МЕНСК.BY Родны горад жыве тут! |
Аляксандр Міронаў "За пераездам"
Толькі мураваныя гарадскія бойні ды некалькі прыплюснутых драўляных дамоў з абамшэлымі дахамі знаходзіліся па той бок пераезда. А за імі, куды ні глянь,— палі і палі і зарослыя кустамі ўзгоркі, а на самым небасхіле — урачысты, меднастволы сасновы лес. «Архірэйская дача» — так называлася гэтае месца, хоць ніякай дачы тут не было, а само слова «архірэй» ужо ў той час здавалася нам, хлапчукам, да смешнага незразумелым. Між іншым, мы і не задумваліся пра значэнне гэтага слова, таму што навокал ужо стаяла ледзь гаманлівая вяршалінамі сосен лясная цішыня, а сярод яе — то залітыя сонцам прагалы з раскошай брусніц на іх, то ласкавыя астраўкі серабрыстага моху з вельмі паважнымі, зухаватымі чырвонагаловікамі, падасінавікамі і баравікамі. Горад цяпер быў недзе там, за пераездам, а тут — толькі крыкні, і крык твой стогалосым рэхам панясецца далека, далека... I яшчэ была сажалка з цеплаватаю цёмнай вадою, зацягнутай зялёнаю сеткай ціны. Мы купаліся ў гэтай сажалцы і пілі з яе прапахлую балотам ваду, І шчаслівейшых за нас у такія нядзельныя дні не было хлапчукоў ва ўсім нашым Мінску. Калі-нікалі мы сустракалі ў лесе хлапчукоў-цыганоў і разам з імі ішлі да іх у табар. Мы дзяліліся з імі тым, што звечара ўгарнулі для нас у газетныя пакункі нашы мамы, а малыя цыганчукі частавалі нас смачнай печанай бульбай з прыску. Яны расказвалі, а магчыма, і хлусілі нам пра далёкія падарожжы іх табара, а мы хваліліся сваімі бацькамі, якія не ў кібітках качуюць, як іхнія, а кожны дзень водзяць па стальных рэйках магутныя і хуткія цягнікі. А калі яны не верылі, мы прымушалі іх прыслухоўвацца да грукату цягнікоў, якія праносіліся зусім блізка ад нас, за дрэвамі. Гэта месца ў мінчан называлася ў той час так: «За пераездам». За пераездам — значыцца, за ўскраінай Мінска, за чыгункай і самымі апошнімі домікамі, дзе стаіць толькі лес і цішыня. Далей, у глыбіню лесу, ішла вузкая, выгінастая дарога, пыльная ўлетку і ўся ў гразі восенню і вясной. А куды яна ішла, куды вяла — ці не ўсё роўна нам? Магчыма, што не толькі мы, хлапчукі, але і многія дарослыя мінчане не ведалі гэтага: ці мала вось такіх дарог збягалася з усіх бакоў да нашага Мінска. I толькі некалькі гадоў пасля, ужо юнаком, мне давялося бліжэй пазнаёміцца з той з іх, якая бегла з горада за пераезд. 1 | 2 | 3 | 4 |
МенюПошукАпошняе на форумеНяма дадзеных Наш гузік
Лічыльнікі |