МЕНСК.BY Родны горад жыве тут! |
Сяргей Грахоўскі "Тры песні любві"
ПЕРШАЯ ПЕСНЯ Яшчэ ніколі не бачаны, ты мне сніўся і мроіўся ў глухім палескім мястэчку. Тады да цябе ад краю майго маленства было далёка-далёка, на многа далей, як цяпер. Ты быў за сотым небасхілам, за лясамі і рэкамі, на світанні наступнага дня. Мы і сустрэліся з табой раніцай. Ад першай сустрэчы запомніліся ўсе колеры, пахі і гукі таго Мінска, які застаўся толькі ў памяці нямногіх старажылаў і маіх равеснікаў. Сонечным і белым, нібы заліты сырадоем, здаваўся ты ў тое ранне. Па выбітым вільготным бруку Савецкай вуліцы цокалі падковы рамізніцкіх коней. Яшчэ былі зачынены аканіцы доўгіх жоўтых дамоў, што стаялі побач з прысадзістымі камяніцамі. Яны мне тады ўяўляліся вялізнымі гмахамі, а балконы здаваліся высунутымі шуфлядамі камодаў. Я бачыў цябе яшчэ без Дома ўрада і помніка Леніну, без універсітэцкага гарадка і опернага тэатра. У пачатку Савецкай стаялі домікі з зялёнымі дворыкамі, а на Траецкай гары хлюпаў па гразі, гаманіў, крычаў і мітусіўся стракаты рынак, тарчалі паднятыя аглоблі сялянскіх фурманак. На адных віселі вянкі цыбулі, на другіх — сушаныя грыбы, на трэціх — ліпавае лыка. Драўляны мост з патрэсканымі парэнчамі вісеў над Свіслаччу. За ім былі тысячы хат з тоўстага бярвення, ашаляваных і пабеленых домікаў з мезанінчыкамі, з высокімі парканамі і зграбнымі плоцікамі вакол палісаднікеў. Здаецца, былі тады за Свіслаччу толькі чатыры мураваныя дамы: касцёл на Залатой горцы, конная міліцыя, польскі педтэхнікум і кантора трамвайнага парка. Я помню вузенькую Ленінскую вуліцу з магазінамі і цырульнямі, фатаграфіямі і чаднаю сталоўкаю насупраць гасцініцы «Еўропа», а на рагу Камсамольскай вуліцы — прысадзісты барак. У ім круцілі фільмы, якія яшчэ не ўмелі гаварыць. Помню святочныя парады і дэманстрацыі на плошчы Свабоды, камсамольцаў у юнгштурмаўках і дзяўчат у зялёных фуражках, студэнтаў у вясковых світках і работніц з чырвонымі касынкамі. Сюды ішлі старыя і дзеці з Камароўкі і Ляхаўкі, Старажоўкі і Серабранкі. I ты не забыў, любімы горад, нашай маладосці, хоць і мала сведак тае пары засталося сярод нас. Але ў памяці жывых назаўсёды засталіся твае Гаспітальная і Правіянцкая, Садовая і Шырокая вуліцы, Шорны і Маляўшчынскі завулкі, лужыны і хісткія дашчаныя тратуары абапал іх. Пачатак трыццатых гадоў мяняў твае абрысы і тваё аблічча: высока ў небе ўзняліся светла-шэрыя кубы Дома ўрада. Ён быў самы высокі ў нашай рэспубліцы. Казалі, што чырвоны сцяг на ім відзён з таго боку граніцы. А граніца праходзіла зусім побач — па Заслаўскіх і Койданаўскіх пералесках. Ты быў тады пагранічнікам і будаўніком: тынкаваў і фарбаваў карпусы універсітэцкага гарадка, заканчваў кінатэатр «Чырвоная зорка», закладаў падмурак тэатра оперы і балета на Траецкай гары. А ў полі, далека за Камароўкаю, будавалася першая клінічная бальніца, узводзілася каланада Акадэміі навук, уздымаліся сцены Дома друку. Дымілі трубы тваіх заводаў «Камунар», «Энергія» і «Бальшавік», на беразе Свіслачы грукаталі і сіпелі машыны «Эльвода», а да яго маленечкі паравозік цягнуў ваганеткі з торфам. Гэта была твая індустрыя. I мы ганарыліся ёю. Першы трамвай, што з грукатам і звонам снаваў па Савецкай вуліцы, рассыпаючы сінія іскры, здаваўся цудам тэхнікі і самым шыкоўным транспартам. А машыны? Іх тады можна было палічыць па пальцах — некалькі грузавікоў і тры-чатыры «эмкі» палохалі коней, што вазілі цэглу і дошкі, дровы і зялёныя будкі з хлебам. Ты ж, мабыць, не забыў і веснавыя паводкі, калі выходзіла Свіслач з берагоў і залівала па самыя дахі прыбярэжныя домікі, затапляла цяперашні парк імя Горкага. Вада перакочвалася праз драўляны мост, па Савецкай, Садовай і Кастрычніцкай вуліцах плавалі лодкі, ратуючы людзей і скарб, а вада несла начоўкі і лесвіцы, куратнікі і венскія крэслы. 1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 |
МенюПошукАпошняе на форумеНяма дадзеных Наш гузік
Лічыльнікі |