МЕНСК.BY Родны горад жыве тут! |
«Iншае» праваслаўе
Летась уладыка Фiларэт атрымаў з рук Аляксандра Рыгоравiча вышэйшую ўзнагароду РБ — зорку “Героя Беларусi”. Маючы ўсебаковую падтрымку дзяржавы, абапiраючыся на адмiнiстрацыйны рэсурс, БПЦ метадычна i ўпэўнена выцiскала iншыя канфесii на духоўную i палiтычную перыферыю, не сустракаючы сур'ёзнага супрацiву. Прынамсi, так было да нядаўняга часу... Пакуль у нашай канфесiйнай прасторы не з'явiўся новы чыннiк. Да нас прыйшла, папярэдне сцвердзiўшыся ў Расii i Украiне, Руская праваслаўная царква Замежжа — РПЦЗ. Крыху гiсторыi Стасункi афiцыйнай РПЦ i той РПЦ, вакол якой гуртуецца расiйская (рускамоўная i рускакультурнiцкая) дыяспара на Захадзе, ад самага пачатку былi складанымi. Вышэйшае царкоўнае ўпраўленне Замежжа ўтварылася ў 1920 годзе ў Канстанцiнопалi як часовы орган кiравання замежнымi епархiямi РПЦ, якiя ў вынiку сацыяльных узрушэнняў i палiтычных пераўтварэнняў згубiлi сувязь з цэнтрам, з Масквою. Сам патрыярх Цiхан, якi тады ўзначальваў РПЦ, у спецыяльным распараджэннi раiў святарам у выпадку, калi епархii апынуцца па-за сувяззю з Вышэйшым царкоўным упраўленнем, самастойна арганiзаваць вышэйшую iнстанцыю царкоўнай улады. Здарылася так, што група архiрэяў, якiя з блаславення Канстанцiнопальскага патрыярха склiкалi замежны сабор рускiх епiскапаў, пра гэта распараджэнне не паспелi даведацца, але па сутнасцi дзейнiчалi, згодна з ягоным духам i зместам. У 1921 годзе Вышэйшае царкоўнае упраўленне Замежжа знаходзiць прытулак у Югаславii. У тым жа годзе адбыўся I Усезамежны Рускi царкоўны сабор, якi засведчыў, што Руская праваслаўная царква Замежжа аформiлася арганiзацыйна, умацавалася духоўна i ўяўляе сабою ўплывовую сiлу. Зразумела, што гэтая акалiчнасць выклiкала незадаволенасць бальшавiцкага ўрада. Бальшавiкi нацiснулi на патрыярха Цiхана, каб ён сваёй уладай забаранiў дзейнасць РПЦЗ. Патрыярх быў вымушаны пагадзiцца... Адбылося гэта ў 1922 годзе. Сабор архiрэяў РПЦЗ фармальна ўказ патрыярха выканаў i Вышэйшае царкоўнае ўпраўленне Замежжа лiквiдаваў. Але, спасылаючыся на адсутнасць трывалых сувязяў з Масквою i распараджэнне на гэты конт, падпiсанае патрыярхам яшчэ ў 1920 годзе (яно згадвалася вышэй), тут жа ўтварыў часовы Архiрэйскi Сiнод Рускай замежнай царквы. Такiм чынам, iснаванне царкоўнага цэнтра за мяжою набыло кананiчнае абгрунтаванне. Патрыярх Цiхан памёр у 1925 годзе. Варункi ягонай смерцi падводзяць да думкi, што патрыярха атруцiлi. Усе iерархi, якiх патрыярх згадваў у сваiм завяшчаннi як магчымых спадкаемцаў, на момант ягонай смерцi былi зняволены. З гэтай прычыны РПЦ ўзначалiў мiтрапалiт Сергiй (Старагародскi). З лiстапада 1926-га па сакавiк 1927-га Сергiя таксама пазбаўляюць волi. Не йначай, “для прафiлактыкi”. Бо па вяртаннi з турмы ён выступае ад iмя ўсёй Царквы з сумнавядомай дэкларацыяй, якую называюць актам капiтуляцыi РПЦ перад бальшавiцкай уладай. У дэкларацыi памiж iншага ёсць заклiк “выразить всенародную благодарность Советскому правительству за внимание к духовным нуждам православного населения”. Пасля дэкларацыi мiтрапалiта Сергiя шляхi афiцыйнай РПЦ i Рускай праваслаўнай царквы Замежжа разыходзяцца канчаткова. Тады здавалася, назаўсёды. Замежны Сiнод пастанавiў: “Заграничная часть Русской православной церкви должна прекратить административные сношения с Московской церковной властью, ввиду невозможности нормальных сношений с нею и ввиду порабощения ее безбожной советской властью... Она не отделяет себя от Матери-Церкви и не считает себя автокефальной”. Такiм чынам, Замежны Сiнод прыняў бок iерархаў-пакутнiкаў, якiя адмовiлiся падпарадкавацца мiтрапалiту Сергiю i ягонаму калабарацыянiсцкаму Сiноду. З гэтага моманту Замежны Сiнод лiчыць сябе прадстаўнiком свабоднай часткi Рускай Царквы, часова адарванай ад Радзiмы... Пасля Другой сусветнай вайны РПЦЗ стала духоўным апiрышчам для новай хвалi эмiграцыi. Для тых, хто, трапiўшы на Захад у ваеннае лiхалецце, з розных прычын быў вымушаны там застацца. Гэта акалiчнасць, зразумела, яшчэ болей аддалiла РПЦЗ ад афiцыйнай РПЦ. Зблiжэнне дзвюх плыняў рускага праваслаўя намецiлася толькi падчас так званай перабудовы, калi кiраўнiцтва СССР, спадзяючыся на палiтычныя дэвiдэнды, змянiла стаўленне да эмiграцыi i пачало ладзiць кантакты з суайчыннiкамi на Захаде. А рэальны дыялог, перамовы памiж РПЦ i РПЦЗ сталi магчымыя пасля падзення камунiстычнага ладу i дэмантажу СССР. Аднак пазбавiцца цяжару мiнуўшчыны, забыцца на старыя крыўды, аказалася нялёгка. Iерархi РПЦЗ лiчаць, што ўз'яднанне магчыма толькi ў тым выпадку, калi РПЦ выйдзе з Сусветнага савета цэркваў, адмовiцца ад экуменiчнай дзейнасцi (маюцца на ўвазе сумесныя малiтвы з вернiкамi iншых канфесiй) i (галоўнае!) здзейснiць пакаянне за калабарацыянiзм, за супрацоўнiцтва з бязбожнай камунiстычнай уладай. Вiдавочна, што выкананне гэтых умоў супярэчыць знешнепалiтычным iнтарэсам i не пасуе дзяржаўнай iдэалогii сённяшняй Расii. А значыць, яны для Маскоўскага патрыярхату непрымальныя. Такiм чынам, да рэальнага аб'яднання РПЦ i РПЦЗ яшчэ далёка. Аднак крокi насустрач адзiн аднаму ўсё ж зроблены. Прынамсi, праявай добрай волi з боку Масквы стаў дазвол Рускай праваслаўнай царкве Замежжа разгарнуць сваю дзейнасць на тэрыторыi, падкантрольнай Маскоўскаму патрыярхату — у Расii, Украiне, Беларусi. Пад адным Богам ходзiм, але... У Расii i Украiне РПЦ i РПЦЗ суiснуюць нiбыта мiрна. Прынамсi, звесткi пра тое, што яны не могуць падзялiць канфесiйнае поле, альбо што ўлада дыскрымiнуе прыхiльнiкаў РПЦЗ, у сродкi масавай iнфармацыi з гэтых краiн не траплялi. Iншая сiтуацыя ў Беларусi. Тут улада ад самага пачатку паставiлася да “iншага” праваслаўя з насцярогай i падазронасцю. Са з'яўленнем у Беларусi структур РПЦЗ праваслаўныя вернiкi нашай краiны атрымалi магчымасць выходзiць з падпарадкавання ўладыку Фiларэту, пры гэтым захоўваючы вернасць сваёй канфесii. I не толькi вернiкi. РПЦЗ стала прыстанiшчам i для святароў, не згодных з палiтыкаю кiраўнiцтва Беларускага экзархату РПЦ. Прэцэдэнты ўжо ёсць. Беларускiя ўлады не адважваюцца гучна абвясцiць прысутнасць Рускай праваслаўнай царквы Замежжа незаконнай, але робяць усё магчымае, каб ускладнiць яе iснаванне i духоўную працу. Афiцыйныя асобы разам са святарамi Беларускага экзархату РПЦ аказваюць непрыхаваны цiск на прыхаджан Рускай праваслаўнай царквы Замежжа з тым, каб яны адклiкалi свае подпiсы з рэгiстрацыйных заяў. Згодна з законам РБ, рэлiгiйная абшчына падлягае абавязковай рэгiстрацыi, а незарэгiстраваная рэлiгiйная дзейнасць — супрацьзаконная. Заява разглядаецца ў тым выпадку, калi пад ёй подпiсы не менш як дваццацi грамадзян i анкетныя даныя просьбiтаў — поўныя iмёны, адрасы i гэтак далей. Каб ануляваць заяву, дастаткова адклiкання нават аднаго подпiсу. Паводле слоў святара РПЦЗ Iаана Груднiцкага, у дамы ягоных прыхаджан у брэсцкiх прыгарадах Вулка i Кавалёва прыходзiлi святары Беларускага экзархату i спрабавалi прымусiць iх адмовiцца ад подпiсаў. Прыхаджанам гавораць, што РПЦЗ — гэта “незаконная, некананiчная секта”, i кантакты з ёй могуць мець для вернiкаў непрыемныя наступствы. Дарэчы, дакладную iнфармацыю аб асобах, што падпiсалi заяву, прадстаўнiкi мясцовай фiлii РПЦ маглi атрымаць толькi незаконным шляхам i толькi ў Камiтэце па справах рэлiгiй. Аналагiчная сiтуацыя i ў Ружанах. У вынiку канфлiкту з уладамi суцэльны праваслаўны прыход (120 чалавек) перайшоў у юрысдыкцыю Рускай праваслаўнай царквы Замежжа, пад апеку епiскапа Таўрычаскага i Адэскага РПЦЗ Агафангела (Пашкоўскага). Улады пакуль адмаўляюцца рэгiстраваць гэту непадуладную Маскоўскаму патрыярхату абшчыну. А людзi адмовiлiся хадзiць у царкву Маскоўскага патрыярхату пасля таго, як узнiкла падазрэнне, што прыходскi святар скраў вялiкую колькасць iкон i царкоўнага рыштунку. Святар, якi яго змянiў, таксама не прыйшоўся даспадобы прыхаджанам. Ужо пры iм знiкла яшчэ адна каштоўная iкона... Не спрыяла аўтарытэту новага настаяцеля храма i тая акалiчнасць, што яго фактычна “разжалавалi” — перавялi ў Ружаны “на панiжэнне”, пазбавiўшы пасады ў Брэсце. Мабыць, было за што... Не маючы ўласнага храма, ружанскiя вернiкi РПЦЗ збiраюцца на богаслужэннi ў прыватных дамах. А ўлады iх за гэта штрафуюць, бо вернiкi нiбыта “не атрымалi на гэта дазволу ў адпаведнасцi з законам”. Штрафуюць i айца Iаана Груднiцкага, якi гэтыя богаслужэннi праводзiць. Прыхаджане айца Iаана накiравалi з гэтай нагоды тэлеграмы на iмя Аляксандра Лукашэнкi i патрыярха Маскоўскага Алексiя II са скаргамi на ўцiск улад i патрабаваннем паказаць iм “закон, якi забараняе людзям малiцца”. Процiстаянне, нягледзячы на агульныя словы аб прымiрэннi цэркваў, вiдавочнае. «Блаславiце, ойча!» Аўтар гэтых радкоў летась меў магчымасць пагутарыць з героем згаданых падзей айцом Iаанам Груднiцкiм. Гэта харызматычная асоба, чалавек пакручастага лёсу. Да рэлiгii ён прыйшоў ужо маючы за плячыма немалы жыццёвы досвед. Мае вышэйшую эканамiчную адукацыю, акрамя таго, скончыў Вышэйшую партыйную школу ў Маскве. На ягоныя дзелавыя якасцi быў добры попыт. Ён быў запатрабаваны i ў гаспадарчых структурах, i ў партыйным кiраўнiцтве Брэстчыны. Партыйная наменклатура цягнула Груднiцкага да сябе, гарантуючы кар'еру ў дзяржаўна-палiтычнай галiне. Гаспадарнiкi не хацелi аддаваць каштоўнага работнiка. Паколькi самога спадара Груднiцкага вабiла канкрэтная справа, ён заставаўся ў гаспадарнiках. Напрыканцы сваёй свецкай кар'еры займаў высокую пасаду ў кiраўнiцтве харчовай прамысловасцi Брэстчыны, якую пакiнуў без усялякага шкадавання. Доктар багаслоўя. (У Беларусi ўсяго два дактары багаслоўя — уладыка Фiларэт i Iаан Груднiцкi.) Настаяцель Свята-Семяонаўскай царквы — кафедральнага сабора Берасцейска-Кобрынскай епархii. Прычынай свайго канфлiкту з кiраўнiцтвам Беларускага экзархату РПЦ называе сваё нежаданне iсцi насуперак хрысцiянскай, агульначалавечай маралi. Ягоным непасрэдным начальнiкам быў прызначаны чалавек, якi (на думку айца Iаана) па сваiх маральных якасцях увогуле не мог быць святаром. Айцец Iаан адмовiўся цалаваць яму руку (як гэтага патрабуе рытуал) ды ўвогуле падпарадкоўвацца. За гэта ў 2002 годзе Iаану Груднiцкаму забаранiлi весцi богаслужэннi. А ў 2005 годзе “извергли из сана и лишили всех прав, связанных с пребыванием в клире”. Дзеля аб'ектыўнасцi згадаю, што пэўныя ўчынкi самога айца Iаана не зусiм адпавядаюць статусу праваслаўнага святара, хоць у маральна-жыццёвым сэнсе цалкам апраўданыя i лагiчна абгрунтаваныя. Так цi iнакш, але начальства айца Iаана мела да яго канкрэтныя прэтэнзii. Не даравалi Iаану Груднiцкаму i кантактаў з Беларускай аўтакефальнай царквой, якую РПЦ трактуе як раскольнiцкую структуру i не прызнае яе кананiчнасцi. Зараз айцец Iаан дзейнiчае ад iмя Рускай праваслаўнай царквы Замежжа. ... Разам з айцом Iаанам заходзiм у Свята-Семяонаўскi сабор Брэста. Тут мой спадарожнiк некалi быў настаяцелем. Яго адразу ж абкружылi прыхаджане. Падышоў хлопчык у адзеннi царкоўнага служкi, схiлiў галаву: “Блаславiце, ойча!” Вiдавочна, у вачах усiх гэтых людзей ён застаўся iхнiм святаром, настаяцелем гэтага храма. Сустракаемся з брэсцкiм прадпрымальнiкам, якi быў шчодрым спонсарам храма, пакуль там служыў айцец Iаан, а зараз прыпынiў дабрачыннасць у рэлiгiйнай сферы. Ён нiчога не сказаў нам адкрыта, але па нейкiх намёках, недамоўленасцях было зразумела, што з новым настаяцелем у яго не ладзяцца стасункi... Кадры вырашаць усё Сёння прыходы РПЦЗ для беларускай улады, свецкай i царкоўнай — стрэмка ў воку. У iнтарэсах сацыяльнай стабiльнасцi, як яе трактуе ўлада, нiякага “iншага” праваслаўя ў Беларусi быць не можа. Але як правiнцыя мусiць раўняцца на сталiцу, так i Экзархат (правiнцыя царкоўная) не можа дзейнiчаць уразрэз з палiтыкай цэнтра — Патрыярхату. Калi ў Маскве вырашылi ладзiць з РПЦЗ цывiлiзаваныя стасункi, значыць, нешта ў гэтым кiрунку, у адпаведнасцi з “генеральнай лiнiяй”, давядзецца рабiць i ведамству ўладыкi Фiларэта. Кажуць, першыя прыходы РПЦЗ вось-вось будуць афiцыйна зарэгiстраваны i ў Беларусi, адпаведныя рашэннi мясцовых улад ужо ёсць. Засталося, каб iх зацвердзiў цэнтр. У Епархiяльным упраўленнi нам паведамiлi, што хоць на дадзены момант зарэгiстраваных прыходаў Рускай праваслаўнай царквы Замежжа ў Беларусi няма, але вядзецца праца з мэтаю акрэслiць iх статус i выпрацаваць iхнi статут. Праца гэтая разлiчана на пяць гадоў. Асаблiвая ўвага будзе нададзена кадраваму пытанню. Экзархат парупiцца, каб прыходы ўзначалiлi святары, якiм у галаву не прыйдзе ператвараць царкоўны амвон у палiтычную трыбуну. Так плануюць... Мне падаецца, аднак, што не варта чакаць пазiтыўных зрухаў у рашэннi набалелай праблемы раней лета. Справа ў тым, што юрыдычна стасункi РПЦ i РПЦЗ будуць аформленыя толькi 17 мая бягучага года. У гэты дзень у Маскве iерархамi Патрыярхата i Замежнай царквы будзе падпiсаны “Акт о каноническом общении”. Галоўнае ў гэтым дакуменце тое, што РПЦЗ абвяшчаецца царквою самакiруемай, але падуладнай Маскоўскаму патрыярхату. У храмах РПЦЗ трэба будзе узносiць iмя патрыярха маскоўскага, iерархi Замежнай царквы ўвойдуць у кiруючыя структуры Патрыярхата. Але галоўнае — Патрыярхат бярэ пад кантроль кадравую палiтыку РПЦЗ. “Акт...” вельмi нагадвае акт аб безагаворачнай капiтуляцыi. Але хто ведае, якiя “сакрэтныя пратаколы” будуць прыкладзены да гэтага “Акта...”. Народная воля
Папярэднія навіны- Тозик предложил Китаю поучаствовать в реализации проекта "Минск-Сити"
Апошняе ў праекце |
МенюПошукФотазамалёўкіАпытаньнеАпошняе на форумеНяма дадзеных Апошнія артыкулы- Васіль Шарапаў "Сённяшняе і заўтрашняе сталіцы" Наш гузік
Лічыльнікі |