Уладзімір Карпаў "Мінскія сустрэчы"


3
Ранейшы план рухнуў. Прыходзілася ўсё пачынаць нанава. 3 чаго? Лежачы на ложку ў бакоўцы, пазіраючы на далёкае, як здавалася, акно, за якім стаяла мутная цемра, я доўга не мог заснуць. «3 чаго?»
За падушкамі, на другім ложку, пахрапваў Ваня і спакойна дыхаў Толік. Часам далятаў металічны, з прывываннямі гул самалёта, і, калі ён набліжаўся, яму тоненька адгукаліся шыбы.
Уяўляўся горад. Пустыя, знявечаныя, у белай зімовай цемры вуліцы. Рэдкія ўцалелыя гмахі, дзіўныя сярод руін. Замураваныя, з вузкімі амбразурамі вокны ў цокальных паверхах. Ссутуленыя вартавыя ля пад'ездаў за дротавай агароджай. Гулкія крокі падкутых патрулёў... У некаторых раёнах, як казаў Ваня, яны не паяўляюцца — баяцца, і патруліруюць танкеткі, браневікі...
Пасля гаворкі, якая адбылася ўвечары, я сяго-таго выбраў. Па ўсім надзейных, смелых людзей, якія ўжо праявілі сябе. Заўтра аднаго з іх, Алеся Матусевіча, Соня павінна была запрасіць да мяне. Журналіст, супрацоўнік рэдакцыі «Беларускай газэты», ён добра ведаў нацыяналістычныя колы Мінска і быў знаёмы з вярхушкай палітыканаў-халуёў.
Ці прыйдзе ён? А калі прыйдзе, што прынясе з сабой?
Ва ўяўленні паўставаў вобраз элегантнага, крыху і ранічнага мужчыны, які ведае нешта такое, чаго не ведаеш ты, які жыве сярод такіх людзей і рэчаў, сярод якіх ты ніколі не жыў і жыць не будзеш. Чужое, нават варожае абуджае цікавасць. Матусевіч дакрануўся да гэтага чужога і таму, апрача ўсяго, інтрыгаваў сам па сабе. Да таго ж я ведаў: ён пераправіў у «Штурмавую» цэлую друкарню — шрыфт, вярстаткі, валікі, заціскачкі,— бяры і выдавай партызанскую газету.
Ён прыйшоў з Соняй гадзін у пяць, калі кароткі лютаўскі дзень хіліўся к канцу. Шыбы, разрысаваныя марознымі лапкамі, ужо не іскрыліся, а сінелі, і пакой пачыналі ахінаць змрокі.
Пераможна зыркнуўшы на мяне сваімі мілымі вачыма, Соня счакала, пакуль мы працягнулі адзін аднаму рукі, і нячутна выйшла.
— Ваня,— даляцеў з кухні яе голас,— я пабуду на падворку...
Не, Алесь Матусевіч аказаўся іншым. Кранутая сівізной галава, адкрыты твар, хударлявая, шырокай касці постаць. Больш таго — простанароднае, сялянскае праглядвала ва ўсім яго вобліку. Нават было нешта ад традыцыйнага лерніка, які ўсталяваўся на палотнах нашых мастакоў. I толькі журботны нахіл галавы, старанна расчасаныя на прамы прабор хвалістыя валасы ды праніклівыя вочы, у якіх свяцілася ўвага, выдавалі ў ім інтэлігента.
— Значыцца, вы з-за лініі фронту?.. Гэта добра...— сказаў ён з густым беларускім «г», і стала відаць, што мая адкрытасць яму спадабалася.— Гэта вельмі дарэчы... Такія падзеі! Паўлюса разграмілі. Нямеччына ў жалобе. Нашы спадары забегалі і пры ўсякай нагодзе, як злодзеі, азіраюцца на бакі.
— Кожнаму сваё.
— Вядома... Нават цяжка ўявіць, у канцылярыю СД да Шлегеля радзей сталі бегаць. «Нешта трэба дзеяць,— цвярдзяць,— дзеяць!..» Хоць рукі, як і раней, ад крыві не высыхаюць. Во каго ненавіджу дык ненавіджу! Брыда!..
Я чакаў экспрэсіўнага жэсту, бурнай рэакцыі, але Матусевіч бадай-што спакойна расшпіліў паліто і, распрануўшыся, пашукаў вачыма вешалку. Я ўзяў з ягоных рук паліто, аўстрыйскую шапку-капялюш, шалік і павесіў іх на цвік, убіты ў вушак. Здагадаўся: новы мой знаёмы ні аб чым не будзе распытваць, нават пастараецца сам расказваць так, каб не было патрэбы задаваць пытанняў і яму. Пранікаючыся павагай да яго нейкай вельмі натуральней вытрымкі, я сказаў:
— Муоіць, недарэмна Дантэ памясціў іх папярэднікаў на самае дно пекла — у апошні, дзевяты круг.
— Яны грызліся паміж сабою і раней. За смачны кавалак, за цёплае крэсла. Гуляючы, вядома, у прынцыповасць. Праз прынцып» нават даносілі адзін на аднаго— Казлоўскі на Сянкевіча, Сянкевіч на Казлоўскага і гэтак далей. А цяпер, напалоханыя Сталінградам, спяшаюцца яшчэ больш. Ва ўсім. Аж захлёбваюцца... Знайшліся аматары, якія спрабуюць стварыць новую партыю. Нелегальную і з прыцэлам!..
— Цікава.
— Надзвычай...
Матусевіч нечакана наблізіўся да мяне і ўзяўся за гузік майго пінжака.
— Я разумею, чаго вы чакаеце ад мяне, і зраблю, што ў сілах. Дарэчы, я ўжо адправіў жонку і старэйшую дачку ў партызанскую зону. Пусціў пагудку — да сваіх у вёску... Верныя людзі таксама ёсць. Рэкамендую Грышу Страшко...
Вайна, магчыма, як нішто іншае, агаляе вартасць чалавека, паказвае цану яго слоў і шчырасці. Гэта — выпрабаванне. Жорсткае, ды амаль беспамылковае. Выпрабаванне страхам, нястачамі, болем і мукамі, правам забіваць другога. Але яна і чыннік. У яе свае законы. Гвалтоўна ўварваўшыся ў жыццё людзей, яна ўсё перайначвае: пераключае падзеі на большую хуткасць, дае страшэнную сілу выпадку, ставіць тваё жыццё ў залежнасць ад яго, прымушае пасвойму глядзець на кроў, смерць і заўтрашні дзень. Таму яна гартуе адных і, наадварот, разбэшчвае другіх, узнімае з закарвашак іх душ самае мутнае, такое, што можа ніколі б і не паднялося на паверхню ў мірных умовах.
Раніцай таго дня мне давялося быць сведкам жахлівай сцэны.
Вязні з гета падкупілі паліцаяў, і тыя мірыліся, што каля калючага, у некалькі столак, дроту ішоў гандаль. 3 горада сюды неслі бульбяныя лушпайкі і бульбу, шурпаты, з кастрыцай хлеб і мерачкі круп, а з-за дроту — прымусы, залатыя пярсцёнкі, адзенне, Хоць натоўп выраваў і жэстыкуляваў больш, чым на базары-таўкучцы, ган-даль-абмен ішоў зусім бясшумна. I ўсётакі сёння паліцаі адкрылі агонь: мусіць, нехта данёс «па начальству». Натоўп кінуўся ўрассыпную — адны назад за дрот, другія ў бліжэйшыя руіны.
Не скажу — сёй-той з гараджан кіраваўся спагадай і нават дарма аддаваў прынесенае. Але другія!.. Яны ж нажываліся з тых, хто быў аддадзены голаду, гвалту і смерці. Што можа быць больш дзікім?! Адкуль гэта магло прыйсці? Значыць, кроўіі гразь часта бываюць разам — іншага адказу не знойдзеш. А прыватныя забягалаўкі, дзе пояць ачышчаным дэнатуратам і самагонкай з бузіны? А картачныя прытоны і тайныя абартарыі, што пачалі адкрывацца ў горадзе?! Хіба гэта не здрада колішняму? Хіба няма тут сувязі з тым, што робяць здраднікі-палітыканы?
I вось дзіва: разам з гэтым, насуперак гэтаму — мужная барацьба. Я, відаць, не памылюся, калі скажу: тысячы мінчан мелі да яе дачыненне. I не проста благаслаўлялі яе, з'яўляліся ворагамі ворагаў (такіх была абсалютная большасць), а так ці інакш прымалі ў ёй удзел, рызыкуючы найдаражэйшым.
Я сказаў пра гэта Матусевічу. Той стомлена ўсміхнуўся.
— Вядома... Вы звярніце ўвагу, амаль кожную ноч недзе нешта ды будзе гарэць...
1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10

Меню



Пошук


 


Апошняе на форуме


Няма дадзеных


Наш гузік



код гузіка



Лічыльнікі