Антон Адамовіч "Менску (на ўгодкі вялікае пажогі)"

Друкуецца па выданьню “Каханы горад: зборнік эміграцыйнае ваеннае прозы”, 372 с., МГА “Беларускі Кнігазбор”, 2006, наклад 200 ас.

Менск, многацерпялівы, многапакутны Менск!

Ці памятаеш ты, ак калісьці, даўно-даўно, на Нямізе тваёй «снапы слалі галовамі»? Ці памятаеш ты злых Яраславічаў, Менск? Ці ўспамінаеш і Ўсяслава свайго, таго Чарадзея, ваўкалака? «Скочы ваўком да Нямігі з Дудутак»...

Забыўся, стары... Забылася й Няміга твая, забылася, звузела, здрабнела, пад мост загналі... Не «дабром пасеяныя» берагі, не «касьцьмі сыноў» — брудам і поскудзьдзю зацягнула, заплыло...

Манамаха ці ўспомніш, Менск? Крывавы рогат: ха-ха, «ізьехахом горад і не оставіхом ні чалядзіна ні скаціны», ха-ха-ха... Тройчы набег Манамахаў ці памятаеш, Менск?

А маскоўскіх татараў, калмыкаў? А Махмэт-Гірэеў ясыр?

І пажары, пажары, пажары...

А Вялікага маленькага Карсыканца, гэтага, на белым кані,— гэтага хіба што мусіш успомніць?

То ж на бруку тваім першы раз спатыкнуўся ваеньніцкі конь... Памятаеш?

... 26-ты чэрвень 1812 год...

Сусьвет пад нагамі, а на бруку тваім першы раз спатыкнуў ся ваеньніцкі конь...

Не, лепш не ўспамінай, лепш забудзься на ўсё, стары, родны, любы Менск! Бо не забыцца табе на адное ніколі.

Не забыцца, як мора агню залівала, плыло і гуло, рагатала старым манамахавым рогатам, трашчэла і пырхала дробным, зларадным сьмяшком.

Не забыцца і не дараваць. Ні таму, ні другому. Ніколі.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Чулі мы ня раз: «Вільня мае сваю душу». Дзе твая душа, Менск? У чым яна?

Ці ня ў імі тваім схаваны сьлед душы твае, Менск?

Горад менны, ты заўсёды мяняў, Менск. Куны, лісы, попел, смалу і соль... Рагвалодавічаў на Яраславічаў, Глебавічаў на Манамахавічаў, польскіх ваяводаў на маскоўскіх — гаспадароў, валадароў сваіх ты мяняў, Менск.

Нават імя сваё — хоць траха, а зьмяняў, Менск. Зносіў, як Мінскам дражнілі цябе.

І забылася Няміга твая, на Ўсяслававу крыўду забылася, а душою тваёй прагавіта жыла...

Імкненьні, імкненьні —

Аўто — і тое памалу,

Нямізе ж мала каменьня —

Сьцены патынкавала

І памаленьку, паволі —

На концы.

Імкненьне яе малое —

Даляры, чырвонцы...

Гэтую конку, гэтую Нямігу, пэўна, добра памятаеш, Менск.

Удзень — Нізкі Рынак, увечар — Брахалка*...

Зьнікла яна, а ўспамінаецца часта:

Як пыл падкалёсны,

У шчыліне кожнай

З усьмешкаю злоснай

Нам зычыць варожасьць:

Вы пашырайце культуру,

Стварайце паэмы, пішэце карціны...

Мы вам з музыкай справім хаўтуры,

Мы вам вянкі ўзложым на дамавіны...

Вы разьбівайце сабе галовы

Ў жалю і крыўдзе за міліёны —

«Дурань заўсёды ходзіць голы,

А разумнага ногі кормяць»...

Зьнікла — ці ж бы? Можа, толькі ў новай скуры — і шчэ горш, бо як бы ў сваёй — мяняе зноў — на Сураскім, Камароўскім, Чэрвеньскім... І — «як пыл падкалёсны»:

— Белоруской (!) буржуазіі не дают развіваться...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Старога дудара свайго ці памятаеш, Менск?

Няма, як Менск наш! — дзетачкі міленькі!

Прыгожы, відны, кругом весяленькі...

А гэтага, замілаванага ў цябе трубадура:

Цераз даліны і палі ішоў

Ад бору ў Менск паволі вечар,

І калыхаўся за плячыма шоўк,

Лілёвасьцю аздобіў плечы.

Можа, гэта ня вечар, а дух іхны — дух узыходу і ўзвышша—

Над Менскам лёг на стрэхі камяніц,

Усьпёршы галаву на локаць.

А Менск шуміць, а Менск шуміць,

Пакуль ня прыйдзе ноч здалёку...

А памятаеш, Менск, быў ты — Беларускі Дом.

Вежа твая — маяком. Старая вежа з гадзіньнікам.

І натхнёна трубіў трубадур:

Летуценьні многіх міліёнаў

І змаганьне ўпартае вякоў —

Менск акрэсьліў і краінай вольнай

Беларусь да росквіту павёў.

Ды ўроджаны твой Максім — хоць калі яшчэ — а напрарокваў:

Мы к сьветлу з табой узьляцелі

І шкло ўкруг напаткалі...

І далей болей вёў —

...Матыль дрыжыць ад болю,

Прываблены жывым агнём,

Ён рынуўся туды бяз волі

І сьмерць сваю спаткаў у ём...

Колькі такіх матылёў спаліў ты, Менск! А колькі нас апаліла тады сваё крыльле...

Ты і тады, ты і тады мяняў. Мяняў, разьменьваў сьвятое, страшнае:

Б е л а р у с ь.

Адкупіцца хацеў ад іх?

Дык жа вось і застаўся цяпер пры рэшце.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Ты абураны, ты гневаесься на мяне, Менск? Ня гэта твая душа? «Усё цячэ, усё мяняецца» — ты прэтэндуеш на душу самога жыцьця? Можа...

А можа — «дзьве душы»?

Прабач, родны.

— Дзе п'юць, там і льлюць.

І я, і ты.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Рана вуліцамі тваймі на працу іду.

Не, ня вуліцамі — руінамі.

Руіны стаяць. Руіны ляжаць — друзам.

Возяць друзы старыя коні твае — ламавікі. Цягнуць цягніцы, пружацца з апошняй, цягнуць. Менскія ламавікі — худыя, згаладалыя вайною коні.

Падысьці, упрагчыся, цягнуць разам, бедныя, любыя!

А ці ж ня так ёсьць?

Так жа і цягнеш адзін штодня...

...І некалі так — пайсьці па вуліцах гэтых, расьцягнуцца зьнясіленым ламавіком тваім — Менск, Беларусь!

Так і сканаць. Пад сыкі з «шчыліны кожнай». Пад посьвісты пугі, пад лаянку, гікі.

Шчасьцем такім — родны — не абмінеш?

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Расставаліся калісьці, думалася — навек.

І нечакана — спатканьне...

Дык ці ж можна цяпер ня ймець веры?

Веру! Верым. У цябе, Менск.

І Ён калісьці з горычай, а верыў:

Менск, Менск! Твае заводы —

Больш да карыкатураў падобны.

Але ты расьцьвіцеш,

Ты станеш сапраўдным горадам.

Менск, Менск!

Тады будуць заводы другія,

Не для сэльтэрскай вады ці піва.

Мы можа раней загінем,

Але будзем імкнуцца да мэты

Напорна, цярпліва.

-----------------------------
Брахалка - так у Менску здаўна называюць бульварчык насупраць цяперашняга Генэральнага Камісарыяту. (Заўв. аўтара.)

Сто автогарант на борщаговке сто борщаговка киев. , Стропы буксировочные для грузовых авто - купить стальные буксировочные msk-strop.ru.

Меню



Пошук


 


Апошняе на форуме


Няма дадзеных


Наш гузік



код гузіка



Лічыльнікі