Кузьма Чорны "Мінск"


Пляц Волі стаў ціхім месцам магазінаў і ўстаноў... Пляц гэты будзе злучацца новымі вуліцамі з пляцам тэатра оперы і балету, які пабудаваны ўжо на былым пляцы Траецкага рынку І цяпер абсталёўваецца...
У нас увайшло ў прывычку гаварыць «дом» там, дзе трэба сказаць «палац». Дом Чырвонай Арміі, пабудаваны на Чырвонаармейскай вуліцы, паблізу драматычнага тэатра і побач з домам ЦК КПБ, ёсць узор прыгажосці і дасканаласці. Гэта цудоўны палац. Побач дома ЦК КПБ пабудавана Дзяржаўная беларуская бібліятэка...
Беларускія цэнтральныя газеты, Акадэмія навук, кансерваторыя, даследчыя і навуковыя інстытуты, два драматычныя тэатры, Тэатр юнага гледача І тэатр оперы і балету — усё гэта створана ў наш час.
Восем трамвайных маршрутаў звязваюць гарадскія раёны. Варштаты і абсталяванне для заводаў, мэблю і абутак, адзежу і найлепшыя гатункі абутковага тавару выпрацоўваюць заводы і фабрыкі беларускай сталіцы. Заводскія варштаты, зробленыя ў Мінску, экспартуюцца за граніцу.
Вялікія і стыльныя пабудовы ўзнікаюць на месцы старых. Ад новапабудаванага дома альбо палаца ўся вуліца адразу зменьвае свой выгляд. Перад тварам новага мацней выступаюць яе старыя рысы, адразу відно, якая ўжо яна цесная паводле размаху гарадскога жыцця. Праходзіць год-два, і ад яе ранейшага выгляду не застаецца і следу. Яна ўся забудоўваецца нанова, новыя пабудовы адступаюць углыбіню, вуліца робіцца шырокай і прыгожай. Так стварылася, на месцы былой Падгорнай вуліцы, вуліца Карла Маркса, адна з бліскучых магістралей Мінска.
У «Старым горадзе», на месцы знесеных старых дамоў, засаджваюцца скверы. Прыгарадныя лясы ўваходзяць у гарадскую рысу як паркі і месцы адпачынку. Былы Камароўскі лес ужо «стаў горадам», і адсюль пачынаецца Пушкінскі праспект — новая вуліца, на якой выраслі будынкі політэхнічнага інстытута, універсітэцкіх клінік, Дома друку, Акадэміі навук, школ і кватэрных дамоў. Тут знішчаны прынцып старога разумения гарадской ускраіны. Праз некалькі год гэта будзе бліскучы квартал сталічнага горада, які сваімі манументальнымі будынкамі будзе пачынацца адразу з палеткаў пшаніцы.
Сотні стаханаўцаў беларускай сталіцы высока трымаюць яе прамысловасць. Дзесяткі тысяч шчаслівай моладзі з'язджаюцца сюды атрымаць вышэйшую асвету на сваёй роднай мове ў дзесятках вышэйшых навучальных устаноў... Мінск—цэнтр беларускай літаратуры, музыкі і ўсіх відаў мастацтва.
Мінск — першы савецкі горад па дарозе з Заходняй Еўропы ў Савецкі Саюз. Экспрэс «Столбцы—Маньчжурия» спыняецца на пероне Мінскага вакзала, і цікаўныя замежнікі прыпадаюць тварамі да вагонных вокнаў, стараючыся разгледзець першы на іх дарозе савецкі горад.
Да граніцы ад Мінска недалёка. Па той бок граніцы беларускі народ не мае сваёй сталіцы. Як і раней, яго мову называюць там хамскай. Але і на нашым карку калісьці сядзелі польскія паны, а цяпер на нашай зямлі стаіць наша нацыянальная сталіца — вялікі савецкі горад — з цэнтрамі культуры вялікага народа.
Мы патрыёты сваёй краіны. Савецкія народы вялікай сваёй гісторыяй, гераічным змаганнем з прыгнятальнікамі і эксплуататарамі заваявалі паўнакроўнае жыццё сваіх рэспублік. I наш народ, разам з усімі савецкімі народамі, высока трымае свой гераізм і славу.
Мы патрыёты сваёй сталіцы. Шматвяковы горад мы ператвараем у бліскучае ўвасабленне сваёй гордасці.
1937 г.
1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8

Меню



Пошук


 


Апошняе на форуме


Няма дадзеных


Наш гузік



код гузіка



Лічыльнікі