МЕНСК.BY Родны горад жыве тут! |
Янка Скрыган "Падзяка"
У трамваі рабілася цесна. На Камсамольскай вуліць! дзядуля сышоў, і я перасеў на яго месца. Чалавек сядзеў супраць мяне. Я толькі цяпер добра ўбачыў яго твар. Твар быў немалады, абвеяны вятрамі самых далёкіх земляў краіны. Ён цяпер глядзеў, як у прасторныя дзверы будынка з расквечанымі вітрынамі ішлі і ішлі натоўпы людзей. — Універсальны магазін,— кажу я, хоць ведаю, што тут не трэба і тлумачыць. Мы разгаварыліся. Трамвай ішоў, то высаджваючы, то набіраючы новых пасажыраў. Я даўно прамінуў свой прыпынак. Я гаварыў з чалавекам, які хадзіў цяпер слядамі свайго дзяцінства. Бываюць харошыя сны, каторых шкадуеш, што яны не спраўдзіліся. Чалавек бачыў сон, што быў яваю. Дзяцінства рабілася сном. Ён бачыў горад, каторага не было ў яго памяці. Ён і цяпер мяняўся ў яго на вачах. На вуліцах дыміўся свежы асфальт і слаліся ўзоры брусчаткі. Брукар любоўна прыганяў камень да каменя і падняўся з калень, каб прапусціць наш вагон. За скверам высілася рыштаванне Дома Чырвонай Арміі. У перспектывах вуліц над дахамі падымаліся надбудовы. Восень рассыпала на тратуары пажоўклае лісце клёнаў. — Мой брат на восем гадоў маладзей за мяне,— казаў чалавек.— Ён цяпер у Калхідзе, у геалагічнай экспедыцыі Акадэміі навук. Нас было двое. Калі мяне забрал! на вайну, ён астаўся сам на сябе. Кім толькі ён не быў — беспрытульнікам, злодзеем, хуліганам. Ён прасіў, каб я Haпicay яму, што тут робіцца. Мы жылі на Ляхаўцы... На Ляхаўцы мы ішлі новым горадам. Чалавек яшчэ больш хваляваўся. Тут ляжалі сцежкі яго дзяцінства. Але следу іх нельга было пазнаць. Мы бачылі горад заводаў, шклом крытыя дахі І кварталы рабочых пасёлкаў. Мы хадзілі па вуліцах, на якіх я сам быў упершыню. — Я напішу, каб ён сам прыехаў сюды. Во што я яму раскажу — тут трэба ўсё перажыць. Тады я стаў дакучлівы. Я захацеў паказаць яму ўвесь горад, каб тут нічога не асталося яму невядомым. Мы пачалі мяняць маршрут за маршрутам, раёк за раёнам. Я паказаў яму тэхнікумы, клінікі, інтэрнаты, паркі. Паказаў стадыён, гасцініцы, клубы. Мы бачылі, як падымаліся сцены Камвуза, Акадэміі навук, Дома друку, Дома спецыялістаў. Мы чулі гудкі заводаў усяе сталіцы, калі на работу заступала другая змена. Я звадзіў чалавека на месца, дзе будзе пабудаваны тэатр оперы і балету, які падымецца вышэй над усімі будынкамі Мінска. ...Разам з ім мы бачылі будучыню. Унізе плешчацца і паблісквае рэчка. Паўз бераг дыміцца зялёны, разложысты парк і, перасекшы Савецкую вуліцу, зліваецца з паркам «Прафінтэрн». Па гранітным узбярэжжы рушаць машыны, і натоўп моладзі па каменных ступеньках спускаецца на водную станцыю. Па рэчцы слізгаюць лодкі. Недзе за паваротам яе чуцён сігнал парахода. Ён праходзіць, успеньваючы ваду,— грузны, затомлены,— несучы ў сабе дыханне вялікага Дняпра... Мы стаімо на плошчы Парыжскай камуны. Яна ўзвышаецца, як купал. Адсюль нам відны контуры горада. Над ім сцелецца тонкая, празрыстая сінь, і абрысы дамоў зліваюцца з гарызонтам. — Я абавязкова напішу, каб ён прыехаў сам,— гаворыць чалавек, усё яшчэ не могучы патушыць хвалявання.— Няхай паглядзіць... Ён паціснуў мне з удзячнасцю руку. Я таксама падзякаваў. — За што ж? — запытаўся ён. Я ўсміхнуўся. Хіба мог я сказаць, што быў горды самаю большаю гордасцю — правам паказваць усё гэта, як сваю радасць. 1934 г. 1 | 2 |
МенюПошукАпошняе на форумеНяма дадзеных Наш гузік
Лічыльнікі |