МЕНСК.BY Родны горад жыве тут! |
Тарас Хадкевіч "Мінскі трактар"
I яшчэ што характэрна для гэтага шматтысячнага калектыву — прага да вучобы, бо сённяшні ўзровень тэхнікі патрабуе ад рабочых усё большых агульных і спецыяльных ведаў. У 1964/65 навучальным годзе 867 трактаразаводцаў вучылася ў вячэрніх сярэдніх школах, 693 — у тэхнікумах, 664 — у вышэйшых навучальных установах. Тысячы рабочых займаюцца ў гуртках тэхнічнага навучання, у школах перадавога вопыту. «У нас кожны другі вучыцца»,— не без гонару гавораць на заводзе. Праектная магутнасць завода была асвоена калектывам яшчэ ў пяцьдзесят восьмым годзе. Рэканструкцыя вытворчасці, праведзеная ў сувязі з пераходам на выпуск МТЗ-50, адкрыла перад заводам новыя магчымасці. І вось цікава, як нарошчваліся тэмпы вытворчасці трактараў: каб выпусціць першыя сто тысяч, спатрэбілася сем гадоў, другія сто тысяч былі выпушчаны ў тэрмін, у два з лішнім разы меншы,— за тры гады, а трэція сто тысяч — усяго за дваццаць месяцаў. У пачатку ж жніўня шэсцьдзесят шостага года з канвеера сышоў 500-тысячны трактар. Пяцьсот тысяч трактараў! 3 аднаго Мінскага завода, якому нямногім больш за 20 год! Сёння кожны пяты трактар, што выпускаецца ў Савецкім Саюзе,— мінскі. Дарэчы тут прыгадаць гарачую мару У. I. Леніна аб ста тысячах трактараў, якія б дапамаглі партыі павярнуць старую аднаасобную, адсталую вёску на калектыўны шлях жыцця, перабудаваць яе на сацыялістычны лад. Якімі ж цудоўнымі стваральнымі справамі расквітнела гэтая ленінская мара ў краіне сацыялізма! Для сённяшняга калгасніка трактар — такая ж прывычная машына, як некалі ў старыя часы для селяніна прывычнай прыладай была саха. Сярод жа машын, якія заваявалі сёння пашану ў вёсцы, пачэснае месца належыць трактару «Беларусь». Павольна цячэ галоўны канвеер па неабдымным, як здаецца, зборачным цэху. Мы стаім у канцы яго ля шырока расчыненых варот. Недзе ў глыбіні цэха, далёка-далёка ад нас, пачынаецца тэты рух канвеера. Каля яго не відаць беганіны, сумятні, кожны са слесараў-зборшчыкаў, электрыкаў, дэфектчыкаў робіць сваю справу спакойна, упэўнена і дакладна. Колькі ж трэба зрабіць разнастайных аперацый, каб надаць трактару знаёмую нам, звыклую форму!.. I машыны, адна за адной, набліжаюцца да нас, усё больш абрастаючы дэталямі, акрэсліваючыся такімі, як мы іх бачым потым у гатовым выглядзе. Вось чарговы трактар сыходзіць з канвеера. Трактарыст-выпрабавальнік выводзіць яго праз вароты на заводскі пляц, частка якога ўжо застаўлена шарэнгамі такіх жа ззяючых свежай фарбай машын. Некаторыя з іх праходзяць выпрабаванне, ад рокату матораў дрыжыць паветра. А там, далей,— пагрузачная пляцоўка, таксама запоўненая трактарамі, на іх капотах — серабрысты надпіс «Беларусь». Куды іх адправяць сёння? Можа недалёка, у які небудзь з раёнаў Беларусі? Ці можа ў якую з братніх рэспублік — у Эстонію, на Украіну, у Прыволжа? А магчыма, адправяцца яны ў няблізкі шлях за рубеж — скажам, у Венгрыю ці Югаславію, у Данію або Грэцыю ці яшчэ далей — на гарачы бераг Ніла або на гераічны востраў Кубу... У пяцьдзесят зарубежных краін экспартуюцца «сталёвыя коні» маркі МТЗ. Якой папулярнасцю яны карыстаюцца там, расказваў мне адзін знаёмы журналіст, якому даводзілася бываць за мяжой. Адна пакістанская фірма такім чынам рэкламавала мінскія трактары: «Прададзена! Прададзена! Прададзена! 3 жалем абвяшчаем, што савецкія трактары «Беларусь», якія меліся ў запасе, распрададзены з прычыны вялікага попыту». А ў Галандыі фірма па вытворчасці экскаватараў заваблівала пакупнікоў тым, што яе машыны могуць паспяхова працаваць у пары з трактарам «Беларусь». Спецыялісты з Мінскага трактарнага часта выязджаюць за мяжу для арганізацыі тэхнічнага абслугоўвання і рамонту трактараў. У сваю чаргу, пры заводзе працуе Усесаюзная школа падрыхтоўкі замежных спецыялістаў. За некалькі год у ёй прайшло навучанне 235 чалавек з розных краін Еўропы, Азіі, Афрыкі. Завод атрымлівае з-за мяжы шмат пісьмаў з добрымі водгукамі аб яго прадукцыі і ўдзячнасцю за дапамогу ў наладжванні абслугоўвання машын і за падрыхтоўку спецыялістаў. Так вось далека па белым свеце разышлася слава мінскіх трактарабудаўнікоў—аднаго з выдатных рабочых калектываў працавітага беларускага народа. 1 | 2 | 3 | 4 | 5 |
МенюПошукАпошняе на форумеНяма дадзеных Наш гузік
Лічыльнікі |