Мікалай Аляксееў "Абарона Мінска"


Гітлераўская 3-я танкавая група, узмоцненая 5-м і 6-м армейскімі карпусамі на чале з генерал-палкоўнікам Готам хутка рухалася да Мінска з боку Маладзечна, а на поўдзень ад яе прасоўвалася на Бабруйск узмоцненая двума армейскімі карпусамі 2-я танкавая група генерал-
палкоўніка Гудэрыяна. На лініі Стаўбцы — Семежава частка яе сіл рушыла на Мінск, каб як мага хутчэй злучыцца
3 войскамі Гота, замкнуць тут кальцо акружэння вакол 3,
4 і 10-й армій, якія вялі баі ў раёне Ліда, Навагрудак, Налібоцкая пушча.
У першых жа баях гітлераўцы сутыкнуліся з непераўзыдзенай стойкасцю, мужнасцю і адвагай нашых воінаў. Генерал-палкоўнік Гот, які ў першыя ж дні зазнаў гераічнае супраціўленне нашых войск, у сваіх успамінах пісаў: «Незвычайна непатрабавальны, прывыкшы да вялікіх нагрузак рускі салдат быў дысцыплінаваны і добра абучаны. Ён памайстэрску ўмеў прыстасоўвацца да мясцовасці, перш за ўсё да абароны».
У бітвах на далёкіх і на блізкіх подступах да Мінска і Гот і Гудэрыян у гэтым яшчэ раз пераканаліся.
Стойкасць і мужнасць воінаў часцей 108-й стралковай дывізіі, якой у гэты час камандаваў генерал-маёр Н. I. Арлоў, спынілі на рубяжы Дзяржынск—Станькава 17-ю танкавую дывізію, якая рвалася па Брэсцкай аўтастрадзе да Мінска. Перадавы атрад гэтай дывізіі, не чакаючы колькі-небудзь сур'ёзнага супраціўлення, саманадзейна імчаўся да горада. I раптам — стоп! На падыходзе да Дзяржынска ён трапіў пад магутны агонь артылерыі і мінамётаў 108-й дывізіі. I ні ў гэты дзень і ні на другі тут танкі не прайшлі. Тады фашысты кінулі перадавы атрад свайго правафланговага палка на Станькава. Але і тут, сустрэты арганізаваным агнём усіх відаў зброі 444-га стралковага палка 108-й стралковай дывізіі, не прыняўшы бою, ён адкаціўся. Азадачаны такой нечаканасцю, генерал Гудэрыян спыніў тут прасоўванне сваіх войск і пачаў шукаць абыходу абароны дывізіі генерала Арлова. Для гэтага ён накіраваў на Узду атрад сілай каля танкавага палка з мотапяхотай. Але І на гэты раз Гудэрыяну не пашанцавала: атрад нарваўся на пазіцыі 26-й механізаванай дывізіі, якой камандаваў генерал-маёр танкавых войск В. Т. Абухаў. Распачалася бітва. Пад вечар фашысцкі атрад быў цалкам знішчаны. На полі бою засталося звыш 50 падбітых і спаленых танкаў.
К канцу дня 25 чэрвеня камандзіру 2-га стралковага
корпуса генерал-маёру А. Н. Ермакову канчаткова стала яснай мэта камандавання армій «Цэнтр» на Мінскім напрамку, і ён каля паўночы 25 чэрвеня аддаў загад камандзірам 100-й і 161-й стралковых дывізій прыкрыць Мінск з поўначы і паўночнага ўсходу, заняўшы абарону на рубяжы Карасі — Батурынка — Слабада.
Генерал-маёр Ермакоў аддаў загад і гаротна задумаўся: бяда была ў тым, што ўся артылерыя, у тым ліку і супрацьтанкавая 100-й і 161-й стралковых дывізій як рэзервных, камандуючым фронтам была аддадзена 108-й і 64-й дывізіям 44-га стралковага корпуса. Можна сабе ўявіць, якое хваляванне ахапіла камандаванне гэтых дывізій і іх палкоў: «Супраць танкаў і без артылерыі?» I ўсе камандзіры задумаліся над гэтай праблемай, якая здавалася невырашальнай. Першы знайшоў выхад генерал Русіянаў — вопытны ваеначальнік, салдат грамадзянскай вайны і пазнейшых войнаў. «У Іспаніі рэспубліканцы супраць танкаў генерала Франко ўжывалі бутэлькі з бензінам,— казаў ён.— А чым мы горшыя за іспанскіх рэвалюцыянераў?»
1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11

Меню



Пошук


 


Апошняе на форуме


Няма дадзеных


Наш гузік



код гузіка



Лічыльнікі