Сяргей Грахоўскі "Тры песні любві"


ТРЭЦЯЯ ПЕСНЯ

Песня пра нараджэнне. Колькі разоў секлі цябе чужынцы мечам і палілі агнём, колькі разоў твае ўзвышшы, берагі Нямігі і Свіслачы засяваліся касцямі і зарасталі палыном? А ты ўзнімаўся ізноў. Твае сыны валілі лес і ставілі новыя зрубы, да неба ўзнімалі званіцы, насыпалі валы і клалі сцены.
Так было і ў апошнюю вайну. Яшчэ тлелі галавешкі на тваіх папялішчах, а над Домам урада ўзвіўся чырвоны сцяг. Па тваіх руінах ішлі на Захад масквічы і сібіракі, казахі і грузіны, украінцы і сыны зямлі, стольным горадам якое ты быў, ёсць і будзеш. Яны гналі страшэнную пачвару з перабітым хрыбтом, каб яна ніколі болей не прыпаўзла на нашы палі, засеяныя шчасцем.
Ты памятаеш, як ішлі і ішлі чырваназорныя палкі і дывізіі па тваіх папялішчах. Іх называлі «мінскімі». Ты не забыў імёны тых, што паміралі, каб жыў ты, каб гадаваліся і радаваліся дзеці тваіх абаронцаў і будаўнікоў.
У дзень твайго вызвалення неба Масквы свяцілася снапамі чырвоных, зялёных і сініх агнёў салюта. Сталіца Краіны Саветаў адзначала дзень твайго новага нараджэння. «Мы адродзім цябе, Мінск!» — у той жа дзень сказала партыя камуністаў.
I зазвінелі рыдлёўкі на тваіх яшчэ гарачых руінах. Тысячы тых, каго ты засланіў і збярог у пару ліхалецця, выйшлі на твае вуліцы і плошчы. Яны прыбіралі друз і каменне, пакручаныя агнём бэлькі, залечвалі глыбокія раны на тваім знявечаным целе. Тады ты ўбачыў, колькі ў цябе сяброў на нашай зямлі: Масква і Ленінград, Урал і Сібір, Ташкент і Горкі, Яраслаўль і Алма-Ата слалі табе свае дарункі, каб ты хутчэй акрыяў і стаў такім, як сёння. Не забудзь жа іх! Не, ты не забудзеш, бо і цяпер штодня цябе саграе цяпло і шчодрасць братніх сэрцаў.
Знікалі завалы і разбітыя закураныя сцены тваіх дамоў. Там, дзе некалі былі вуліцы, з'яўляліся вялікія пустыя плошчы. «Што ж далей? — пыталіся мы.— Якім ты будзеш, наш родны горад?» А ты ўжо быў. На вялікіх лістах паперы нараджалася тваё новае аблічча, яно жыло ў думках тваіх дойлідаў. Ты ж помніш імёны Андросава і Абразцовай, Талмачова і Трахтэнберга, прафесараў Паруснікава, Сямёнава і Палякова? Яны хадзілі па тваіх руінах і ўжо бачылі Ленінскі праспект і плошчу Перамогі, Паркавую магістраль, твае зялёныя бульвары і скверы, новыя вуліцы і мікрараёны. Табе і самому не верылася, што так хутка вырасцеш, што станеш такім прыгожым, прасторным і светлым, як сёння, што будзе дзівіцца і захапляцца табою кожны, хто хоць раз прыйшоў да цябе на спатканне.
Хто ж цябе падняў з руін і попелу, хто даў табе новае жыццё на старажытнай зямлі дзевяцьсотгадовай гераічнай гісторыі, хто вылету тваё аблічча і ўдыхнуў гарачую жывую душу? Хто цябе паставіў на вякі, каб ніводная бура і навальніца ніколі не зламала? Хто? Іх тысячы, блізкіх і далёкіх сяброў. Імя ім—непарушнае савецкае братэрства. Гэта яны кавалі для цябе сталь на заводах Магнітагорска і Кузнецка, гэта яны прысылалі табе цэмент і бетон, самыя яскравыя фарбы і шкло з гарадоў, якіх ты ніколі не бачыў, але іх імёны ўпісаў у свае сэрца. Яны сталі назвамі новых вуліц — Маскоўская, Ленінградская, Уральская, Волгаградская, Уфімская, Томская,— у іх уся геаграфія нашай краіны.
1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6

Меню



Пошук


 


Апошняе на форуме


Няма дадзеных


Наш гузік



код гузіка



Лічыльнікі