МЕНСК.BY Родны горад жыве тут! |
Захар Шыбека: Аднавіць гістарычнае аблічча Мінска ўжо немагчыма
"Мінску не менш за 1000 гадоў" - Ёсць меркаванне, што адзначэнне нараджэння Мінска ў 1067 годзе абсурднае, бо менавіта ў той год горад быў дашчэнту спалены кіеўлянамі, якія палявалі за полацкім князем Усяславам Чарадзеем. Што вы лічыце на гэты конт, спадар Захар? - Гэта прыкрая старонка нашай гісторыі. Мінск, сапраўды, пачынае свой адлік з пахавання загінулых войнаў. Але ж існуе такая традыцыя, згодна з якой першую згадку ў летапісе лічаць днём горада. Мінск прыцягнуў увагу летапісцаў крывавай бітвай на Нямізе. Аднак, думаю, што 1067 год — не канчатковая дата, бо тайна заснавання Мінска закапана у Зямлю. Справа ў тым, што тэхнічныя магчымасці гісторыкаў з кожным годам павялічваюцца, што дазваляе заміж летапіснага прынцыпа заснавання гарадоў прыняць да ўвагі археалагічны. Зразумела, што Мінск быў закладзены яшчэ да бітвы на Нямізе. Ёсць меркаванее, што яго заснаваў Усяслаў Чараздей, які займаў полацкі прастол з 1044 года, альбо нават яго бацька Брачыслаў ці дзед Ізяслаў. Таксама ёсць рэшткі недабудаванай царквы, закладзенай, магчыма, да расколу хрысціянства на праваслаўе і каталіцызм. Калі на іх аснове будзе вызначаны ўзрост падмурку, то дата можа быць удакладнена. — Наколькі істотна? — Гіпатэтычна можна меркаваць, што нашаму гораду не менш, як тысяча гадоў. Мінск узнік як крэпасць на паўднёвых рубяжах полацкай зямлі, а ягоны росквіт прыпадае на пачатак 11 стагоддзя. Таму справа цяпер толькі за навукоўцамі. — Ці быў у сярэднявеччы Мінск класічным еўрапейскім горадам? Чым ён адрозніваўся ад гарадоў Еўропы і чым ад расійскіх? — Нельга сказаць, што ён быў абсалютна ідынтычны класічнаму еўрапейскаму гораду, але шмат у чым набліжаўся да яго. Горад меў Магдэбургскае права, цэхавую і гільдзейскую арганізацыю купцоў, а таксама магчымасць эканамічна развівацца. Старажытны Менск атрымаў пэўную незалежнасць ад мясцовых феадалаў, якія не маглі умешвацца ў гарадскія справы. Тым не менш, ён розніўся ад еўрапейскіх гарадоў сваёй забудовай: не мураванай, а драўлянай. Апроч гэтага быў не такім багатым, як заходнееўрапейскія, што пасля Вялікіх геаграфічных адкрыццяў сілкаваліся амерыканскім золатам. Расійскія ж гарады былі яшчэ больш бедныя, чым Мінск. Яны не ведалі магдэбургскага права, цэхавай і гільдзейскай арганізацыі — знаходзіліся ў азіяцкім кантэксце. Наш горад жа належыў да арэалу еўрапейскай цывілізацыі. Гэта мяжа праходзіла па Дняпры і супадала з межамі Вялікага княства Літоўскага. Ад купцоў да савецкіх мільянераў — Ахарактарызуйце, што ўяўляў з сябе Мінск у сацыяльным плане ад пачатку да сёння. — У 11 стагоддзі Мінск быў горадам-крэпасцю і адміністрацыйным цэнтрам удзельнага княства. У 12-13-м крэпасць ператвараецца ў эканамічны горад, які абрастае пасадам, купцамі, рамеснікамі. Наступныя стагоддзі звязаны з існаваннем ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Мінск сілкуецца галіной гандлёвага шляху “З вараг у грэкі”, гэта горад купцоў. Прызнаннем эканамічнага развіцця места стала атрыманне Мінскам у 1499 годзе Магдэбургскага права. Пад уладай двухгаловага арла Мінск стаў горадам расійскіх чыноўнікаў, застаючыся гандлёвым цэнтрам. Тагачасны порт знаходзіўся ў раёне цяперашняга рэстарана “Журавінка”. Таму і вуліца ўздоўж Свіслачы называлася Гандлёвай. З правядзеннем у 1870 гадах у Мінску чыгункі горад стаў важным транспартным цэнтрам. У перыяд станаўлення савецкай улады Мінск — ужо горад працоўных, бо буржуазныя пласты былі ліквідаваныя. Потым Мінск стаў індустрыяльным горадам, буйным культурным і навуковым цэнтрам. Лічыцца, што ў сталіцы жылі тыповыя савецкія людзі. Аднак мала хто ведае, што сярод іх былі і патаемыня мільянеры, якія зараблялі грошы на чорным рынку. Найперш, гэта цыганскія бароны ды партыйныя бонзы і іх сваякі. Працэс узбагачэння пачаўся задоўга да распада Савецкага Саюзу. — Пасля ўвядзення ў Расійскай імперыі рысы аселасці значную долю насельніцтва беларускіх гарадоў складалі габрэі. Як яны змянілі аблічча Мінска? — Адзначу, што габрэі жылі ў Мінску яшчэ задоўга да Расійскай імперыі. У адрозненне ад еўрапейскіх гарадоў яны не канцэнтраваліся ў асобых кварталах — гета, а свабодна сяліліся паўсюль, таму маглі ўплываць на вобраз горада, ягоную архітэктуру. Яўрэйскія прадпрымальнікі і буржуазія зрабілі вялікі ўклад у разбудову Мінска. Напрыклад, яны паспяхова гандлявалі лесам і здабытыя капіталы ўкладалі ў пабудову дамоў. Тут было шмат малітоўных дамоў, сінагогаў... Ва ўмовах Расійскай імперыі яўрэі, якія складалі да 40 % насельніцтва Мінска, не маглі займацца земляробствам і былі вымушаны гандляваць, займацца рамёствамі, адчыняць фабрыкі-заводы. Таму яны амаль цалкам занялі гэту нішу, і беларусам было вельмі цяжка тут сцвердзіцца. Пры гэтым у Мінску на 90 тысяч насельніцтва выпадала тры тысячы гандлёвых лавак! Гэтая канкурэнцыя зніжала цэны. Як вынік, прамысловыя тавары ў рысе аселасці былі танней, чым у расійскіх гарадах. Такім чынам, габрэйскі элемент быў арганічнай часткай агульнай эканомікі і заўсёды служыў для беларускіх прадпрымальнікаў прыкладам таго, як варта арганізаваць справу. Менск ці Мінск? — Дасюль у беларускай мове побач з афіцыйным Мінскам жыве і гістарычны назоў Менск. Як наш горад называўся ў сярэднявеччы і калі гістарычная назва страціла афіцыйны статус? — У старажытных гістарычных крыніцах на лацінскай мове горад называўся Minskum. У крыніцах кірылічнага шрыфту — Менеськ. Лацінскую традыцыю перанялі палякі, якія заўсёды называлі наш горад праз “і”. А вось беларуская прыжылася ў народзе. Таму пасля вайны старыя называлі горад Менскам. У гады беларусізацыі ў беларускіх кнігах пісалі “Менск”, у рускамоўных — “Минск”. Такая сітуацыя існавала да 1939 года, калі ўрэшце адмысловая урадавая пастанова ўніфікавала назву — толькі Мінск. — У першыя гады незаледжнасці фракцыя БНФ у Мінгарсавеце дэпутатаў прапаноўвала вярнуць Мінску спрадвечны назоў. Памятаю, тады надта папулярнай была сімволіка з надпісамі “Менск”, “Менеск”… — Думаю, цалкам апраўданым было б вярнуць гораду гістарычную назву Менск, якая згадваецца ў славянскіх летапісах і ўвайшла ва ўжытак беларусаў, заміж лацінска-польска-расійскага Мінска. “Сталіцай Беларусі мог быць толькі Мінск” — Калі гаворка заходзіць пра беларускую сталіцу, ніяк не пазбегнуць паралеляў Мінск — Вільня. Вядома, што беларускае адраджэнне пачалося з Вільні, дзе на пачатку 20 стагоддзя выходзілі “Наша Доля” і “Наша Ніва”, жылі браты Луцкевічы, месціліся беларускія арганізацыі і ўстановы... А якім горадам у той час быў Мінск і калі ён напоўніўся беларускім нацыянальным духам? — Ужо пасля правядзення чыгункі Мінск выступіў адным з канкурэнтаў на званне вядучага беларускага горада. Ён валодаў эканамічным патэнцыялам і разам з Вільняй і Санкт-Пецярбургам канцэнтраваў у сабе беларускі дух. Не варта забываць, што наш этнаграфічны рух знаходзіў яскравае адлюстраванне ў мінскай газеце “Северо-Западный край”. Адбывалася гэа дзякуючы намаганням такіх людзей як літаратар Янка Лучына і навуковец Мітрафан Доўнар–Запольскі. Менавіта яны ўзнялі беларускасць на грамадскі ўзровень. Тут жа пачалі сваю дзейнасць браты Луцкевічы. У Мінску было прынята рашэнне аб стварэнні Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады, якая стала прататыпам першай беларускай партыі Беларуская Сацыялістычная Грамада. Пасля рэвалюцыі 1905 года беларускасць прыдушалі, і браты Луцкевічы былі вымушаны ўцякаць ад пераследаў царскай улады ў Вільню. Беларускае жыццё ў Мінску прыціхла да 1915 года. Калі ў Вільню прыйшлі немцы, частка беларускіх сіл пераехала ў Мінск, дзе пачало актыўную дзейнасць Таварыства дапамогі ахвярам Першай сусветнай вайны. Тут дзеілі Антон Лявіцкі, Змітрок Бядуля, Зоська Верас, сюды наведваўся Максім Багдановіч. Пасля падзення царызму Мінск стаў палітычным цэнтрам, які пачаў гуртаваць беларускія сілы. Узнік Беларускі Нацыянальны Камітэт, Беларуская Цэнтральная Рада, узнавіла сваю дзейнасць Беларуская Сацыялістычная Грамада. Калі паўстала пытанне пра сталіцу БССР, бальшавікі выбралі менавіта Мінск. Яшчэ раней такое ж рашэнне прынялі нашы нацыянальныя дзеячы, калі 25 сакавіка 1918 года абралі яго сталіцай Беларускай Народнай Рэспублікі. Мінск быў этнічным цэнтрам Беларусі і сваім новым статусам задавальняў усе этнічныя групы. — А чым полікультурнасць і шматэтнічнасць Мінска адрознівалася ад віленскай? — Рэч у тым, што Вільня была заангажаваная ў польскую культуру, і менавіта прадстаўнікі пальшчызны заўжды складалі ў Вільні большасць насельніцтва. На другім месцы былі габрэі, на трэцім-чацвёртым беларусы і літоўцы, колькасць каторых не перавышала 2-3 адсоткаў. Але трэба разумець, што ў катэгорыю “палякі” уваходзілі ў асноўным этнічныя жыхарцы края, якія прынялі каталіцызм і польскую культуру. Як вынік, менавіта Вільня стала цэнтрам краёвасці і тутэйшасці. Мінск жа быў бастыёнам русіфікацыі, пазіцыі палякаў тут былі значна слабейшыя. Паводле этнічнага складніка, найбольш сярод мінчукоў было габрэяў (42 %), далей ішлі рускія, палякі і толькі потым беларусы (9 %). Гэта, канечне, больш, чым у Вільні, але ўсё адно мала. Агульная ж доля беларусаў у гарадах на пачатку 20 стагоддзя складала каля 17%. — Спадар Захар, давайце пафантазіруем. Калі б сталіцай Беларусі стаў не Мінск, а Вільня, ці змяніўся б ход гісторыі? — Пры збегу падзей, якія мы мелі, сталіцай Беларусі мог быць толькі Мінск. Каб гэты статус атрымала Вільня, трэба было зрабіць шмат паправак. Па-першае, каб у нашы справы не ўмешвалася Расія. Па-другое, каб ад Вільні адмовіліся літоўцы і палякі. Па-трэцяе, каб Германія і краіны-пераможцы ў Першай сусветнай вайне падтрымалі праект БНР. Магчыма, гэта адбылося б у канфедэрацыі з Літвой, і мы сталі б краінай з выхадам да Балтыйскага мора. Магчыма, частку нашых усходніх зямель захапіла б Расія, аднак мы б заставаліся еўрапейскай краінай... Мінск заўсёды быў цэнтрам рускай культуры і азначаў для нас усходні арыенцір на Расію. У той жа час, царызм і бальшавікі імкнуліся пазбавіць нас гістарычнай спадчыны ВКЛ і адрэзаць ад Вільні, каб ператварыць вялікі славянскі народ у матэрыял для паспяховай русіфікацыі. Хто знішчыў наш горад? — Якія прыродныя катаклізмы спрычыніліся да найбольшых зменаў горада? — Ад пачатку ў Мінска было дзве навалы: паводкі і пажары. Нізкія берагі Нямігі прыводзілі да таго, што Свіслач разлівалася, затапляючы прырэчныя раёны. Некаторыя дамы нават будаваліся на палях. Паводкі сталі адной з прычын таго, што гістарычны цэнтр з Нямігі, адкуль пачыналася места, быў перанесены ў Верхні горад — на ўзгорак цяперашняй плошчы Свабоды. Паколькі горад быў драўляны, пажары часта ці не цалкам вынішчалі забудову, як гэта было ў 1835 і 1881 гадах. Менавіта агонь расчышчаў пляцоўку для будаўніцтва камяніц. Царскі ўрад навад выдаваў інстрыкцыі, паводле якіх цэнтральныя вуліцы мусілі забудоўвацца толькі камяніцамі. — Ад прыродных катаклізмаў — да сацыяльных... — У першую чаргу гэта, канечне, войны. Падлічана, што цягам сваёй гісторыі Мінск вынішчаўся каля трохсот разоў і кожны раз, нібыта птушка Фенікс, адраджаўся да новага жыцця. Апроч войнаў аблічча горада сціралася галоўным чынам пад уздзеяннем змены ўладаў. Разбурэнні пачаліся пасля разбору Рэчы Паспалітай і далучэння беларускіх зямель да Расійская імперыі. Гэта было рацыянальнае вынішчэнне, калі касцёлы перараблялі ў цэрквы, ратушы спачатку перабудоўвалі ў адміністратыўныя будынкі, а потым вынішчалі, сціраючы сляды еўрапейскасці горада. Наступная сацыяльны катаклізм — захоп улады бальшавікамі. За саветамі, якія ператваралі губернскі Мінск у сталіцу БССР, пачалося варварскае руйнаванне. Цэрквы падрываліся і пераўтвараліся ў склады. На месцы шматвяковай гістарычнай забудовы паўставалі новыя савецкія сімвалы — Дом ураду, Оперны тэатр, Інстытут фізкультуры… Пад новабуды выбіралася найлепшае месца ў горадзе без аглядкі на тое, што там стаяла. Паваенныя разбурэнні па сваім маштабе не надта саступалі ваенным. Пакуль у Варшаве, Дрэздэне, Ковентры аднаўлялі гістарычную забудову, у нас дабівалі і тое нямногае, што засталося. З Мінску рабілі ўзорны сацыялістычны горад, а гэта вымагала вялікіх ахвяраў. Аднак сродкаў у бальшавікоў хапіла толькі на праспект Сталіна-Леніна, а гэта толькі адзіны фрагмент запланаванага ідэальнага гораду. Найбольшым жа злачынствам супраць гісторыі было будаўніцтва Паркавай магістралі (пазней — праспекта Машэрава). Паводле ўсіх агульнапрынятых нормаў, падобныя магістралі трэба было пускаць пад зямлёй. У нас жа перарэзалі два гістарычныя цэнтры, у выніку чаго мы згубілі Нямігу. Падчас работ на старажытным замчышчы вывезлі унікальныя культурныя слаі. Таму, калі жадаем вярнуць Мінску гістарычнае аблічча, па-добраму, цяперашні праспект Пераможцаў трэба зачыняць, а з будынкаў найперш зруйнаваць велізарны савецкі гмах, які стаіць паміж плошчай Свабоды і Нямігай. Постсавецкія працэсы ў старым горадзе можна сцісла акрэсліць словам “еўрарамонт”. Старая забудова ці вынішчалася ці рэканструкцыянавалася вельмі дзіўным чынам: аўтэнтычныя сцены, брук замянялі наватворамі з сучасных матэрыялаў. Прычым робіцца гэта з поўнай упэўненасцю, што муляж можа выдаць за цукерку і гэтым прывабіць турыста. — Савецкая прапаганда запэўнівала, што Мінск падчас вайны знішчылі нацысты. Некаторыя незалежныя даследнікі і эмігранцкія дзеячы сцвярджалі, што ў значнай ступені руку да гэтага прыклалі самі саветы. На чыім баку праўда? — Праўда такая, што Мінск разбураўся агульнымі намаганнямі нацыстаў і бальшавікоў. Сапраўды, перад адступленнем Чырвонай Арміі органы ўнутранай бяспекі і вынічшальныя атрады падпальвалі будынкі, каб не пакінуць нічога немцам. Пра людзей ніхто не думаў. Таму пажары пачаліся не толькі ад нямецкіх бамбардзіровак, але і ў выніку дзейнасці бальшавікоў. Падчас акупацыі Мінск цярпеў ад бамбардзіровак з савецкай тэрыторыі. Значным выпрабаваннем дя горада стаў штурм савецкай арміі і выгнанне немцаў 3 ліпеня 1944 года. Потым гэтыя разбурэнні былі залічаны на рахунак нацыстаў і ўключаны ў лік рэпарацый. “Турыстаў не завабіш муляжамі” — Спадар Захар, на вашу думку, у чым прычына таго, што і ў суверэнныя гады ў Мінску не захоўвалася і дагэтуль працягвае вынішчацца астатняя гістарычная забудова? — Цяперашняя сітуацыя адрозніваецца ад той, якая існавала пры Савецкім Саюзе. Пасля вайны Мінск напоўніўся прыезджымі, Беларуссю кіравалі чужынцы і ім было ўсё роўна, якая там забудова. Цяперашнее кіраўніцтва горада разумее важнасць гістарычнай забудовы, аднак яно не лічыць, што старыя забудовы трэба захоўваць. Таму існуе тэорыя, што старызну можна разбурыць, а на руінах пабудаваць больш прыгожую копію з сучаных матэрыялаў. Пачатак гэтаму быў пакладзены ў Траецкім прадмесці - прыклад абсалютна штучнай, неаўтэнтычнай рэстаўрацыі. Люді не разумеюць, што такіх муляжоў, як гатэль “Еўропа”, можна пабудаваць колькі заўгодна, але ж турыстаў імі не зацікавіш. У нас існуе заганная праблема планавання горада. Ад самага пачатку не была выдзелена пляцоўка па-за гістарычнай забудовай для разбудовы гандлёвай і бізнэсовай часткі. Таму ў нас City узводзяць наўпрост у Старым горадзе. Акрамя таго, у Белаурсі няма дасканалых законаў, якія б строга ахоўвалі аўтэнтыку забудовы. Пры вырашэнні праблем горадабудаўніцтва гарадскія ўлады не маюць надзейных экспертаў, а таксама не раюцца з грамадскасцю ды не прыслухоўваюцца да незалежных гіторыкаў, культуролагаў і архітэктараў. — Знішчаны вайной, варварствам савецкіх і беларускіх “незалежных” чыноўнікаў Мінск страціў гістарычнае аблічча і душу. Што неабходна, каб адрадзіць яго і ці магчыма гэта наогул? — Агульнымі намаганнямі царскага і бальшавецкага рэжыму зроблена ўсё, каб знішчыць аўтэнтычны вобраз Мінску. Рэальна аднавіць гэта гістарычнае аблічча немагчыма. Добра, калі ў Мінску захавалася каля двух соцень дамоў, якім больш за сто гадоў. Аднак і яны ў значнай ступені знаходзяцца ў перабудаваным выглядзе. Каб вярнуць у Мінск нацыянальную беларускую душу, неабходна беларусізацыя горада. Для пачатку трэба перайменаваць усе савецкія назвы, а сімвалам і помнікам той эпохі знайсці месца ў музеях. Часам мне здаецца, што патрэбны больш радыкальныя меры — перанесці сталіцу Беларусі ў іншае месца. Напрыклад, у старажытны Заслаўе. Мінск бы заставаўся навуковым, эканамічным і культурным цэнтрам побач з гэтай сталіцай. — І напрыканцы пытанне ад нашага слухача. Якую мінскую вулачку вы любіце больш за іншыя? — На жаль, суцэльнай старой вуліцы, по якой можна спакойна прайціся, акунуўшыся ў атмасферу старага горада, не існуе. Толькі фрагменты Ракаўскай, Рэвалюцыйнай, Камсамольская, Валадарскага... Таму Больш за ўсё ў сучасным Мінску я люблю батанічны сад. TUT.BY
Папярэднія навіны- Тозик предложил Китаю поучаствовать в реализации проекта "Минск-Сити"
Апошняе ў праекце |
МенюПошукФотазамалёўкіАпытаньнеАпошняе на форумеНяма дадзеных Апошнія артыкулы- Васіль Шарапаў "Сённяшняе і заўтрашняе сталіцы" Наш гузік
Лічыльнікі |