Каменная Горка будзе самым вялікім жылым раёнам Мінска
Каменная Горка можа стаць самым вялікім жылым раёнам Мінска: тут плануецца пабудаваць амаль 2 млн.кв.м жылля. Пра гэта паведамілі ў ААТ «МАПІД», якое ўжо ўвяло тут у эксплуатацыю больш як дзесяць жылых дамоў.
Архітэктары прапануюць стварыць у Каменнай Горцы ансамбль з пяці мікрараёнаў. Аснову забудовы складуць дамы вышынёй у 9 і 16 паверхаў. Упрыгожыць раён група 9‑ і 18‑павярховых дамоў, пабудаваных па індывідуальных праектах.
Пры гэтым дамы ўзводзяцца групамі, тым самым ствараецца адзіная дваровая прастора, на якой можна арганізаваць паўнацэнную дзіцячую пляцоўку, месца адпачынку. Для новага раёна прадумана і схема размяшчэння асабістага аўтатранспарту. Машыны можна будзе паркаваць па перыметры кожнага квартала, а не ў дварах. Для гэтага ў кожным з пяці мікрараёнаў арганізуюць да тысячы машынамесц.
Архітэктурным упрыгажэннем Каменнай Горкі стане зялёная зона ў форме падковы. Яна праляжа праз усе мікрараёны. Менавіта тут прапішуцца школы (па плане 11 школ), дзіцячыя сады (18), спартыўныя і дзіцячыя пляцоўкі.
А ў цэнтры Каменнай Горкі запраектаваны мясцовы рынак, прадпрыемствы бытавога абслугоўвання, ФАК з басейнам, запланаваны кінатэатр, музычная школа, рэстаран і кафэ, бібліятэка, маладзёжна‑забаўляльны цэнтр і іншыя аб’екты.