Яна доўжылася больш чым 4 гады: з 28 ліпеня 1914 г. да 11 лістапада 1918 г. 28 ліпеня 1914 г. Аўстра-Вугоршчына абвясьціла вайну Сэрбіі, 1 жніўня Нямеччына Расеі, а 2 жніўня Нямеччына заняла Люксэьбург.
У выніку баявых дзеяньняў і наступстваў вайны загінулі і памерлі каля 10 млн чалавек, былі параненыя 20 млн, яшчэ 10 млн памерлі ад голаду і эпідэмій.
У вайну былі уцягнутыя 38 дзяржаў з агульнай колькасьцю насельніцтва ў 1,5 млрд чалавек.
Сёньня ў Вялікабрытаніі, Францыі і Бэльгіі праводзяцца мерапрыемствы, прысьвечаныя 90-годзьдзю падпісаньня Камп’енскага міру, паведамляе Euronews.У Бэльгіі яны пачаліся ў панядзелак, пад Іпрам. Там у лістападзе 1914 г. брытанскія, францускія і бэльгійскія войскі трымалі абарону цягам велізарных ахвяр, а ў красавіку 1915 г. немцамі быў упершыню ў гісторыі прыменены нэрвова-паралітычны газ, які цяпер ўсе называюць іпрыт.
У Лёндане ўрачыстая цырымонія пройдзе ля мэмарыялу Кенатаф на Уайтхоле.
У Францыі ўрачыстасьці пройдуць на былой лініі фронту ля Вэрдэну, дзе сукупныя страты двух бакоў склалі 300 тыс. чалавек. У гэтых урачыстасьцях возьме ўдзел Нікаля Сарказі.
Францускія гісторыкі цьвердзяць, зазначае Euronews, што французам ня выстаяць было б у вэрдэнскай мясарубцы, каб не Нарачанская апэрацыя расейскай арміі ў Беларусі.
***
Для Беларусі вайна таксама мела велізарныя наступствы.
Край у выніку нямецкай акупацыі быў падзелены на дзьве часткі: па лініі Дзьвінск (Даўгаўпілс) -- Паставы – Смаргонь – Баранавічы -- Пінск.
Наступ нямецкага войска ў 1915 г. прывёў да прымусовай эвакуацыі 1.3 млн чалавек, было зьнішчана 65% прадпрыемстваў.
Вайна спрычынілася да падзеньня Дому Раманавых, Кастрычніцкай рэвалюцыі, а потым гісторыя прывяла да абвяшчэньня незалежнасьцьі БНР, ды нарэшце стварэньня БССР.
***
Урачыстыя мерапрыемствы з нагоды заканчэньня Першай сусьветнай вайны пройдуць сёньня ў Баранавіцкім раёне.
Тут адбудзецца ўрачыстая імпрэза з удзелам аматарў гісторыі ў форме нямецкай, аўстра-вугорскай і расейскай армій. Таксама адбудзецца цырымонія акдрыцьця Памятнага каменя ў памяць усіх загінулых падчас Першай сусьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі, паведамляе Інтэрфакс.
Возьмуць удзел ва ўрачыстасьцях праўнук канцлера Нямеччыны Аляксандр фон Бісмарк і прэзыдэнт Рускага клюбу мастацтва і культуры княгіня Наталі Галіцына.