Рыгор Няхай "Мінскія замалёўкі"


— Давай сядзем,— кажу,— ды толкам раскажы, якая муха цябе ўкусіла.
Ну, ён здаўся. Селі мы, ён і давай выкладваць тое ды сёе. А ўсё навакольныя шляхі шукае. Ведаеце, хлопец ён нядрэнны — і гаспадарлівы і падкаваны на ўсе чатыры. Але адчуваю, па зямлі занепакоіўся, дзе, моў, мы будзем сваю тэхніку выкарыстоўваць. Тут ён і выдаў сваю слабасць. Заспакойваю я яго — кінь, не трэба крыўдзіцца, лепш добра абдумай... Дзяржаўная гэта справа. Нашых трактараў уся рэспубліка чакае, чакаюць тысячы калгасаў...
Пагаварылі так. Пайшоў старшыня, нічога не сказаў. Не ведаю, хадзіў ён да міністра ці не, але восенню бачу, поле на квадраты разбіта, поўным ходам ідзе пасадка маладых дрэў.
— Атрымалася,— перабіў я інжынера,— нешта нечаканае?
— Чаму вы так думаеце?— здзівіўся ён.— Усё як след, па плану. Людзі гаспадарлівыя, памеркавалі, што рабіць. Яблыкі і грушы заводу патрэбны? Патрэбны. Вось і рашылі пасадзіць сады. Тут, канечне, старшыні трэба аддаць справядлівасць. Яго на мякіне не правядзеш. Адгарадзіўся ад нас садам, і кропка. Не пераступіш. Так і прыйшлося нам пакінуць яго ў спакоі, а самім далей да лесу падавацца. I застаўся за гарадской рысай зялёны востраў.
— Добра. Ну, а цяпер што? — з нецярпеннем запытаў я.
— А цяпер? Цяпер усё наладзілася. Старшыня зноў добрым нашым другам стаў... «Вы там,— гаворыць,— машыны вырабляйце, а калгас у вас зялёным цэхам будзе. Так і лічыце яго зялёным цэхам. I калгас стаў непазнавальным. Ён электрыфікаваны. Атрымалася новая вуліца. Вось будзеце ехаць трамваем і не адрозніце, дзе заводскі, а дзе калгасны пасёлак. А трафарэтка з надпісам «Мяжа горада» аднесена ўжо далей, мо кіламетраў за паўдзесятка...
Інжынер падумаў і дадаў:
— Аб усім гэтым можа і не варта пісаць — старшыня пакрыўдзіцца. Яшчэ прыбяжыць у рэдакцыю ды скандал падыме: «Гэтага не было! Адкуль вы ўзялі такія факты?!» Ёсць жа яшчэ людзі, праўда ці няпраўда, а шумок падняць гатовы.
Ды справа не ў гэтым. Звярніце ўвагу, што Мінск наш выцягнуўся ва ўсе канцы так, што з многіх калгасаў цяпер можна выйсці і сесці проста ў трамвай ці аўтобус.
Гарады таксама прастор любяць.

1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7

Меню



Пошук


 


Апошняе на форуме


Няма дадзеных


Наш гузік



код гузіка



Лічыльнікі