Тарас Хадкевіч "Мінскі трактар"


Новаму трактарнаму надавалася выключна важнае значэнне: быў створан спецыяльны трэст «Белтрактарабуд», будоўля была абвешчана ўдарнай, камсамол узяў над ёй шэфства.
Ад будоўлі працягнуліся ніці літаральна ва ўсе канцы Савецкага Саюза. Штодзень у адрас Мінскага трактарнага прыходзілі дзесяткі і сотні вагонаў з разнастайнымі матэрыяламі. Будаўнічы матэрыял, машыны і механізмы, метал, абсталяванне, станкі слалі Масква і Ленінград, Кіеў і Харкаў, Данбас і Прыволжа, Урал і Сібір. Далёкія ад Мінска прадпрыемствы, атрымаўшы заказ будаўнікоў-мінчан, лічылі за гонар выканаць яго ў першую чаргу і на самым высакаякасным узроўні.
Узводзіліся сцены цэхаў, і яшчэ да таго, як над імі паяўляліся дахі, у цэхах устанаўлівалася і правяралася з дапамогай прыезджых спецыялістаў са старэйшых трактарных заводаў абсталяванне. Тым часам частка будаўнікоў, у большасці ўчарашніх калгаснікаў, была накіравана на трактарныя заводы ў Волгаград, Харкаў, Ліпецк, Алтайск, каб набыць рабочыя спецыяльнасці, прайсці школу вытворчага майстэрства. Многія з іх, вярнуўшыся адтуль з набытымі ведамі і вопытам, сталі неўзабаве кіраўнікамі і майстрамі вытворчасці на Мінскім трактарным.
Асабліва моцная дружба ў мінскіх трактарабудаўнікоў завязалася з калектывам Волгаградскага трактарнага. Волгаградцы аказалі мінчанам вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы кадраў, у асваенні абсталявання, наладжванні вытворчых працэсаў, у арганізацыі працы. Дружба паміж калектывамі перарасла ў дзейснае спаборніцтва, якое працягваецца і сёння, калі не толькі мінчане вучацца ў волгаградцаў, але і тыя могуць пераняць у мінчан нямала каштоўнага вопыту.
Будаўніцтва Мінскага трактарнага, як і наогул пасляваенная адбудова Мінска,— адзін з канкрэтных яркіх прыкладаў увасаблення дружбы савецкіх народаў, іх бескарыслівай дапамогі адзін аднаму.
Першы трактар выйшаў з эксперыментальнага цэха ў чэрвені сорак дзевятага года. Праз год завод выпусціў партыю гусенічных трактараў. Затым прыступілі да вытворчасці трактараў тралёвачных.
Аднак вялікія патрэбы механізацыі сельскай гаспадаркі высоўвалі перад заводам новыя задачы; калгасная веска чакала трактараў прапашных, універсальных, і заводскія канструктары настойліва распрацоўвалі варыянты, улічваючы навейшыя дасягненні айчыннага і зарубежнага трактарабудавання.
У кастрычніку пяцьдзесят трэцяга года з канвеера сышла першая партыя колавых універсальных трактараў, што атрымалі назву «Беларусь». Спярша гэта былі МТЗ-1 са збліжанымі пярэднімі коламі і МТЗ-2, у якім магла змяняцца каляіна пярэдніх колаў. Яны мадэрнізаваліся, удасканальваліся — у вытворчасць пайшлі новыя мадэлі: МТЗ-5, МТЗ-7.
Трактар МТЗ-7 з чатырма вядучымі коламі якраз і прынёс заводу першую шырокую славу. Ён заваяваў прызнанне і вялікі попыт і ў Беларусі, і ў братніх рэспубліках, і за рубяжом. Але тэхнічныя пошукі на заводзе на гэтым не спыніліся. Канструктары распрацавалі новую, больш удасканаленую мадэль — МТЗ-50, якая, па іх разліках, не уступала лепшым узорам зарубежных колавых трактаpay. Для таго каб распачаць серыйны выпуск гэтай мадэлі, трэба было правесці грунтоўную рэканструкцыю абсталявання. Трактаразаводцы правялі яе, ні на дзень не спыніўшы вытворчасці ў цэхах.
МТЗ-50 — гэта той трактар, які мы можам сустрэць сёння ў любым кутку нашай рэспублікі, на калгасных і саўгасных палях братніх рэспублік і які экспартуецца ў дзесяткі зарубежных краін. Ён мае высокія эканамічныя паказчыкі. На трактары — зручная для трактарыста кабіна, палегчанае рулявое кіраванне. Агрэгатная гідраўлічная сістэма дазваляе працаваць з навяснымі прыладамі сарака назваў. Трактар валодае павышанай праходнасцю, зручны для перавозкі грузаў у прычэпах, можа выкарыстоўвацца ў якасці бульдозера, экскаватара, грэйдарнага пагрузчыка.
1 | 2 | 3 | 4 | 5

Меню



Пошук


 


Апошняе на форуме


Няма дадзеных


Наш гузік



код гузіка



Лічыльнікі