Раман Сабаленка "Першы пробны"


Гэты чалавек наогул мне нечым, яшчэ невядомым, падабаўся. Можа сваёй прастатой і шчырасцю ў абыходжанні з людзьмі. Ён умеў гаварыць з намі, журналістамі, так, што, здаецца, усё разжоўваў і гатовенькае клаў у рот. Я ўпотай захапляўся рэдактарам. Яго мажная, атлетычнага складу постаць, заўсёды паголеная галава, непаседлівая рухавасць нечым імпанавалі нам усім. У сваім не вельмі раскошным кабінеце рэдактар не сядзеў, важна разваліўшыся ў крэсле, а стаяў за сталом на каленях, быццам ён забег туды на хвіліначку і от зараз павінен выскачыць і пабегчы некуды па нейкай іншай, больш пільнай патрэбе. I тое, што звалі мы яго не інакш, як «дзядзька Асьмоў», мне таксама падабалася.
Ходзячы па парку, я раз-пораз пазіраў на гадзіннік: не спазніцца б. Хіба ж жартачкі — мне выпала пісаць пра першы пробны рэйс мінскага трамвая. Кожны дзень мінчане бачылі, як па Савецкай вуліцы пракладалі рэйкі, як ставілі
апоры, вешалі на іх правады, і, мусіць, кожны радаваўся, што неўзабаве можна будзе сесці ў трамвайны вагон і заехаць, куды табе трэба. Конка, якая яшчэ не так даўно хадзіла па цэнтральнай вуліцы сталіцы, была як бяльмо на воку. Хацелася нечага новага, адметнага. Трамвай і быў на той час надзвычай радаснай навіной. Пра яго гаварылі, як пра нешта незвычайнае, як пра цуд. Ён нават паэтаў натхняў на ўзнёслыя радкі вершаў. Паўлюк Трус напісаў тады радкі: «Скора ў бляску вечара, ой скора празвініць на вуліцах трамвай». Гэтыя радкі я сам сабе паўтараў, ходзячы па парку, і прымяраў, ці прыдадуцца яны загалоўкам на мой будучы рэпартаж.
Першы пробны рэйс прызначаны быў чамусьці на гадзіну ночы.
На Камароўцы ля двух спараных чырвоных вагонаў была процьма людзей. Яны разглядалі новенькія вагоны, быццам упершыню бачылі трамвай. Некаторыя нават нагіналіся, зазіралі пад колы, мацалі яшчэ не выслізганыя рэйкі. Кожнаму, мабыць, хацелася пракатацца ў першым трамваі.
Адчыніліся дзверы пярэдняга вагона, і паказаўся чалавек у нязвыклай форме адзення.
— Таварышы, прашу, у каго ёсць прапускі, заняць месцы.
За нейкі момант другі вагон быў поўны. У першы ж прапускалі не ўсіх. Я паказаў пропуск і рэдакцыйнае пасведчанне, і мне сказалі:
— Калі ласка, заходзьце.
Зайшло яшчэ чалавек колькі, і дзверы зачыніліся. Прыгледзеўшыся, я заўважыў, што ў вагоне былі амаль што адны карэспандэнты газет. Яны вынімалі блакноты, алоўкі і ўмошчваліся, каб льга было на хаду запісваць. Я тады яшчэ не вельмі і знаёмы быў з журналісцкай братвою і таму адчуваў сябе ніякавата. Сеў на задняе сядзенне. Выгляд у мяне быў не дужа прэзентабельны. Некаторыя журналісты касілі вока на мяне, на мой блакнот, быццам не маглі даўмецца, што гэтаму чалавеку тут трэба. Ніхто са мною не загаварыў. Тады я сам звярнуўся да нейкага вяртлявага хлопца з «лейкаю» на баку.
1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8

Меню



Пошук


 


Апошняе на форуме


Няма дадзеных


Наш гузік



код гузіка



Лічыльнікі