Швэдзкая акадэмія, якая сярод іншага адказвае за нарматывы сучаснай швэдзкай мовы, прыняла рашэньне адносна швэдзкага назову Беларусі.
Раней у сучаснай швэдзкай мове афіцыйна выкарыстоўваюцца два назовы «Belarus» і «Vitryssland» (даслоўна перакладаецца як «Белая Русь»). Прычым, слова «Vitryssland» лічыцца больш звыклым і ўжываецца значна часьцей за слова «Belarus», у тым ліку палітыкамі і СМІ.
Некалькі месяцаў таму ініцыятыўная група «Belarus», у якую ўвайшлі швэдзкія беларусы, асобныя швэдзкія палітыкі ды грамадзкія дзеячы, накіравалі адкрыты ліст у Міністэрства замежных справаў краіны, а таксама Швэдзкую моўную раду й Швэдзкую акадэмію зь ініцыятывай і заклікалі выключыць назву «Vitryssland» з нарматываў швэдзкай мовы і афіцыйна ўжываць толькі адзін тэрмін «Belarus».
Паводле аўтараў ліста, назва«Vitryssland» прыніжае сувэрэнітэт Беларусі, да таго ж швэды пачынаюць блытаць Беларусь з Расеяй.
У сваім адказе на зварот ініцыятыўнай групы сакратар Швэдзкай акадэміі Пэтэр Энглунд інфармуе, што акадэмікі лічаць мэтазгодным ад гэтага часу
ўжываць назоўнікі «Belarus»., ’belarusier’ і ’belarusiska’ замест «Vitryssland» , ’vitryss’ і ’vitryska’, а таксама прыметнік ’belarusisk замест ’vitrysk’.
Як лічаць прадстаўнікі ініцыятыўнай групы «Belarus», рашэньне Швэдзкай акадэміі ёсьць вельмі важным пазытыўным знакам. Наступнага кроку чакаюць у чацьвер, калі пытаньне будзе разгледжана на сумесным паседжаньні акадэміі і Швэдзкай моўнай рады.