Мінскі аптовы рынак пачне працаваць у хуткім часе, паведаміў на прэс‑канферэнцыі 22 верасня намеснік дырэктара дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Аляксандр Тапілін.
«Мы плануем, што на працягу гэтага і наступнага тыдня Мінскі аптовы рынак напоўніцца прадукцыяй прадпрыемстваў і пачне водпуск тавараў прадпрымальнікам», — сказаў ён.
Як паведамлялася раней, Мінскі аптовы рынак створаны для рэалізацыі прадукцыі беларускіх тавараў індывідуальным прадпрымальнікам і суб’ектам малога бізнесу.
«На гэтым тыдні плануецца заезд на рынак пяці прадпрыемстваў, да 1 кастрычніка — яшчэ васьмі. Яшчэ прыкладна 30 прадпрыемстваў выказалі жаданне размясціць тавары на гэтай аптовай пляцоўцы», — зазначыў Тапілін.
Паводле яго слоў, аналагічныя пляцоўкі плануецца стварыць у кожнай вобласці.
Як паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Міністэрства гандлю Вольга Скурко,
Мінскі аптовы рынак размешчаны на трэцім кіламетры трасы Мінск — Гродна.
Тут створана інфраструктура, пад’язныя шляхі, мытная служба, разлікова‑касавы цэнтр, пункты грамадскага харчавання. На сёння сваю прадукцыю на рынак завезлі ААТ «Стужка» і Брэсцкі панчошны камбінат. Для арганізацыі гандлю падрыхтавана сем гандлёвых блокаў па 80 кв. м, адзін — на 90 кв. м і два — па 100 кв. м.
«Калі працэс пойдзе далей, будуць купляцца тавары, то плошчы будуць пашырацца», — зазначыла Скурко. Яна таксама паведаміла, што Мінгандаль звярнуўся з ініцыятывай аб зніжэнні арэнднай платы для прадпрыемстваў, якія будуць працаваць на аптовым рынку. «На гэты час рашэнне такое ёсць, і яно праходзіць юрыдычную экспертызу. Плануецца, што стаўка арэнды будзе мінімальнай і складзе 1 еўра за кв. м у месяц», — паведаміла спецыяліст.