Больш за 400 чалавек выказалі жаданне дапамагчы Рыгору Барадуліну
Акцыя ў падтрымку Рыгора Барадуліна, які чарговы раз трапіў у бальніцу, мае плён: на заклік дапамагчы народнаму паэту адгукнулася 400 ахвярадаўцаў. І людзі працягваюць зьвяртацца.
Вось што кажа Глеб Лабадзенка, арганізатар акцыі: "Актыўны этап бадай скончыўся. Цяпер зьвяртаюцца менш - ад 5 да 10 ахвочых дапамагчы штодня. Людзі звоняць адусюль і помач ідзе адусюль. Ёсьць і своеасаблівыя рэкорды. У Гародні журналіст Вітаўт Руднеў сабраў ажно 30 заявак. Юрась Ступакоў з Баранавічаў - 15. З апошніх ахвотнікаў: Лявон Вольскі зь сям’ёй. Да таго ж ахвяраваньні прыходзяць з-за мяжы. Зь Вільні мы атрымалі 6 зваротаў, з Прагі - 5. І кажуць, што будуць дапамагаць яшчэ. Напісалі нават зь Італіі: карэнная італьянка, якая вучылася на славянскім аддзяленьні, пачуўшы пра паэта, прапанавала сваю помач хутчэй на доўгую пэрспэктыву - ў выданьні барадулінскіх кніг па-італьянску".За сваю дабрачыннасьць усе ахвотнікі атрымліваюць кнігі з дарчым подпісам Барадуліна. Андрэй Хадановіч, які прыйшоў, каб ахвяраваць і атрымаць свой асобнік, убачыў, што рук у арганізатараў акцыі яўна не хапае, і таму застаўся разгружаць кнігі. Андрэй кажа, што акрамя дасягненьня высакароднай мэты падтрымаць дзядзьку Рыгора, у дадатак маем выдатную акцыю па папулярызацыі беларускай паэзіі. Глеб Лабадзенка дадае, што менавіта асоба Барадуліна, яго творчасьць, так узьняла людзей дапамагчы. "Канешне, калі б хто іншы трапіў у падобную сытуацыю, дык людзі таксама б дапамаглі, але гэтае багацьце водгукаў сьведчыць, што людзі рэагуюць менавіта на постаць дзядзькі Рыгора і гэтак выражаюць яму сваю ўдзячнасьць за вершы".
Сам Барадулін пачуваецца збольшага лепей, але яго яшчэ колькі дзён будуць трымаць у бальніцы. Паводле Лабадзенкі, дзядзька Рыгор "хіба трохі засмучаны гэтакай шуміхай вакол сваёй асобы". Нагадаем, што з прапановамі дапамагчы можна зьвяртацца на электронны адрас: labadzenka@gmail.com.