Яўген Рамановіч "Беларуская хатка"


Аднак панаванне акупантаў было нядоўгім, хутка Чырвоная Армія вызваліла Мінск. У горадзе наступілі цішыня і парадак. Адкрыліся магазіны і кіно, людзі пачалі атрымліваць па картках хлеб і павідла, хаця яшчэ не адразу наладзілася нармальнае харчаванне, занадта спусташальнай была акупацыя. Чужынцы абадралі Мінск як ліпку, падчысцілі і ўсю Беларусь. Але паступова жыццё пачало наладжвацца, задымілі фабрыкі і заводы, пачалі сваю дзейнасць розныя ўстановы.
Што да тэатральнага мастацтва, то амаль адразу Галоўпалітасветы рэспублікі прапанаваў Фларыяну Ждановічу стварыць з былых удзельнікаў Першага Беларускага таварыства драмы і камедыі, якія засталіся ў Мінску, і іншых акцёраў Беларускі драматычны тэатр. Лепшы тэатральны будынак у горадзе быў перададзены Першаму дзяржаўнаму тэатру рэспублікі. Ждановіч пачаў склікаць сваіх акцёраў з «Хаткі» і фарміраваць тэатр разам з У. Тэраўскім, які сабраў хор, і К. Алексютовічам, які ўзначаліў балетную трупу тэатра.
Першай выдатнай тэатральнай падзеяй у жыцці вызваленага Мінска была пастаноўка на адкрытым паветры на велатрэку цяперашняга парку імя М. Горкага масавай дзеі, якая называлася «Праца і капітал» па сцэнарыю Льва Літвінава. У гэтай грандыёзнай пастаноўцы Еўсцігнея Міровіча ўдзельнічалі вайсковыя злучэнні Мінскага гарнізона, артысты, хор, балет і аркестр Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра, а таксама самадзейныя гурткі мінскіх клубаў і вялікі аб'яднаны духавы аркестр.
Падзелены на дзве палавіны велатрэк уяўляў з сябе з аднаго боку веранду панскага палаца, на якой весялілася буржуазія. Там іграў сімфанічны аркестр, выступаў балет. На другой палавіне было нешта накштапт каменяломняў, у якіх з кіркамі і лапатамі гнулі спіны, пад бізунамі наглядчыкаў, рабочыя. Пасярэдзіне велатрэка стаяла вялікая, зробленая з пап'е машэ фігура капіталіста ў фраку, з цыліндрам на галаве і мяшком грошай у руках. У канцы паказу фігуру падпальвалі і яна ўзрывалася.
Вялікі аб'яднаны хор пад кіраўніцтвам Ул. Тэраўскага, як у антычных трагедыях, пеў харалы. У адпаведны момент сярод рабочых з'яўляўся агітатар, яго натхнёна выконваў Ул. Крыловіч, які заклікаў рабочых да паўстання. Тады рабочыя праганялі варту, адбіралі ў паліцэйскіх зброю і, спяваючы «Марсельезу», ішлі на капітал. Перапалоханая буржуазія выклікала войска, але ў гэты момант артыстка Ода Ліўшыц узыходзіла на вялікі п'едэстал і голасна дэкламавала верш: «Взвейтесь в небо, орленята!..»
Свабода звярталася да салдат з прамовай аб волі і барацьбе з капіталам. Салдаты апускалі вінтоўкі і пераходзілі на бок рабочых. Прагнаўшы буржуяў і паліцэйскіх, народ спяваў рэвалюцыйныя песні, скакаў і весяліўся.
Да позняй ночы іграў аркестр, танцавалі і спявалі любімыя песні ўсе, хто быў у гарадскім парку. Гэта першамайскае свята вылілася ў такую грандыёзную дэманстрацыю ўсеагульнай радасці і трыумфу, якога мінчане раней ніколі і не ведалі.

1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9

Меню



Пошук


 


Апошняе на форуме


Няма дадзеных


Наш гузік



код гузіка



Лічыльнікі