Рыгор Няхай "Мінскія замалёўкі"


Накіроўваючыся ў будаўнічы трэст з мэтай напісаць нарыс, я прайшоў якраз па тых вуліцах, дзе найбольш бурна і рытмічна кіпела будаўнічае жыццё, дзе з кожнай хвілінай нараджалася новае і новае.
У калідоры мне сустрэўся малады рухавы хлопец сярэдняга росту з партызанскім медалем на сінім камбінезоне. Відаць было, што ён спяшаўся, таму і я паспешліва запытаў: «Мне парторга. Дзе яго пабачыць?»
Хлапец на хаду паказаў на дзверы. Нешта знаёмае было ў яго твары, у быстрых упэўненых рухах.
Аднак затрымліваць яго я не адважыўся.
На мае пытанне, дзе можна пабачыць у гэтыя дні самы цікавы будаўнічы аб'ект горада, парторг развёў рукамі.
— Гэтага вам сам галоўны архітэктар не скажа. Усюды цікава. Кожны дзень поўны нечаканасцей. Сёння вы можаце ісці і бачыць толькі дашчаныя платы, а назаўтра з-за іх ужо пакажацца сцяна. Вырасце, як грыб на дажджы. Сёння вы можаце ісці міма будынка, а заутра прыйдзеце — бульдозеры зраўноўваюць месца, дзе ён стаяў. А вазьміце ліпы... За суткі на голай вуліцы можа з'явіцца цэлы сад. Так што выбірайце самі. Пісаць ёсць аб чым...
— Гэта я ведаю. Але мне і пра людзей хочацца ведаць.
— Там, дзе будаўніцтва, там і людзі. Так ужо пісалі са слоў. Але гэта нецікава. А вось на месцы напісаць, пакуль, як кажуць, яшчэ раствор не застыў. Гэта справа. Дарэчы, зараз прыйдзе тэхнік, адзін наш малады прараб. Ён вас і адвядзе на вельмі цікавы ўчастак. Крыўдзіцца не будзеце. Ага! Вось ён ужо тут. Знаёмцеся...
У дзвярах паказаўся той жа хлопец у сінім камбінезоне. Седзячы побач, я прыгледзеўся да яго. Светлы пушок на губах, юнацкія сінія вочы, энергічны твар. А ў манеры трымацца адчувалася сталасць, дакладнасць разважанняў і стрыманасць у размове, хоць, здавалася, малады яго задор так і б'е на паверхню.
Даведаўшыся аб маім намеры, ён уважліва паглядзеў на мяне і, як начальнік падначаленаму, устанавіў дакладны тэрмін сустрэчы:
— Заўтра ў 9.00. Савецкая, 107. Прыходзьце. Пабачыце...
— Дазвольце. А што там? Гэта ж былы тэхнікум...
— Так. Былы тэхнікум. А потым былая школа.
— Я там вучыўся. Думаю пісаць нарыс аб былых выпускніках і запрасіць іх наведацца сюды, цяпер праз многа год, паглядзець, як змяніўся гэты куток...
— I я там вучыўся, але ў школе. Яшчэ нядаўна і жыў там. Ды гэта няважна. А запрасіць можаце. Хай пабачаць...
Парторг размаўляў па тэлефоне, а мы паспешліва ўспаміналі свае мінулае. Прыемнае спатканне. Прыемная справа прадстаяла мне назаўтра.
Прараб — гэта былы хлапчук тэхнікумаўскага двара, сын прыбіральшчыцы. Цяпер яго зусім нельга было пазнаць.
Я пастараўся прыйсці ў дакладна вызначаны час. Работы былі ў поўным разгары. Рэшткі сцен белага двухпавярховага будынка развозіліся аўтамашынамі. Экскаватары, ужо грунтоўна «ўклініўшыся» ў падмуркі, варочалі іх направа і налева сваімі жалезнымі сківіцамі. Над пляцоўкай стаяў пыл. Студэнты, якія выйшлі на суботнік, карчавалі пні. Кожную хвіліну снавалі машыны. Стракаталі адбойныя
малаткі. А з бакоў каткі ўтрамбоўвалі грунт новай магістралі. За імі наступаў эшалон будаўнікоў з бетонамяшалкамі, укладчыкамі цэменту, пад'ёмнымі кранамі для пасадкі ліп і ўкладкі каменных брусоў па баках вуліцы. Такая карціна была прывычнай для мінчаніна, звычайная для горада. Але яна выклікала захапленне, стварала такі настрой, які бывае толькі ў самыя радасныя хвіліны жыцця. У размаху работ, у хуткім тэмпе, у дакладнасці рухаў, у характеры будаўнікоў адчуваліся тыя ж рысы, якімі вызначаліся нашы воіны ў час самых напружаных наступальных баёў на фронце. Розныя франты, розныя задачы, а сэрца савецкага чалавека б'ецца аднолькава І воля да перамогі — адна...
Побач на ўзгорку вырасталі каланады агромністага масіўнага Палаца культуры. Ён выцягваўся ўгору, і будаўнікам яго з пляцовак ужо добра была відаць у абодва бакі роуная бліскучая магістраль з залатістымі асеннімі ліпамі і высокімі асвятляльнымі мачтамі, якія з'явіліся яшчэ толькі гэтымі днямі.
Я азірнуўся па баках. Работа кіпела паўсюды. Рады белых хустак і цёмнага колеру спяцовак мільгалі па ўсёй магістралі, а далей вырысоўвалася шырокая панарама Круглай плошчы, дзе таксама ішла засыпка дарогі, пасадка ліп, устаноўка асвятляльных мачт. Над галовамі людзей, над аўтамашынамі, над кучаравымі вяршалінамі ліп безупынна варочаліся хобаты экскаватараў...
Улучыўшы вольную хвілінку, да мяне падышоў мой знаёмы, а цяпер добры сябар, малады прараб і, выціраючы рукі, параіў:
— Закончыце нарыс так. Прыязджайце, таварышы, на Савецкую, 107. I не здзіўляйцеся, калі вас сустрэнуць тут зялёныя ліпы І шырокая магістраль. Жыццё рушыла наперад...

1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7

Меню



Пошук


 


Апошняе на форуме


Няма дадзеных


Наш гузік



код гузіка



Лічыльнікі