МЕНСК.BY Родны горад жыве тут! |
Уладзімір Карпаў "Мінскія сустрэчы"
6 Тым часам Іван Луцкі і Соня рыхтавалі новыя сустрэчы. На явачную кватэру па Цнянскай вуліцы — двухпавярховы барачнага тыпу дом, атынкаваны і знадворку,— Ваня прывёў Лідзію Дзявочку. Яна загадвала аптэкай па вуліцы МОПРа. У тайніках аптэкі хаваліся не толькі медыкаменты, бінты, назапашаныя для адпраўкі ў лес, але і лістоўкі, міны, атрыманыя адтуль. Сама Дзявочка, як характарызаваў яе Ваня, была імклівай, здольнай на самыя рашучыя ўчынкі. Сапраўды, калі я ўвайшоў у пакой, то ўбачыў стройную маладую дзяўчыну з простай, нават строгай прычоскай, у сціплым, але з густам пашытым гарнітуры. Дзявочка сядзела за круглым сталом пасярэдзіне пакоя і гартала кніжку. Убачыўшы мяне, устала і падала вузкую руку. — Добра, што вы спазніліся,— ухмыльнулася яна.— Добра, што і гаспадар з Луцкім на пасту. Пабольш бы такога,— і без асаблівага пераходу пачала гаварыць, што гітлераўцы наважылі ўжыць супроць партызан атрутныя газы. — Трэба нешта рабіць, папярэдзіць, таварыш Валодзя!.. Я спытаўся, ці няма людзей, што маглі б саставіць інструкцыю супрацьгазавай абароны. — Анішчанка! — падумаўшы, цвёрда сказала яна.— Прафесар Анішчанка. Ён фармаколаг, таксіколаг. I хоць працуе ва ўправе, ужо сёе-тое рабіў па маёй просьбе. Праўда, не ведаючы, для каго робіць. Але ж, безумоўна, здагадваўся... — Гэта небяспечна, мабыць. — Я бяру ўсё на сябе. I калі што, ніхто, апрача мяне, не паплаціцца. Так і знайце... Другі раз я сустрэўся з гэтай быстрай жанчынай праз некалькі дзён. Але ўжо не з адной — яна захапіла з сабою таварышаў: Захара Галу, які працаваў па загаду яшчэ першага падпольнага камітэта ў гарадскім камісарыяце, і рабочага чыгуначнай таварнай станцыі Вікенція Шацько. — Анішчанка задание прыняў,— паведаміла яна, адвёўшы мяне ўбок.— Інструкцыя будзе з дзвюх частак. Хімія ды індыкацыя баявых атрутных рэчываў і першая дапамога пры паражэнні імі. Пазней перашлю Луцкім. — Дабро,— сказаў я, заўважаючы, як Гала з насцярожанай цікавасцю, а Шацько з адкрытым недаверам разглядаюць мяне.— Толькі абавязкова пакіньце сабе арыгінал... Калі я ўвайшоў, яны, абняўшыся за плечы, стаялі каля акна і глядзелі на вуліцу. На скрып дзвярэй павярнуліся, але потым зноў узяліся за рукі. Помніцца, яны здаліся мне таксама прыгожымі не толькі таму, што былі маладыя, Шацько — чубаты, з шырока пастаўленымі, страшнаватымі для дзяўчат вачыма; Гала — з прыемным, тонка акрэсленым тварам, які бывае ў людзей з чулай, паэтычнай душой. Мы селі за круглы стол. Гэта было падобна на пасяджэнне, і, бачачы, што ўсе маўчаць, я прапанаваў: — Ну што ж, таварышы, пачнём. Прашу, расказвайце, калі ласка. — Аб чым?—нахмурыўся Шацько, скідаючы з капена руку друга, які, мусіць, хацеў стрымаць яго.— Чаму мы павінны гэта рабіць? — Відаць, таму, што сабраліся тут. — Два месяцы назад, пасля разгрому, нас таксама спрабавалі сабіраць. I таксама «дэсантнікі з-за лініі фронту». Прыляцелі, маўляў, уручаць урадавыя ўзнагароды... А дагэтуль Іван Іванавіч дзейнічаў. Чулі? Падпалкоўнік, як казаў. Яўкі прызначаў на ваенных могілках, абяцаў адправіць жадаючых у лес. А калі даверлівыя садзіліся ў грузавік, вёз іх прама ў турму. Вы не падпалкоўнік? — Няхай так...— адказаў я.— Але вы ўсё роўна, дарагія таварышы, у маіх руках. Ёсць у гэтым логіка? У адчайных вачах Шацько палыхнула нядобрае святло: ён не прыняў майго жарту. — О не! — выгукнуў.— Пакуль вы тут, вы ў нашых — і палажыў на стол наган. — Вікенцій!..— умяшалася Дзявочка, бачачы, што я таксама кладу перад сабою ТТ. — Спакойна! — папрасіў Гала. Цяжка сказаць, чым бы ўсё гэта скончылася, але ўвайшоў Іван Луцкі і разрадзіў атмасферу. Дый мае паводзіны рабілі таксама сваё. Аднак было ясна: трэба нешта яшчэ, і я загаварыў пра Вялікую зямлю, пра падзеі на франтах. I зноў пачалі мяняцца, расцвітаць людзі. — Вы не крыўдуйце,— сказаў Гала.— Нядаўна арыштавалі «Жана». А мы ж богатварылі яго... На вачах у Дзявочкі закружыліся слёзы. — Сапраўды. Вікенцій як ашалеў. Захар ірвецца ў лес. Яму абрыдла гуляць у вернападданага... Уяўляеце?.. Hi Захара Галы — «Зорыка», ні Вікенція Шацько — «Агнёва» няма цяпер у жывых. Зорык і Агнёў!.. Чаго варта, скажам, адна майская аперацыя Вікенція І яго сяброў. Ім удалося на вачах у аховы замініраваць эталон авіябомб, замаскіраваных цюкамі сена. Міны былі запаволенага дзеяння, і эталон, як і разлічвалі, дайшоў да станцыі Рудзенск, куды перад гэтым прыбыў састаў з бензацыстэрнамі. I, канечне, вухнула! Уявіце, як вухнула!.. А юны Зорык, чые аўсвайсы, пропускі дазвалялі і ўдзень і ўначы дзейнічаць падпольшчыкам, разведчыкам і сувязным!.. Аднак тады Шацько і Гала толькі набіралі разгон. Ды мне здаецца, што ўжо тады ўгадвалася іх слаўная, ахрышчаная агнём і смерцю будучыня. Зусім не збянтэжаны сутычкай, быццам яе і не было, Шацько паскардзіўся: — Немцы насцярожаныя, з толам упраўляцца цяжка. Няўжо мы такія бедныя, каб не было «магнітак»? Дайце «магніткі». Няўжо не даходзіць, што міны тут у сто разоў важаць? А чыгуначнікі выканаюць заданні. — Гэта праўда — хочацца ў партызаны. Вельмі...— задуменна азваўся Гала.— Але, прызнацца, мне ўсё больш давяраюць. Спадар бургамістр нават прапануе ўсынавіць. Бачыце, які гонар... I я, вядома, астануся. Толькі дайце жывую справу... Я адыходзіў першы. Развітваўся і бачыў, што не аднаму мне сумна ад гэтага развітання. 1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 |
МенюПошукАпошняе на форумеНяма дадзеных Наш гузік
Лічыльнікі |