Менск — дзіўнае места

У Франкфурце-на-Майне выйшаў па-нямецку раман Артура Клінава «Менск. Горад СОНца». Новую кнігу прачытаў Алесь Кудрыцкі.

Менск — дзіўнае места, якое вольна абыходзіцца з прасторай і часам. Яго праспэкты, палацы, заводы, шматпавярхоўкі лёгка загортваюцца ў мяккую зялёную вокладку ды зьмяшчаюцца ва ўнутранай кішэні паліто. «Малая падарожная кніжка па Горадзе СОНца», створаная Артурам Клінавым і надрукаваная нямецкім выдавецтвам «Suhrkamp» пад нямецкаю назваю «Менск. Горад СОНца» — гэта зьлепак душы гораду, такога, якім мы яго бачым заўжды і ня бачылі яшчэ ніколі.

Выдадзены летась у Менску выдавецтвам Логвінава фотаальбом «Горад СОНца» аўтар назваў «візуальнай паэмай». «Малая падарожная кніжыца» — яе пераклад, ня толькі зь беларускай на нямецкую, але найперш з мовы выяваў на мову словаў.

Мы жывём у Горадзе Сонца, у сьне, які стаў явай, сьцьвярджае Артур Клінаў у сваёй кнізе, якая робіцца летапісам Краіны, жыцьцяпісам Гораду і ўспамінамі Аўтара, якія існуюць у паралельных, але дужа падобных сусьветах. «Утопія ня стане Рэальнасьцю. Але Рэальнасьцю можа зрабіцца ілюзія ўвасабленьня Ўтопіі».

«Што я добра памятаю зь дзяцінства, дык гэта тое, што мы жылі ў шчасьлівым грамадзтве. Ці быў я шчасьлівы, ня памятаю. Хутчэй за усё, не». Артур Клінаў пачынае сваю кнігу ўспамінамі дзяцінства, і гэта непрыхаваны эгаізм аўтара. Гартаючы кнігу, чытач паволі разумее, чаму праблема дзіцячай памяці радыкальна важная для разуменьня таго, як Менск ператварыўся ў Горад СОНца. Але гэта — потым, а пакуль Клінаў, нібы Дантэ, вядзе чытача да Плошчы Брамаў Гораду Сонца праз змрочны чысьцец, вусьцішны цэх на мяжы Краіны Шчасьця, у якім цягніку мяняюць колы «нейкія маленькія людзі, апранутыя ў цёмныя зашмальцаваныя робы».


«Па сутнасьці, камуністычная ідэя ёсьць праектам пабудовы ўсеагульнага Шчасьця, — сьцьвярджае Клінаў. — Вырай на Зямлі, Месца, якога няма, Утопія...» Задума, аднак, пацярпела паразу: «Тое, што камуністычны праект у Савецкім Саюзе зьяўляўся, па сутнасьці, расейскім праектам, вызначыла катастрафічныя вынікі ягонага ўвасабленьня». Паводле аўтара, расейцы — народ, якому стагодзьдзі гвалту і прыгнёту пашкодзілі маральны код, людзі, якімі валодае «ня проста жаданьне, але нястрымная прага здабыць сацыяльную Справядлівасьць», а менавіта — мець права на Шчасьце. Зрэшты, Клінаў не выключае, што праект пабудовы ўсеагульнага шчасьця на Зямлі мог нарадзіцца толькі ў такога ірацыянальнага народу, як расейцы. «Але Краіну Шчасьця, калі яна ў прынцыпе магчымая, ня здольныя увасобіць несвабодныя людзі», — лічыць аўтар. Так ці інакш, спроба зьдзейсьніць праект была, і адным зь яе прадуктаў стаўся Горад Сонца.

Клінаў апісвае гісторыю супрацьборства Княства і Імпэрыі, якая, нарэшце, перамагла. Ён занатоўвае летапіс гораду, які «ўзьнік на Бяссоньні, рацэ, якая, калі сюды прыйшла Імпэрыя, схавалася пад зямлёй, сталася падземнай вадой». Зноўку ўзгадваючы дзяцінства, Клінаў зь любоўю малюе чытачу старое места, замест якога палонныя Вялікай Вайны збудавалі Браму да сапраўднага Гораду Сонца.

Клінаў стварае пэйзажы, вартыя Толкіена: «З поўначы і поўдня, з захаду і ўсходу Горад атачалі незьлічоныя багны, якія стваралі яму вельмі адмысловы клімат… Над Горадам Сонца зьзяла Сонца. Яно вісела прама над ім, але не патрапляла ў яго. Аказваецца, яно было над Горадам заўсёды». Апісаньне нагадвае як нататкі вандроўнікаў-фантазёраў старажытнасьці, так і сусьветы?містыфікацыі, апісаныя Борхесам. Але мароз ідзе па скуры, калі разумееш, што Клінаў піша не пра выдуманыя, а пра рэальныя — нашыя — горад і краіну.

Падобна як у «Горадзе Сонца» Тамаза Кампанэлы, Краінай Шчасьця, а значыцца і Горадам Сонца, кіруе Мэтафізік. Ён сутнасна не зьмяняецца з часам, хіба што прымае новыя абліччы па меры таго, як памірае яго чарговае фізычнае ўвасабленьне. Клінаў здолеў абстрагаваць, ператварыць у мадэль, нэўтралізаваць савецкасьць Менску. Пяціканцовыя зоркі, сярпы, молаты губляюць палітызаванасьць і ператвараюцца ў знакі, містычныя сымбалі ўлады Краіны Шчасьця.

Гэта Краіна будуецца на прынцыпе трыадзінства Рабства, Братэрства і Справядлівасьці: «Братэрства ў Рабстве ды Справядлівасьць як інстытут пакараньня для тых, хто не прымае такога Братэрства». Клінаў апісвае паганскі пантэон Краіны Шчасьця. Богі — памерлыя Мэтафізікі Ленін і Сталін, Маркс — прарок, які стварыў сьвятарную кнігу Капітал. Перад чытачамі праходзіць бясконцы шэраг дэміюргаў — стваральнікаў Краіны Шчасьця: Вялікі Камуніст, Вялікі Рабочы, Вялікі Жаўнер, Вялікі Навуковец, Вялікі Касманаўт, Вялікі Сталявар, і г. д. Узгадваецца таксама мясцовы культ Вялікага Партызана — героя Вайны з Гігантамі Трэцяга Райху.

Менск меўся быць Брамай, празь якую вандроўнік мусіў праехаць, дзівуючыся яе прыгажосьці, і кіравацца далей на ўсход, да Гораду Сонца, сталіцы Краіны Шчасьця. Клінаў апісвае горад без замілаваньня, але і безь нянавісьці: ён глядзіць на яго як архітэктар і як мастак. Для аўтара Горад, дзе па кобальтавым небе плывуць «белыя статуі ватных багоў», мае «дзіўны нэкрарамантычны эрас». Клінаў захапляецца гульнёй ценяў, якія адкідваюць гмахі: «Прастора любога эўрапейскага гораду надта шчыльная, задужа запоўненая, каб цень магла так рэльефна сябе прамаляваць». Геамэтрыя Гораду «стваралася дзеля залатога сячэньня, але ў ёй чамусьці не ўлічылі ды забыліся пакінуць месца для цябе». Тым часам Двары Гораду Сонца — супрацьлегласьць яго вывераным фасадам, тут пануе бязладнасьць і бессыстэмнасьць.

Клінаў апісвае Горад Сонца як мастак-пэдант, а горад свайго дзяцінства — як мастак-рамантык. «Няміга была прасякнута гэтым салодкім напамінам спрадвечнага ачага», — піша ён. Гэта было жывое места, горад людзей, а не палацаў. Вось чаму стваральнікі Краіны Шчасьця без ваганьняў ператварылі чужы для іх горад Менск у кулісы Ўтопіі, але так і не наважыліся зьнішчыць свае дзіцячыя ўспаміны пра ўласны горад маленства, «не пусьцілі пад нож крамлі ды таганкі, арбаты і пятроўкі, Васіля Блажэннага ды Замаскварэчча», не зрабілі Маскву «Ідэальным Горадам». У выніку тое, што мелася быць усяго толькі прэлюдыяй да Ідэальнага Гораду, сталася ім самім. «Гістарычная Літва, якая цяпер завецца Беларусь, доўга першай прымала ўдары Імпэрыі, пакуль ня сталася пустэльнай зямлёю з Горадам Сонца ў цэнтры яе», — піша Клінаў. «Горад Шчасьця памёр, але засталася цудоўная, ні да чаго не падобная эстэтычная канструкцыя — Сонечны Горад Мрояў».

Але Нямігу зьнішчылі ня толькі будаўнікі — яе зьнішчыў сам Горад Сонца. «Многія потым казалі, што гэта было працягам таго, што Імпэрыя ўжо шмат гадоў тут рабіла раней. Мне ж здаецца, што гэта Горад Сонца патрабаваў новай жыцьцёвай прасторы. Пакуль жыла Няміга, ён ня быў адзіны ў гэтым горадзе. Няміга — яго даўні канкурэнт ды супернік. Пакуль Яна была жывая, Ён ня мог па?сапраўднаму сысьці ў сьвет салодкіх сноў, бо Ён — Сонечны Горад Мрояў, а Яна была Бяссоньніца, Тая, якая ня сьпіць».

Такое дэталёвае апісаньне сучаснага Менску, бадай, не ствараў яшчэ ніхто. Гэтая спустошаная войнамі зямля раней палохала аўтара, а потым паказала яму сваё асаблівае хараство. «Гэта падобна да пустой сцэны, зь якой вынесьлі дэкарацыі, але нячутныя водгукі згранага тут перад самым вашым прыходам спэктаклю яшчэ завісаюць у яе пранізьлівай цішыні. Храм, якога няма. Краіна, якой няма. Народ, якога няма. Горад, якога няма. Востраў, якога няма. Месца, якога няма. Утопія...» Пісьменьнікі найчасьцей апісваюць Менск такім, якім ён быў, ці такім, якім ён мае быць, але найчасьцей такім, якім ён ніколі, бадай, ня будзе. Клінаў апісаў Менск такім, якім ён ёсьць. Мы расплюшчылі вочы і пабачылі, што жывём у сьне. Мы прачнуліся?

***

Катарына Раабэ: «Ён павінен проста быць добрым аўтарам»

Лектар усходнеэўрапейскіх літаратураў пры франкфурцкім выдавецтве «Suhrkamp» распавядае «НН» пра сакрэты посьпеху аўтараў на нямецкім рынку.

«НН»: Ці можна лічыць кнігу посьпехам для выдавецтва «Suhrkamp»?

Катарына Раабэ:Мы лічым яе значным посьпехам. «Горад СОНца» зь цікавасьцю чытаюць і абмяркоўваюць. Гэтая кніга зьдзіўляе, яна запрашае чытача наведаць Менск, і ў той самы час трымаецца крыху воддаль ад сучасных палітычных праблемаў. Клінаў не спэкулюе на стэрэатыпах, што найперш прыходзяць у галаву чалавеку, які думае пра Беларусь.

«НН»: Каму прыйшла ідэя выдаць кнігу Клінава?

КР: Гэта была мая ідэя. Я ўжо на працягу некалькіх год жадала выдаць кнігу пра Беларусь у нашым выдавецтве. Усё пачалося з таго, што разам з польскай выдаўніцай Монікай Шнайдэрман я ўклала кнігу «Былое і згубленае». Гэтая кніга — атляс Эўропы, якая зьнікае. Мы папрасілі розных аўтараў напісаць пра іх гарады, якіх хутка ня будзе, якія зьнішчае гісторыя ці людзі, ці на якія людзі папросту забываюцца. Потым мы зладзілі ў Бэрліне вялікі фэстываль пад такой самай назвай. Пасьля прайшоў сымпозіюм у Літаратурным калёквіюме ў Бэрліне, на якім выступалі і тыя аўтары, чыіх тэкстаў не было ў кнізе, у тым ліку Артур Клінаў. Я праслухала і прагледзела яго прэзэнтацыю зь вялікай цікавасьцю, а пасьля выступу спыталася, ці ня мог бы ён перарабіць сваё эсэ ў невялікую кнігу для «Suhrkamp». Клінаў згадзіўся. Дарэчы, ён выступаў разам з Томасам Вэнцлавам, чыю кнігу пра Вільню мы зараз выдалі паралельна з «Горадам СОНца». Яны цудоўна пасуюць адна да адной.

«НН»: Ці ёсьць у вас пляны выдаць кнігі іншых беларускіх літаратараў?

КР: Кніга Клінава — першая кніга беларускага аўтара, выдадзеная «Suhrkamp». Мы прыглядаемся да некаторых аўтараў, я спрабую вывучыць карціну беларускай літаратурнай сцэны, але пакуль што няма таго аўтара, пра якога магу сказаць: вось, я яго знайшла. Гэта даволі доўгі працэс.

«НН»: Выдавецтва «Suh?rkamp» актыўна прасоўвае на нямецкі кніжны рынак украінскіх аўтараў. Ці чакаць такога і беларусам?

КР: Калі параўноўваць беларускую літаратурную сцэну з украінскай, якая імкліва зрабілася настолькі шырока прадстаўленай у нашым выдавецтве, то сытуацыі моцна адрозьніваюцца. Там была ініцыяльная фігура, Юры Андруховіч, прызнаны літаратар. Я таксама шмат год таму спыталася ў яго, ці ня мог бы ён для нас стварыць кнігу пра сваю краіну. І гэта добра спрацавала, падобна да кнігі Артура Клінава. Але ў выпадку Андруховіча мы змаглі потым пачаць выдаваць яго раманы, якія мелі вялікі посьпех — у выпадку з А.Клінавым усё крыху па-іншаму. Але я спадзяюся, што эфэкт будзе падобным да таго, які быў з кнігай Андруховіча «Апошняя тэрыторыя», якая адчыніла дзьверы, здолела зацікавіць нямецкую публіку.

«НН»: Якім мае быць беларускі аўтар, каб зацікавіць нямецкае выдавецтва?

КР: Гэта заўжды такое складанае пытаньне. Ён павінен проста быць добрым аўтарам. Калі я чытаю ягоныя творы, то павінна мець уяўленьне, як я змагу тутэйшым кнігагандлярам і тутэйшым чытачам прэзэнтаваць яго творы. Ён павінен быць зразумелым нямецкаму чытачу, і адначасова здольным яго зацікавіць. Часта бывае, кніга робіцца папулярнай у пэўнай краіне ці нацыянальнай літаратуры, усе чытачы кажуць, што вось, нарэшце, зьявіўся той вялікі твор. Мы, натуральна, зьвяртаем на яе ўвагу, але часта выяўляецца, што мы ня здольныя яе «расшыфраваць», што ёсьць шмат унутраных алюзіяў, якія мы не разумеем ці якія нам не цікавыя. Кніга не функцыянуе. У выпадку з Клінавым ўсё па?іншаму. Ён расказвае пра сваё дзяцінства, пра свой горад, і карыстаецца геніяльным прыёмам — ставіць фонам сваёй кнігі «Горад Сонца» Тамаза Кампанэла. Атрымалася проста цудоўна.

***

«Зюддойчэ цайтунг» пра раман Клінава

Артур Клінаў зрабіў свайму роднаму гораду вялікую паслугу сваёй вартай увагі кнігай зь ня менш вартай увагі назвай «Менск. Горад СОНца». Варта вітаць тое, што выдавецтва «Suhrkamp» прэзэнтуе нямецкамоўнаму чытачу беларускага аўтара, якому ёсьць што сказаць.

Першаадкрывальніцкае сафары Клінава па Менску ўключае ў сябе гістарычныя экскурсы, філязофскія гульні думак, сьмешныя ды мэлянхалічныя гісторыі. Але сапраўднае ўражаньне кніга пакідае найперш дзякуючы моцы яе дакладнай і паэтычнай мовы. Гэта мова не архітэктара ці навукоўца, але мастака.

Сама кніга, такім чынам, не ў апошнюю чаргу мэдытацыя на тэму чалавечых мрояў і іх незьдзяйсьняльнасьці. Той, хто шукае ключ да разгадкі таямніцы, чаму ў Беларусі пануе дыктатура, знойдзе яго ў кніжцы Клінава. Але гэтая кніга — не чытво для пэсымістаў. Перакананы аптыміст, Клінаў апантаны ідэяй даць Менску тое, чаго яму бракуе: твар, ідэнтычнасьць, і праз гэта вызначыць яго сапраўдныя каардынаты.

Ён здагадваецца, што толькі такім чынам можна будзе прагнаць сучасных менскіх прывідаў. Акрамя гэтага, ён хоча, каб Менск зноў займеў сваё месца ў агульнаэўрапейскай сьвядомасьці, якая ўжо ладна падзабылася на гэты горад. Клінаў дамагаецца гэтага з такой асалодай ды незалежнасьцю, што можна верыць у посьпех гэтай задумы. Прынамсі, пасьля такой кнігі Менск ужо нельга лічыць за шэрую мышку.

Алесь Кудрыцкі
Наша Ніва

 2007-02-19 16:27:59 Версия для печати

Папярэднія навіны

- Тозик предложил Китаю поучаствовать в реализации проекта "Минск-Сити"
- Бизнес-союзы Калинина и Карягина должны перенести Червенский рынок до 1 июня
- В Минске разработают единую концепцию застройки пр. Победителей
- Ладутько рассказал об автовокзале "Московский", застройке Уручья и историческом центре Минска
- Города-спутники могут появиться вокруг областных центров Беларуси
- Замминистра архитектуры: "Понятие "микрорайон" должно уйти в прошлое"
- Парки Минска готовятся к открытию сезона аттракционов
Туут Аархіў нававiнаў Стужка навінаў у RSS | Архіў навінаў па месяцох


Апошняе ў праекце

1. Інстытут фізкультуры. 1976-2006
2. Прывакзальная плошча 1954-2006
3. Прывакзальная плошча. 1956-2006
4. Вуліца Камсамольская з боку вуліцы Кірава. 1950-я-2006
5. Вуліца Камсамольская, жылы дом на скрыжаваньні з вуліцай Карла Маркса. 1951-2006
6. Спуск да праспэкта з боку вуліцы Чырвонаармейскай. 1956-2006
7. Вуліца Карла Маркса, скрыжаваньне з вуліцай Валадарскага. Пач. XX ст.-2006
8. Касьцёл Прысьв. Дзевы Марыі і будынак былога езуіцкага калегіюма. 1917-2006
9. Плошча Свабоды. Будынак былога базыліянскага кляштара. Кан. XIX ст.-2006
10. Плошча Свабоды. Вуліца Кірылы і Мяфодзія. 1918-2006
11. Плошча Свабоды. Катэдральны праваслаўны сабор Сьв. Духа. Кан. XIX ст.-2006
12. Тэатар імя Янкі Купалы. 1931 - 2006
13. Расейскі драматычны тэатар. 1929 - 2006.
14. Вуліца Карла Маркса. Музэй гісторыі і культуры Беларусі. 1938 - 2006
15. Скрыжаваньне вуліцаў Карла Маркса і Леніна. 1939 - 2006.
16. Праспэкт Незалежнасьці і ўваход у Цэнтральны сквэр. 1938 - 2006.


Меню



Пошук


 


Фотазамалёўкі


· Іншы Менск

polack.by – Сайт о городе Полоцке.


Апытаньне


На якой мове павінны гучаць абвесткі на менскім чыгуначным вакзале, ці дублявацца на некалькіх?

На беларускай
На расейскай
На беларускай і расейскай
На беларускай і польскай
На беларускай і ангельскай
На беларускай, расейскай і ангельскай
На беларускай, расейскай і польскай
На беларускай, польскай і ангельскай
На расейскай і ангельскай



Вынікі

Адказаў 1602
Іншыя апытаньні


Апошняе на форуме


Няма дадзеных


Апошнія артыкулы


- Васіль Шарапаў "Сённяшняе і заўтрашняе сталіцы"
- Анатолъ Вялюгін, Тарас Хадкевіч "Рукі дружбы"
- Мікола Ткачоў "Сцяг ветэрана"
- Тарас Хадкевіч "Мінскі трактар"
- Алесь Асіпенка "Поступ веку"
- Ніл Гілевіч "Мой горад"
- Аляксандр Міронаў "За пераездам"
- Іван Навуменка "Афрыка ў Мінску"
- Іван Грамовіч "Мінскія поры года"
- Сяргей Грахоўскі "Тры песні любві"
- Рыгор Няхай "Мінскія замалёўкі"
- Уладзімір Карпаў "Мінскія сустрэчы"
- Яфім Садоўскі "Андруша"
- Мікалай Аляксееў "Абарона Мінска"
- Кузьма Чорны "Мінск"
- Раман Сабаленка "Першы пробны"
- Янка Скрыган "Падзяка"
- Станіслаў Шушкевіч "Родны горад"
- Яўген Рамановіч "Беларуская хатка"
- Цімафей Саладкоў "Векапомны семнаццаты"
- Антон Бялевіч "Камароўка"
- Уладзімір Караткевіч, Адам Мальдзіс "Горад паўстае. 1863-1864"
- Кастусь Кірэенка "Вуліца Янкі Купалы"
- Аляксей Русецкі "Аб Мінску"
- Алесь Бачыла "Самы лепшы горад"
- Еўдакія Лось "Мінчанка"
- Алесь Звонак "Ленінскі праспект"
- Міхась Калачынскі "На мінскіх вуліцах"
- Мікола Хведаровіч "Красуй, наш Мінск"
- Максім Лужанін "У роднай сталіцы"
- Максім Танк "Табе складаю гэты гімн"
- Аляксей Зарыцкі "Лебедзі"
- Анатоль Вялюгін "Палац піянераў"
- Васіль Вітка "Няміга"
- Пятро Глебка "Дзень вайны"
- Аркадзь Куляшоў "Вуліца Маскоўская"
- Анатоль Астрэйка "Плошча Свабоды"
- Піліп Пестрак "Кірмаш" Урывак з паэмы
- Янка Купала "Водклік з 29 кастрычніка 1905 г. у Мінску"
- Мікола Аўрамчык "Домік I з'езда РСДРП"
- Рыгор Барадулін "Мянеск"
- Пімен Панчанка "Слова пра Мінск"
- Павал Севярынец. "Нацыянальная ідэя". Вытрамкі.
- Прывілей Менску на Магдэбургскае права 1499 года
- Вуліца Валадарскага, 13. Дом фон Гельперсен.
- Вуліца Ракаўская, 14. Дом Рубінштэйна.
- Вуліца Рэвалюцыйная, 15. Дом Бакштанскага.
- Вуліца Ракаўская, 17, дом Чэрчыса.
- Вуліца Герцэна, 4. Дом Вігдорчыкаў
- Вуліца Валадарскага, 4. Дом Старобінскай.
- Вуліца Рэвалюцыйная, 13. Дом Варгафціка
- Вуліца Камсамольская, 7
- Вуліца Рэвалюцыйная, 24. Дом Залкінда.
- Вуліца Рэвалюцыйная, 11. Дом Фішэра.
- Вуліца Рэвалюцыйная, 22. Дом Фішэра.
- Вуліца Рэвалюцыйная, 28. Дом Ельскіх.
- Рашэньне Менскага гарадзкога Савета дэпутатаў ад 5 верасьня 1991 г. №167 "Аб гербе г.Мiнска i аб вяртаннi гораду яго гiстарычнай назвы Менск"
- Галіна Булыка "Стары Менск"
- Брылевічы
- Вуліца Савецкая, 17
- III Дом Саветаў. Вуліца Максіма Багдановіча, 23.
- I Дом Саветаў, вуліца Савецкая, 19
- Адкрыты ліст гісторыкаў аб неабхонасьці спыненьня гвалтоўнага разбурэньня гістарычнага цэнтра Менска
- М Валодзін "Койдановская", верш
- М.Валодзін "Музыкальный переулок", верш
- М. Валодзін "Соборная площадь", верш
- Ракаўская вуліца, 24.
- Вуліца Рэвалюцыйная, 4 і 6.
- Аб зацьверджаньні сьпіса будынкаў і збудаваньняў, якія зьяўляюцца аб'ектамі гісторыка-культурнай спадчыны ў межах гістарычнага цэнтра Менска
- Перайменаваньні менскіх вуліцаў падчас нямецкай акупацыі
- Антон Адамовіч "Менску (на ўгодкі вялікае пажогі)"
- Ведамасныя жылыя дамы ў цэнтры Менска
- Рэвалюцыйная вуліца
- Ленінградская вуліца


Наш гузік



код гузіка



Лічыльнікі