МЕНСК.BY Родны горад жыве тут! |
Іван Грамовіч "Мінскія поры года"
ЦЯПЛО МЕТАЛУ Зіма На шыбах высокіх заводскіх акон выступіў іней. За вокнамі мароз аж трашчыць, а ў цэху гудуць станкі. Працуе начная змена. Малады рабочы ў кашулі-касаваротцы схіліўся над ціскамі і шоргае напільнікам. Ён слесар. Але побач з ім стаіць такарны станок. Час ад часу ён падыходзіць і запускав яго — ляцяць агністыя стружкі... Абтачыўшы дэталь, ён зноў вяртаецца да ціскоў. Дэталі растуць і растуць на стале іх ужо шмат. Хоць і невялічкія, алебез іх не выйсці зубру-самазвалу за вароты завода. Стары майстар, як гаспадар, праходзіць паміж станкоў. Вусы яго заінелі, не раўнуючы, як ігліцы на соснах, што стынуць на заводскім двары. Ён хукае ў далоні і смачна разгладжвае імі вільготную сівізну. Ён строгі, прыдзірлівы чалавек. Юнак па адным толькі яму знаёмым руху здагадаўся, што майстар яго не міне, і яшчэ ніжэй схіліўся над ціскамі. Станкі гудуць напружана і манатонна, асабліва ноччу... I вось стары вусач дастаў з кішэнькі мікраметр, узяў са стала дэталь, паднёс да лямпачкі, пакруціў у руках. Яшчэ адну ўзяў, паглядзеў, памераў... Потым крануў юнака за рукаў, і той на момант затрымаўся каля ціскоў. Тую дэталь, якую малады слесар шурпатым напільнікам нагрэў да таго, што яна аж пяклася, майстар захацеў праверыць. — Ух, а-а-а! — засмяяўся ён, грэючы свае мазолістыя рукі. I затым дадаў: — Холадна на дварэ... Юнак стаіць, чакае, што скажа майстар пра яго работу. Але стары майстар сціснуў аберуч дэталь, грэючыся аб яе. — Люблю такое цяпло...— гаворыць ён і ўспамінае:— Гэтак жа, бывала, у вайну... На Урале. Мы снарады шліфавалі. Па некалькі змен ад станкоў не адыходзіліся. Дзень і ноч. Усё — для фронту! Усё — для перамогі!.. А цэх не такі, як наш. Наспех скіданы, эвакуіраваны... Адным словам, холадна, нутро стыне. Дык вот, як азябнеш, помню, возьмеш з ціскоў нагрэтае жалеза, сваю работу,— ды за пазуху! Не спрабаваў? Вядома, не даводзілася. Калі прыйдзецца абагрэцца — паспрабуй!.. Майстар памераў штосьці, параўнаў у руках дзве дэталі і, апошнюю вяртаючы юнаку, сказаў: — Ніштавата выходзіць. Налаўчыўся, добра робіш... Старайся, сынку, заўсёды так! Сказаў і пайшоў у сваю канторку паважна, не аглядаючыся. А слесар яшчэ некалькі секунд трымае сваю дэталь... Ён усхваляваны. Колькі ён вучыўся, збіваў да крыві пальцы, працаваў, каб заслужыць такое слова ад гэтага скупога на пахвалу сівога майстра!.. Яшчэ спарней пайшла работа. Юнак адшліфаваў адну, другую, трэцюю дэталь, азірнуўся і... сціснуў кусок металу ў прыгаршчах... Ён не празяб, не! Ён думае... Ды што казаць, вы, напэўна, самі не раз адчувалі цяпло свае работы і разумееце, што гэта такое!.. Няхай ён з басаногім вясковым маленствам яшчэ не бачыў Урала! Няхай яшчэ мала чаго спазнаў у жыцці! Але чатыры дзённыя нормы сёння вырабіў! Ён рад і шчаслівы. Яму на сэрцы хораша. Юнак сагрэты нястынучым цяплом, хоць на дварэ зіма... 1 | 2 | 3 | 4 |
МенюПошукАпошняе на форумеНяма дадзеных Наш гузік
Лічыльнікі |