Раман Сабаленка "Першы пробны"


Прамоўца гаварыў натхнёна, узнёсла і неяк вельмі проста, нібы ён быў і не на трыбуне, а от гэтак прыйшоў у людскі гурт і пасвойску гутарыць з ім. Потым выступалі яшчэ прамоўцы: рабочыя, што пракладалі па мінскім бруку рэйкі, студэнты. Гаварылі многа і неяк урачыста. Здавалася, людзі забыліся, што ўжо глыбокая ноч. I не дзіва, што забыліся: вакол была відната. Потым той, хто гаварыў першы, сказаў:
— Ад імя Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі, ад Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта і Саўнаркома дазвольце мне разрэзаць чырвоную істужку і абвясціць мінскі трамвай дзеючым.
Вельмі ўвішна і молада прамоўца збег з трыбуны. У правай яго руцэ бліснулі маленькія нажнічкі, якімі ён перарэзаў істужку.
Гучнае «ўра!» скаланула застаялую цішыню асенняй ночы. Потым усе, хто стаяў на трыбуне, зайшлі ў першы вагон. Я ўмасціўся на сваім заднім сядзенні.
Калі адкрывалі мітынг, я не пачуў ні прозвішча, ні імя першага прамоўцы. Здалёк не вельмі ён быў і відзён. Калі праўду казаць, дык я не вельмі багата каго і ведаў з кіраўнікоў рэспублікі ў твар. Чалавек быў не дужа высокага росту, мажны з постаці. Нешта ў ім было ад інтэлігента, але больш за ўсё сялянскага. Быццам ён не так даўно прыйшоў з поля і, напрацаваўшыся, не лёг спаць, а пераапрануўся ў святочнае і прыйшоў сюды на людзі. Толькі ж чаму ён не садзіцца ў вагон? А мо я яго проста не пазнаў сярод пасажыраў вагона? А я такі не пазнаў. Ён ужо хадзіў ад пасажыра да пасажыра, нібы з кожным хацеў перакінуцца словам.
— Гэга вам не на балаголе ехаць! Гэта вам не конка! — сказаў ён так, быццам выхваляўся перад людзьмі, нібы ён сам зрабіў гэты трамвай.
Потым, калі трамвай стаў ужо нашым штодзённым бытам, мне часта ўспамінаўся той першы рэйс. Успамінаўся заўсёды з нейкай смяшынкай ад таго, што ў вагоне тады сядзелі сур'ёзныя людзі, партыйныя і дзяржаўныя дзеячы рэспублікі, а трымалі сябе, быццам узрушаныя нечым незвычайным дзеці. Мусіць, заўсёды так бывае: тое, што чалавек сам зрабіў, што прыносіць радасць не толькі яму, а ўсім людзям, выклікае ў яго несутрымны прыліў радасці.
Гэтак я думаў пазней, праз колькі год. А тады я сядзеў з разгорнутым блакнотам і запісваў, запісваў. Рэпартаж пра такую падзею — не жартачкі ж! Я нават не заўважыў, калі да мяне падышоў той камлюкаваты гаваркі чалавек і спытаў:
— Ты што, браток, усё запісваеш?
Адарваўшыся ад блакнота, я пільна зірнуў зблізку на чалавека: мне здалося, што я недзе яго бачыў, бачыў гэтую круглаватую галаву, бачыў гэты хітраваты прыжмур вачэй, гэтую зычлівую усмешку. Але дзе бачыў, ніяк не мог успомніць. Вельмі ж ён падобны на адзін з партрэтаў, які мне не раз даводзілася бачыць. Але ке можа быць, каб гэта той чалавек. Не можа ж ён от гэтак папрасцецку, нават пасялянску гаварыць з кожным!
— Так, запісваю! Рэпартаж буду пісаць,— адказаў я, і нейкая невядомая сіла падняла мяне на ногі.
— Сядзі, сядзі, браток, запісвай,— сказаў чалавек.— Твая работа такая. А з якой рэдакцыі, хлопча, будзеш?
— Са «Звязды».— Зноў нейкая сіла ставіла мяне на ногі.
— Ды ты сядзі, і я каля цябе ўмашчуся. Пагляджу, як журналісты працуюць,— сядаючы побач са мной, сказаў чалавек.
Той вяртлявы хлопец здзіўлена, як мне здалося, зірнуў на мяне, і ў руках у яго завурчаў затвор ягонай «лейкі».
1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8

Меню



Пошук


 


Апошняе на форуме


Няма дадзеных


Наш гузік



код гузіка



Лічыльнікі