Яўген Рамановіч "Беларуская хатка"


Вялікае значэнне для трупы таварыства мела і ўступленне ў яе Генрыха Грыгоніса, таленавітага коміка, меўшага ўжо досыць значны вопыт прафесійнай дзейнасці на
рускай сцэне. Спрактыкаваны майстар камедыйнага вобраза, Грыгоніс хутка заваяваў папулярнасць у гледачоў «Беларускай хаткі», а як прыйшоў на сцэну БДТ, то праз год аб ім ведалі ўсе мінскія аматары тэатра, а камароўскія хлапчукі заўзята галасілі на ўсю вуліцу яго папулярны рэфрэн з «На Купалле», «Гоц, гоц, го-ца-ца, мне жаніцца хочацца».
Малады Алесь Лапаць, вядучы артыст тэатра імя Якуба Коласа Аляксандр Ільінскі, разам з Генрыхам Грыгонісам складалі ў таварыстве вясёлы дуэт. Яркі комік Грыгоніс і зухаваты прастак Ільінскі з кожнай новай выкананай роллю набывалі ўсё большую вядомасць у гледача. Іх любілі за прастату і народнасць у ігры на сцэне, за ўменне знайсці ў вобразе яго сакавіты гумар, вясёлы аптымізм. Грыгоніс і Ільінскі на сцэне «Хаткі», а пазней і ў нашых вядучых дзяржаўных тэатрах заўсёды вызначаліся ўменнем знайсці яркую характэрнасць, тыповую дэталь, выкінуць на сцэне камічны фартэль, чым выклікалі ў гледача бурнае захапленне.
Калі Ільінскі і Грыгоніс стваралі ў «Хатцы» яркі камедыйны дуэт, то Канстанцін Саннікаў і Стэфанія Станюта былі ў трупе таварыства рамантычнай парай. Яны выконвалі ролі маладых любоўнікаў. Абое прыгожыя, высокія і стройныя, як маладыя бярозкі, Саннікаў і Станюта не толькі ігралі ў драматычных спектаклях, але і танцавалі ў харэаграфічнай трупе беларускія народныя танцы, выступал! ў канцэртах з дэкламацыяй.
Ільінскі, Саннікаў і Станюта ў 1923 годзе былі накіраваны ў Маскву на вучобу і, скончыўшы там Беларускую драматычную студыю, увайшлі ў склад Другога Беларускага дзяржаўнага драматычнага, цяпер тэатра імя Якуба Коласа.
3 году ў год гаспадарка «Хаткі» расла, яе дзейнасць разгортвалася ўсё шырэй. Аднаму Ждановічу ўжо было не справіцца, і тут вялікую дапамогу яму ў рэжысуры аказаў Уладзіслаў Галубок. Гэты просты і прывабны чалавек з неабсяжным і шматбаковым талентам, самародак, які пэўны час быў звязаны з клубам мінскіх чыгуначнікаў, прыйшоў у «Беларускую хатку» разам з усёй сваей сям'ёй. На Камароўцы, дзе ён хутка здабыў сабе вялікую папулярнасць, аб ім гаварылі: «Ідзіце, паглядзіце «Пісаравы імяніны», там іграюць Галубок і ўсе яго галубкі: Ядзя, Люся, Буся, Эма і бабуся».
1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9

Меню



Пошук


 


Апошняе на форуме


Няма дадзеных


Наш гузік



код гузіка



Лічыльнікі