Кожны пяты хоча, каб беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай
Большасьць беларусаў выступае за захаванне стану суіснавання дзвюх дзяржаўных моў, што адпавядае вынікам папярэдніх даследаванняў сацыёлагаў, прысвечаных мове.
Калі б заўтра адбыўся рэфэрэндум аб тым, якая мова павінна быць у Беларусі дзяржаўнай, звыш паловы рэспандэнтаў Незалежным інстытутам сацыяльна‑эканамічных і палітычных даследаванняў (Літва) прагаласавалі б «за дзьве дзяржаўныя мовы — беларускую і рускую». Толькі «за рускую» прагаласавалі б 15% рэспандэнтаў, а толькі «за беларускую» — 19.8%.
Дадзеныя былі атрыманыя пад час апытаньня, зладжанага Незалежным інстытутам сацыяльна‑эканамічных і палітычных дасьледаваньняў у верасьні 2009 году.
Адносна пытаньня мовы замежных СМІ, якія вяшчаюць на Беларусь, меркаваньне рэспандэнтаў яшчэ больш катэгарычнае: амаль 30% лічаць, што замежныя радыё і тэлепраграмы для Беларусі павінны вяшчаць «і на рускай, і на беларускай» («на рускай» — 21%, «на беларускай» — 9.9%).
Гэта пытаньне задавалася у сувязі са зьмяненьнем мовы вяшчаньня Радыё «Швэцыя» на Беларусь. Нагадаем, што нядаўна вяшчаньне радыё з‑за праблем з фінансаваньнем было пераведзенае зь беларускай на рускую мову.
Згодна з папярэднімі дасьледаваньнямі цэнтру, цікаўнасьць да беларускай мовы падае. Так у чэрвені 2008 г. толькі 2.2% насельніцтва Беларусі карысталіся ў паўсядзённым жыцьці беларускай мовай (у пачатку 2007 г. гэты паказчык складаў 5.2%). Адначасова, колькасьць людзей, якія ўжываюць і беларускую і рускую, павялічылася на 3% (17.3% у чэрвені), як і колькасьць тых, хто ўжывае «зьмяшаную» мову (амаль 27%).
Рускай мовай у Беларусі карысталася тады крыху болей за палову насельніцтва (53.1%). За апошні час іх колькасьць зьменшылася на 1.1%.
Іншыя дадзеныя мае інфармацыйна‑аналітычны цэнтар пры Адміністрацыі прэзыдэнта, які нядаўна абвясьціў вынікі дасьледаваньня аб ужываньні беларускай мовы ў грамадзтве. Згодна зь імі, 72% рэспандэнтаў карыстаюцца ў паўсядзённым жыцьці рускай мовай, 11.9% — беларускай. У хатніх умовах часта ці час ад часу ўжываюць беларускую мову 35,1% рэспандэнтаў.