МЕНСК.BY Родны горад жыве тут! |
Мікола Ткачоў "Сцяг ветэрана"
Калі выйшаў з прахадной, павярнуў да купкі дрэў, пад якімі тулілася лавачка, Прысеў, удыхаючы з асалодай духмянае паветра. Шапацела лістота над галавой, недзе за спіной грукацела па вуліцы фурманка, а ён, як бы нічога не чуючы, заварожана пазіраў на завод, аддаючыся ўспамінам і развагам. Завод... Сяргей Рыгоравіч разумеў, што такое завод у поўным сэнсе гэтага слова. Няхай ён яшчэ мала пражыў на свеце — усяго толькі дваццаць тры гады, але яму ўжо давялося сёе-тое пабачыць. Як-ніяк ён пяць год працаваў на вытворчасці ў горадзе Волагда — спачатку вучнем токара, а потым токарам. Не прайшлі бясследна і тыя чатыры гады, якія адгрукаў на франтах грамадзянскай вайны і на мірнай армейскай службе. Панагледзеўся, панадумаўся ён нямала чаго за часы сваіх вандровак. I заводы сапраўдныя, вялікія бачыў. Але тым не меней у яго і ў паміне няма таго, каб неяк пагардліва, звысоку ставіцца да гэтага вось мінскага куточка ў лукавіне Свіслачы. Наадварот, ён поўны замілаванасці, любасці да яго. Канечне, гэта пакуль што яшчэ не завод. Ды такая назва і не ў хаду — ні ў размовах між людзьмі, ні на паперах. Гэта звычайныя майстэрні, дакладней кажучы, сельскагаспадарчыя майстэрні. Плугі аднаконныя і параконныя вырабляюцца тут, сеялкі, веялкі, рамантуюцца некаторыя машыны. Прадпрыемства малое, але яно мае сваю гісторыю, нават значную ў асобныя перыяды. Сяргей Рыгоравіч ведае гэтую гісторыю — ад людзей, з газет, ад бацькі і маці — карэнных мінчан. У канцы мінулага стагоддзя, у восемдзесят першым годзе, кажуць, заснавана яно. Было невялікае, але шыльду мела тучную: машынабудаўнічы і чыгуна-меднаметалургічны завод. Выраблялася абсталяванне для паравых млыноў і бровараў, тормазныя калодкі, буксы і кастылі для чыгункі — па тым часе самыя найноўшыя і найважнейшыя індустрыяльныя вырабы ў Беларуси Таму і лічылася найбуйнейшым у краі, хоць рабочых мела нейкую адну сотню. На другім годзе імперыялістычнай вайны было эвакуіравана падалей ад фронту — у Яраслаўль. I людзі паехалі, і абсталяванне было вывезена. Амаль на пустым месцы давялося засноўваць гэтыя вось майстэрні імя Бурбіса, калі нарэшце скончыліся ўсе ваенныя кампаніі і Мінск зрабіўся вольны. Ведае Сяргей Рыгоравіч і пра тое, як рабочы калектыў прадпрыемства — няхай малалікі, але згуртаваны — змагаўся за свае правы, за пралетарскую справу. Неаднойчы тут адбываліся рэвалюцыйныя выступленні, ішла барацьба супраць тых парадкаў, якія панавалі на заводзе і ў краіне. Асабліва бурнымі падзеямі быў адзначаны дзевяцьсот пяты год, калі металісты разам з іншымі пралетарыямі горада выйшлі на вуліцы з чырвонымі сцягамі. Сяргей Рыгоравіч бачыў нават лістоўкі таго часу. Рамантавалі бацькоўскі дом і знайшлі іх у страсе, прыхаваныя некалі братам Паўлам,— о, гэта не абыякія лістоўкі, а агонь, сапраўдны рэвалюцыйны агонь! Помняцца словы іх — прарочыя словы з непахіснай верай у перамогу: «Чырвоны сцяг буравесніка з намі будзе ўсюды і заўсёды!» 1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 |
МенюПошукАпошняе на форумеНяма дадзеных Наш гузік
Лічыльнікі |