МЕНСК.BY Родны горад жыве тут! |
Уладзімір Карпаў "Мінскія сустрэчы"
5 3 паркам Чалюскінцаў у мяне звязана і другая сустрэча. Цяпер гэтага доміка няма — згарэў. А тады ён стаяў непадалёку ад уваходу ў парк, сярод гонкіх меднастволых сосен. У раскрыжаваным, разбураным горадзе і ён здаўся мне як з казкі — у гурбах снегу, з расчышчанай да ганка сцежкай, з аснежаным, прысыпаным ігліцай дахам. А галоўнае — з коміна, зусім як у казцы, віўся блакітны дымок, пахла жытлом, смалой-жывіцай, і навокал мірна, палясному стаялі хвоі. Праўда, тут жа, за агароджаю, казка канчалася. Амаль насупраць, цераз вуліцу, за недабудаванымі дамамі, размяшчаўся лагер ваеннапалонных і маячылі постаці вартавых. Кожную раніцу лагерныя вароты расчыняліся і з іх выязджалі пакрытыя рагожамі сані (часцей цэлы абоз) — вывозілі тых, хто сканаў за ноч ад бяссілля, марозу і голаду. Але тут, сярод мілых сэрцу сосен, казка ўсё-такі нагадвала пра сябе. Дый хіба многа трэба, каб фантазія чалавека стварыла жаданы свет? Асабліва калі гэтага хочаш... Жыў тут былы супрацоўнік Акадэміі навук П. I. Фінкевіч, які, прырабляючы на жыццё, рамантаваў газніцы, чайнікі, рабіў вёдры і цынкавыя ночвы. Вось сюды ў домік-майстэрню і павінен быу прыйсці прафесар Дарожкін- біёлаг, вядомы некалі сваімі гатункамі ракаўстойлівай бульбы. Сувязь з Мікалаем Апанасавічам адкрывала вялікія магчымасці і была на той час прынцыпова важнай. У Мінску адкрыўся так званы штаб Розенберга, што мусіў арганізавана рабаваць здабыткі нашай навукі. Супольнымі сіламі немцаў і іх халуёў ладзілася чарговая правакацыя - стварэнне «Беларускага культурнага згуртавання», якое б аб'яднала творчую інтэлігенцыю і «наблізіла сваю культуру да еўрапейскіх культурных асноў». Інакш кажучы, апрацоўвала б народ у патрэбным захопнікам духу і рабіла б як мага больш людзей прама або ўскосна вінаватымі перад сваім мінулым, а ў выпадку чаго, і будучым. Таму патрэбна была не адна аператыўная інфармацыя. Дагэтуль мы хадзілі з Яшам плячо ў плячо або, падстрахоўваючы, ён назіркам дыбаў ззаду. А тут, у парку, мы як бы забыліся адзін на аднаго. Калі я зайшоў у дом, Яша, разваліўшыся, сядзеў на тахце, а гаспадар — пажылы, з вялікімі залысінамі мужчына, завіхаўся каля стала, падсунутага ўжо да тахты. — Мы вырашылі гэтую сустрэчу абставіць фундаментальна,— засмяяўся Яша і адкрыта падміргнуў мне.— Балазе адзін заказчык Пятра Іванавіча сёння жыватоўкай расплаціўся. Нават калі хто і зойдзе, дык няхай заходзіць. Пярэчыць, не пакрыўдзіўшы яго і гаспадара, было позна. — Вам відней,— сказаў я, бачачы, як ківае ў знак згоды лабатай галавой і шчыра ўсміхаецца Фінкевіч. Пераняўшы мой позірк і паставіўшы на стол шызыя, закаркаваныя папяровымі затычкамі пляшкі, ён падышоў і ўзяўся рукамі за мае плечы. — Няўжо з-за лініі фронту? А? — спытаўся дрыготкім голасам.— Паверыце, мо толькі цяпер і адчуваеш, якім яно было колішняе. Мабыць, каб уведаць сапраўдную цану чаму-небудзь, яго трэба спачатку страціць. Ай-яй-яй!.. Давай, Яша, памагай мне... Я і раней заўважыў, як харашэюць людзі пры ўпамінанні аб Вялікай зямлі. Нават і тыя, што пабойваліся яе або сумняваліся — ці зразумее яна іх пакуты, ці даруе ім, што можа не ўсё зрабілі ў вайне, што маглі? Прыме пад увагу варункі, у якія трапілі, альбо астанецца глухой да ўсяго, апрача анкеты? Бывалі ж выпадкі... Прафесар Дарожкін прыйшоў не адзін. Узяў з сабою дачку — маленькую кучаравую дзяўчынку, і ў дзвярах спачатку паказалася яго схіленая спіна: ён чакаў, пакуль дзяўчынка, трымаючыся за яго руку, пераступіць парог. Узяў з сабою дачку!.. Гэта не магло быць проста канспірацыяй. Значыць, ён загадзя прымаў любое задание і гатовы быў ісці на самыя вялікія ахвяры. Праўда, ва ўсім гэтым мог таіцца і напамінак: «Добра, я згодзен і пайду на ўсе, але пайду не адзін. Не забывайцеся, калі ласка, і на гэта...» Яшчэ маладжавы, з цёмнымі, зачасанымі назад валасамі, са смуглым, чуць усходнім тварам і быстрымі, разумнымі вачыма, ён спыніўся каля дзвярэй, не выпускаючы даччыной рукі. — Добры дзень... Сеўшы на тахту побач з Яшам, узяў дачку на калені. — Як там Іван Мацвеевіч? — спытаўся пра сакратара падпольнага Лагойскага райкома партыі. — Наводзіць савецкія парадкі ў раёне, арганізуе самаабарону ў вёсках,— адказаў я.— Прасіў перадаць прывітанне. — I доўга прабіраліся да нас адтуль, з-за лініі фронту? «Выпрабоўвае»,— падумаў я і, падхоплены свавольным пачуццём, выняў з кішэні новенькі ТТ. — Бачыце, яшчэ не паспеў заржавець. Дарожкін узяў пісталет, непрыкметна зірнуў на дату выпуску. — Але, яшчэ цёплы... Вас, канечне, цікавяць нашы справы?.. Седзячы за накрытым, як для бяседы, сталом, мы доўга гаварылі пра дзейнасць розенбергаўскага штаба, пра вучоных, якія асталіся ў Мінску, і апошнія захады немцаў. А калі дамовіліся аб паролі і яўках, я папрасіў: — Зрабіце, Мікалай Апанасавіч, так, каб як мага меней каштоўных дакументаў трапіла ў нямецкія рукі. Забірайце іх і хавайце ў тайніках. Яны яшчэ спатрэбяцца нам. Хай будуць на прыкмеце і людзі, якіх варта вывесці з горада. Астатняе пазней — праз сувязных... 1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 |
МенюПошукАпошняе на форумеНяма дадзеных Наш гузік
Лічыльнікі |