рэдактары.

Націскі. Многія з тых, хто вядзе перадачы на радыё, ня ведаюць значэньня слова, ня ведаюць, куды ставіць націск у ім. Таму чую па радыё: рыкае (рыкае), камень (камень), каталаг (каталог), правадзіць (праводзіць), чаравікі (чаравікі), сабралі (сабралі), пра бусла (пра бусла), вусы (вусы), нават нанес (трэба нанёс, але расейцы ня ставілі над ё кропак (цяпер ужо ставяць), таму «зь ліста» дыктары чытаюць без падрыхтоўкі такое глупства, інакш яго не назавеш), шшасьліва (шчасьліва), заглянуць (заглянуць), прынята (прынята), паклапацімся (паклапоцімся) і тысячы іншых прыкладаў. Тут дыктарам «дапамагаюць» «грамацеі»‑рэдактары, якія рыхтуюць тэксты.

Праходзіць нязьмерная колькасьць русізмаў. Пачуў: вапіць сырэна (лямантуе), няштатны (пазаштатны), ярмарка (кірмаш), будзь то аматарскі (па‑беларуску: ці, ці; або, або), менш месяца (менш за месяц), старая сабака (па‑беларуску: стары сабака), суправаждаецца (суправаджаецца), тры шляха (тры шляхі), у палітыкі (у палітыцы), тронула песьня (кранула), застацца ў руля (за рулём), забівацца (у сэнсе хавацца куды‑небудзь), узьняць затанулы карабель (падняць), два ручая (два ручаі), завінавацілі (сталі вінаватыя, павінны) — такое часта чуеш і па тэлевізары, прынесьці прабачэньні (па‑беларуску просяць прабачэньня), палутара (паўтара), навучная (навуковая), збор хлеба (па‑беларуску — збожжа, збажыны), па законам (па законах), закупае (закупляе), чудак (па‑беларуску дзівак), далі Курбека (Курбеку), кнігі не падобныя сучасным (да сучасных), памятнікі архітэктуры (помнікі), стакан (шклянка), карманныя расходы (кішэнныя), страда (гарачая пара, уборачная), сарочка (кашуля, бо сарочка ў беларусаў — сподняе адзеньне).

Чыноўнікі, нягледзячы на дзьвюхмоўе, якое замацавана ў Канстытуцыі, гавораць усе (на сто працэнтаў!) па‑расейску, ігнаруючы нейкую там беларускую мову. Нават супрацоўнікі Міністэрства асьветы на чале зь міністрам. Вядоўцы, выгінаючы па‑рабску перад імі сьпіны, ні каліўца не саромеючыся, не вядуць за сабою, а адразу пераходзяць на расейскую мову. Таму і радыё атрымліваецца не беларускае, а нейкае арэнбурскае, самарскае. Дайшлі ўжо да таго, што вясковых бабулек прымушаюць гаварыць на «трасянцы».

Тое самае і з большасьцю артыстаў сталічных беларускіх тэатраў, якія пераважна не валодаюць сваім асноўным інструмэнтам — моваю, а словы роляў, як папугаі, паўтараюць са сцэны па‑беларуску, пераважна таму і ня могуць імправізаваць на беларускай мове. Тое самае з удзельнікамі розных гуртоў, асабліва сьпевакамі, музыкантамі, танцорамі і г.д. Дайшло ўжо да таго, што, скажам, сьпявачкі‑даяркі з Чэрвеншчыны даюць інтэрвію на вельмі дрэннай расейскай мове. Дзе ім ведаць беларускую літаратурную мову, калі яе слаба вывучаюць у большасьці вясковых школ, ня кажучы ўжо пра горад, ВНУ? А самому навучыцца мове ня так проста, калі дзяржаўная палітыка вядзе да русіфікацыі.

Колькі б ні пісалі і Я.Скрыган, і В.Рабкевіч, і іншыя, што па‑беларуску гаварыць і пісаць у першы (дзявяты) раз (па‑расейску — в первый (девятый) раз) — непісьменна. Навошта тут гэтае ў? Трэба гаварыць і пісаць першы раз, прэмія 10 тысяч рублёў (а не ў 10 тысяч рублёў), за 20 кілямэтраў (а не ў 20 кілямэтрах). Але хто чытае, як трэба правільна гаварыць і пісаць з супрацоўнікаў цяперашняга радыё?

Фразэалёгія — адметнасьць кожнай мовы. Найчасьцей фразэалягізмы не перакладаюцца на другую мову. Трэба шукаць найбольш выразныя адпаведнікі. А на радыё, дзе галоўны перакладчык рэдактар, а то і машыністка, якія ў побыце не карыстаюцца беларускай моваю, фразэалягізмы пераважна калькуюцца. Нават такі вопытны пісьменьнік, як І.Шамякін, пісаў: морда просіць цагліны. Гэта самая ардынарная калька з расейскага «морда просит кирпича». Як нясмачна, а галоўнае — непісьменна, не перадае зьместу зьявы. У народзе, чутае на Палесьсі, кажуць: морда як альховы пень. Лягічна абсалютна. Калі алешыну сьпілоўваюць, пень яе становіцца чырвоны. Ці «улитка едет — когда‑то будет». Чуў: сьлімак паўзе — пачанку вязе. «Не до жиру — быть бы живу!» у народзе пераклалі: не да тлушчу — зьесьці б гушчу. Дык не калькуйце, а шукайце!

Слова «жанцы» дыктары часта вымаўляюць як «жняцы». Але ж яшчэ ў народнай песьні было: «Жэнчыкі (ня жнечыкі!) маладыя, у іх сярпы залатыя». Трэба такое запамінаць на ўсё жыцьцё.

Слова «ўласны» зацягана на нашым радыё да немажлівасьці: уласныя думкі, уласная работа, на ўласныя вочы (хоць у народзе гавораць: на свае вочы) і г.д.

Паўгады. Ніводзін беларускі слоўнік не дае гэтага непісьменнага слова‑калекі. Радыё ж выкарыстоўвае. На вялікі жаль, ім карыстаецца той‑сёй і ў друку. І ніхто не паправіць! Год — назоўнік мужчынскага роду. Чаму ў родным склоне чаго? Году. Палова яго — паўгоду. У любым родзе — мужчынскім, жаночым, ніякім.

Вельмі часта ў эфір ідуць формы і словы, як яны напісаныя ў тэксьце, а ня так, як трэба вымаўляць па‑беларуску, паводле характэрнай беларускай артаэпіі: свята (сьвята), песня (песьня), снег (сьнег), выданне (выданьне) і г.д. Гэта ведае кожны вучань, а супрацоўнікі радыё ігнаруюць настойліва. Як вымаўляюць беларускія словы, паказана ў «Слоўніку беларускай мовы» пад рэдакцыяй акадэміка М.Бірылы, у працах прафэсара Ф.Янкоўскага і інш. Такія слоўнікі павінны быць на радыё ў кожнага пад рукою. Выйшлі яны, праўда, ужо даўнавата.

Рэкляму перадаюць толькі па‑расейску. Гэта яшчэ адна з крыніц русіфікацыі беларускага радыё. Быццам беларусы такія няздары, што рэклямы на роднай мове не зразумеюць. Для каго ж тады яна? Для замежжа? І сьмешна перад гэтым часта чуць, што радыё хоча гаварыць «шчыра, шчодра, па‑беларуску». Гэта ж, пагадзіцеся, чыстай вады дэмагогія, фальш, хлусьня ў вочы, дакладней, у вушы.

Дзе з усяго сказанага вышэй выйсьце? Трэба вучыцца. Часьцей заглядаць у слоўнікі. Выдаецца іх нямала. Пераймаць тых, хто добра валодае жывой, паточнай мовай, як, напрыклад, міліцэйскі работнік Віктар Бабей. Ах, як ён натуральна, прыгожа гаворыць. Многія гора‑дыктары могуць яму пазайздросьціць.

Трэба працаваць над складаньнем радыёпраграм, што апошнім часам чамусьці зусім забыта. Чаму ігнаруецца беларуская літаратура, якая мае творы ня толькі эўрапейскага, але і сусьветнага ўзроўню? Дзе перадачы «Тэатар перад мікрафонам», канцэрты на заяўкі слухачоў, фэстывалі гумару накшталт аўцюкоўскага ды многае іншае? Ці даўно вы чулі канцэрт Ф.Шаляпіна, М.Забэйды‑Суміцкага, Л.Русланавай, А.Александроўскай, казкі для дзяцей у выкананьні Г.Глебава, Л.Ржэцкай, «Паўлінку» з карыфэямі сцэны Г.Глебавым і У.Дзядзюшкам, «Навальніцу» А.Астроўскага з удзелам М.Савінай, В.Далматава, Г.Фядотава, А.Яблачкінай, п’есы Горкага, ігру геніяльнага Б.Платонава ў творах К.Крапівы, А.Макаёнка, Янкі Купалы і многае іншае. Шлягеры, папсу круціць гадзінамі найлягчэй.

Адным словам, патрабуюць сур’ёзнага кантролю нашы радыёжурналісты, дыктары, рэдактары. На радыё гэта ня робіцца. Прынамсі, такое адчуваньне. Начальства, кіраўніцтва там такое, якое беларускаю моваю не карыстаецца, ня ведае яе і ведаць ня хоча. А «по долгу службы» і пасады абавязана. Яму добры і брудны эфір. Такога мы, радыёслухачы, ня хочам слухаць. Вучоба акурат і дасьць мажлівасьць рабіць перадачы больш цікавымі, больш пісьменнымі, беларускімі, мілагучнымі, больш разнастайнымі, як гэта было ў часы, калі радыёкамітэтам кіраваў Генадзь Бураўкін. Час ужо настаў даўно.

Янка Саламевіч



Ад Рэдакцыі. На радыё амаль не пачуеш беларускамоўных людзей. Ці пусьцяць на радыё Арлова, Бураўкіна, Мілінкевіча, Пазьняка, Радзіма Гарэцкага, Лявона Вольскага? Спадар Саламевіч ставіць дыягназ, але не канстатуе прычыну хваробы. Зробім гэта мы за яго. У большасьць рэдакцый радыё, як і на БТ, падбіраюць людзей ня столькі паводле прафэсійных якасьцяў, абы былі «ідэалягічна верныя». Такіх, якія ні слова крамолы не падпусьцяць. А мова ім — як сабаку пятая нага. Пакідаюць яе для прыліку, каб добры наш народ не перастаў лічыць гэтую ўладу беларускай.

Дзе ж выйсьце? Тут, нябожа, вучэньне не паможа, тут іншае...
Наша Ніва

 2007-03-09 13:54:49 Версия для печати

Папярэднія навіны

- Тозик предложил Китаю поучаствовать в реализации проекта "Минск-Сити"
- Бизнес-союзы Калинина и Карягина должны перенести Червенский рынок до 1 июня
- В Минске разработают единую концепцию застройки пр. Победителей
- Ладутько рассказал об автовокзале "Московский", застройке Уручья и историческом центре Минска
- Города-спутники могут появиться вокруг областных центров Беларуси
- Замминистра архитектуры: "Понятие "микрорайон" должно уйти в прошлое"
- Парки Минска готовятся к открытию сезона аттракционов
Туут Аархіў нававiнаў Стужка навінаў у RSS | Архіў навінаў па месяцох


Апошняе ў праекце

1. Інстытут фізкультуры. 1976-2006
2. Прывакзальная плошча 1954-2006
3. Прывакзальная плошча. 1956-2006
4. Вуліца Камсамольская з боку вуліцы Кірава. 1950-я-2006
5. Вуліца Камсамольская, жылы дом на скрыжаваньні з вуліцай Карла Маркса. 1951-2006
6. Спуск да праспэкта з боку вуліцы Чырвонаармейскай. 1956-2006
7. Вуліца Карла Маркса, скрыжаваньне з вуліцай Валадарскага. Пач. XX ст.-2006
8. Касьцёл Прысьв. Дзевы Марыі і будынак былога езуіцкага калегіюма. 1917-2006
9. Плошча Свабоды. Будынак былога базыліянскага кляштара. Кан. XIX ст.-2006
10. Плошча Свабоды. Вуліца Кірылы і Мяфодзія. 1918-2006
11. Плошча Свабоды. Катэдральны праваслаўны сабор Сьв. Духа. Кан. XIX ст.-2006
12. Тэатар імя Янкі Купалы. 1931 - 2006
13. Расейскі драматычны тэатар. 1929 - 2006.
14. Вуліца Карла Маркса. Музэй гісторыі і культуры Беларусі. 1938 - 2006
15. Скрыжаваньне вуліцаў Карла Маркса і Леніна. 1939 - 2006.
16. Праспэкт Незалежнасьці і ўваход у Цэнтральны сквэр. 1938 - 2006.


Меню



Пошук


 


Фотазамалёўкі


· Іншы Менск

polack.by – Сайт о городе Полоцке.


Апытаньне


На якой мове павінны гучаць абвесткі на менскім чыгуначным вакзале, ці дублявацца на некалькіх?

На беларускай
На расейскай
На беларускай і расейскай
На беларускай і польскай
На беларускай і ангельскай
На беларускай, расейскай і ангельскай
На беларускай, расейскай і польскай
На беларускай, польскай і ангельскай
На расейскай і ангельскай



Вынікі

Адказаў 1597
Іншыя апытаньні


Апошняе на форуме


Няма дадзеных


Апошнія артыкулы


- Васіль Шарапаў "Сённяшняе і заўтрашняе сталіцы"
- Анатолъ Вялюгін, Тарас Хадкевіч "Рукі дружбы"
- Мікола Ткачоў "Сцяг ветэрана"
- Тарас Хадкевіч "Мінскі трактар"
- Алесь Асіпенка "Поступ веку"
- Ніл Гілевіч "Мой горад"
- Аляксандр Міронаў "За пераездам"
- Іван Навуменка "Афрыка ў Мінску"
- Іван Грамовіч "Мінскія поры года"
- Сяргей Грахоўскі "Тры песні любві"
- Рыгор Няхай "Мінскія замалёўкі"
- Уладзімір Карпаў "Мінскія сустрэчы"
- Яфім Садоўскі "Андруша"
- Мікалай Аляксееў "Абарона Мінска"
- Кузьма Чорны "Мінск"
- Раман Сабаленка "Першы пробны"
- Янка Скрыган "Падзяка"
- Станіслаў Шушкевіч "Родны горад"
- Яўген Рамановіч "Беларуская хатка"
- Цімафей Саладкоў "Векапомны семнаццаты"
- Антон Бялевіч "Камароўка"
- Уладзімір Караткевіч, Адам Мальдзіс "Горад паўстае. 1863-1864"
- Кастусь Кірэенка "Вуліца Янкі Купалы"
- Аляксей Русецкі "Аб Мінску"
- Алесь Бачыла "Самы лепшы горад"
- Еўдакія Лось "Мінчанка"
- Алесь Звонак "Ленінскі праспект"
- Міхась Калачынскі "На мінскіх вуліцах"
- Мікола Хведаровіч "Красуй, наш Мінск"
- Максім Лужанін "У роднай сталіцы"
- Максім Танк "Табе складаю гэты гімн"
- Аляксей Зарыцкі "Лебедзі"
- Анатоль Вялюгін "Палац піянераў"
- Васіль Вітка "Няміга"
- Пятро Глебка "Дзень вайны"
- Аркадзь Куляшоў "Вуліца Маскоўская"
- Анатоль Астрэйка "Плошча Свабоды"
- Піліп Пестрак "Кірмаш" Урывак з паэмы
- Янка Купала "Водклік з 29 кастрычніка 1905 г. у Мінску"
- Мікола Аўрамчык "Домік I з'езда РСДРП"
- Рыгор Барадулін "Мянеск"
- Пімен Панчанка "Слова пра Мінск"
- Павал Севярынец. "Нацыянальная ідэя". Вытрамкі.
- Прывілей Менску на Магдэбургскае права 1499 года
- Вуліца Валадарскага, 13. Дом фон Гельперсен.
- Вуліца Ракаўская, 14. Дом Рубінштэйна.
- Вуліца Рэвалюцыйная, 15. Дом Бакштанскага.
- Вуліца Ракаўская, 17, дом Чэрчыса.
- Вуліца Герцэна, 4. Дом Вігдорчыкаў
- Вуліца Валадарскага, 4. Дом Старобінскай.
- Вуліца Рэвалюцыйная, 13. Дом Варгафціка
- Вуліца Камсамольская, 7
- Вуліца Рэвалюцыйная, 24. Дом Залкінда.
- Вуліца Рэвалюцыйная, 11. Дом Фішэра.
- Вуліца Рэвалюцыйная, 22. Дом Фішэра.
- Вуліца Рэвалюцыйная, 28. Дом Ельскіх.
- Рашэньне Менскага гарадзкога Савета дэпутатаў ад 5 верасьня 1991 г. №167 "Аб гербе г.Мiнска i аб вяртаннi гораду яго гiстарычнай назвы Менск"
- Галіна Булыка "Стары Менск"
- Брылевічы
- Вуліца Савецкая, 17
- III Дом Саветаў. Вуліца Максіма Багдановіча, 23.
- I Дом Саветаў, вуліца Савецкая, 19
- Адкрыты ліст гісторыкаў аб неабхонасьці спыненьня гвалтоўнага разбурэньня гістарычнага цэнтра Менска
- М Валодзін "Койдановская", верш
- М.Валодзін "Музыкальный переулок", верш
- М. Валодзін "Соборная площадь", верш
- Ракаўская вуліца, 24.
- Вуліца Рэвалюцыйная, 4 і 6.
- Аб зацьверджаньні сьпіса будынкаў і збудаваньняў, якія зьяўляюцца аб'ектамі гісторыка-культурнай спадчыны ў межах гістарычнага цэнтра Менска
- Перайменаваньні менскіх вуліцаў падчас нямецкай акупацыі
- Антон Адамовіч "Менску (на ўгодкі вялікае пажогі)"
- Ведамасныя жылыя дамы ў цэнтры Менска
- Рэвалюцыйная вуліца
- Ленінградская вуліца


Наш гузік



код гузіка



Лічыльнікі