МЕНСК.BY Родны горад жыве тут! |
Мікола Ткачоў "Сцяг ветэрана"
— Здорава!—усклікнуў юнак у сіняватай куртачцы.— I жывы тыя людзі, якія збераглі сцяг? — Як пісалі нам, большасць з іх уключана ў дэлегацыю, што сёння прыязджае да нас. I Карл Фертш сярод ix. Мы папрасілі, і яны вязуць нам свой новы сцяг, уручаць нам на першамайскім вечары, які мы арганізуем у купалаўскім тэатры. Ясна, хлопчыкі, якія людзі да нас едуць? — усміхнуўся Сяргей Рыгоравіч і паглядзеў на свой наручны гадзіннік.— О, хадземце! Вясёлыя і жвавыя, яны рушылі да цэхавых варот. Са святам Кастрычніка... Са слаўнай сорак дзевятай гадавінай... 3 набліжэннем пяцідзесяцігоддзя... Віншуем... Жадаем... Ласкавыя словы, усмешкі, ветлівасць — усюды, на кожным кроку. Гэта ён чуў і адчуваў дома, калі прачнуўся. Гэта ён чуў на вуліцах, пакуль дабіраўся з Грушаўкі. Гэта перарасло ў своеасаблівы хор, калі ён апынуўся на расквечанай чырванню тэрыторыі завода. . Людзі віталі адзін аднаго. Узаемна і горача. Цэлы дзень сёння будуць гучаць прывітанні, і заўтра будуць гучаць — свята! — Здароў, Аляксандр! — аклікнуў ён свайго старога дружбака майстра зборачнага цэха Верымоньку.— Са святам, дарагі! — I цябе, Сяргей!—пачуўся адказ.— Як жыў-здароў? — Змагаюся і не здаюся. — Так і трымай. Нам трэба з табой яшчэ сустрэць і пяцідзесяцігоддзе рэвалюцыі, і стагоддзе Ільіча, і юбілеі Мінска і рэспублікі, ды і свае круглыя сотні. — А як жа, братка, толькі так! — падхоплівае весела Сяргей Рыгоравіч, ідучы далей. Наводдаль ён бачыць станочніц з трэцяга механічнага Алену Моўчан і Марыю Гучок, іх цэхавага важака Пятра Бурачыка, бачыць токара-расточніка Антона Сакольчыка — усе яго былыя вучні, цяпер спрактыкаваныя майстры. Яны ўзмахваюць яму рукамі І нешта крычаць, і ён іх вітае. Насустрач трапляецца Змітро Канапацкі — энергічны малады інжынер, начальнік рамонтна-энергамеханічнага цэха. Пад яго камандай цяпер працуе Сяргей Рыгоравіч. Працуе... Штогод нейкія два месяцы працуе — столькі, колькі прадугледжана пенсіянеру. Сяргей Рыгоравіч цяпер на заслужаным адпачынку. На заводзе, вядома, бывае часта, розныя партыйныя даручэнні выконвае, вопыт перадае моладзі, удзельнічае ў сходах і нарадах — як жа, ён тут, душой І целам па ранейшаму тут. Яму прыемна, што і людзі завода, дзякуй ім, не забываюць, не абыходзяць яго. Цікавяцца яго жыццём, звяртаюцца з просьбам!, стараюцца, каб ён хоць кароткі час, але папрацаваў з імі. Вось і нядаўна яго паклікалі да працы. Захварэў майстар Пятро Кардымон — стары і добры яго прыяцель,— і да Сяргея Рыгоравіча прыслалі паручэнца, папрасілі, каб ён узначаліў участак. Яму вядома, што гэта — увага Змітра Канапацкага, нават самога дырэктара завода Міхаіла Шпакоўскага. — Са святам, Сяргей Рыгоравіч! — I вас віншую, Змітро Мустафавіч. Далека нашы? — Не. Праходзьце, я хутка вярнуся. Навокал — сцягі, лозунгі, транспаранты. Асабліва многа розных дыяграм, схем, лічбаў. Поспехі завода за пасляваенны час значныя—болей чым у трыццаць разоў павялічыўся выпуск прадукцыі. Удзельная вага прадукцыі кіраўцаў складае ў станкабудаванні Беларусі амаль адзінаццаць працэнтаў. Станкі завода ідуць у дваццаць адну замежную краіну. Нават лічбы ёсць, колькі на заводзе здымаецца прадукцыі з аднаго квадратнага метра вытворчай плошчы, з аднаго металарэжучага станка. Пастараўся Мікалай Баброў — галоўны эканаміст: даў поўныя выкладкі. Вунь ён пахаджвае і, пазіраючы на лічбы, як бы любуецца імі. 1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 |
МенюПошукАпошняе на форумеНяма дадзеных Наш гузік
Лічыльнікі |