Адкрыты ліст гісторыкаў аб неабхонасьці спыненьня гвалтоўнага разбурэньня гістарычнага цэнтра Менска

Аб захаваньні гісторыка-культурнай спадчыны гістарычнага цэнтра г. Мінска

Вышэйшым кіраўніцтвам краіны сёння прымаюцца захады комплекснага вырашэння праблем горадабудаўнічага характара, узніклых у сувязі з вядомымі стратамі, нанесенымі Вялікай Айчыннай вайной і праблемамі пасляваеннага планаваньня. Спецыялісты і грамадскасць добра разумеюць сутнасць таго, што адбываецца і высока ацэньваюць захады па навядзеньні парадку ў захаванні гісторыка-культурнай спадчыны і рэгенерацыі гістарычнага цэнтра сталіцы Беларусі, які налічвае амаль тысячагадовую гісторыю.
Без карэктнага вырашэньня гэтых праблем не можа быць гаворкі ні аб рэалізацыі курсу развіцця Мінска як еўрапейскай сталіцы, ні аб развіцці тут ў агульнапрынятым сэнсе турызму, ні аб рашэнні ў шырокім сэнсе задач ідэалагічнага характару і патрыятычнага выхавання падрастаючага і наступных пакаленняў.
Рашэнню гэтых праблем прысвечаны Указ ад 14 ліпеня 2004 г. №330 “Аб развіцці Гістарычнага цэнтра г.Мінска”, адпаведная пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 ліпеня 2004 г. №36/100-296, шэраг іншых дакументаў.
Але на жаль прыходзіцца ўздымаць пытанне аб дакладным і дасканалым выкананні органамі выканаўчай улады палажэнняў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 ліпеня 2004г. №330 і зацверджанай “Канцэпцыі рэканструкцыі гістарычнага цэнтра г.Мінска”. Таму ў склаўшыхся умовах фарміраванне комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на іх фактычнае выкананне, патрабуе жорсткага кантролю прымаемых Мінгарвыканкомам рашэнняў на адпаведнасць заканадаўству аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны і іншым палажэнням нарматыўна-прававой базы Рэспублікі Беларусь.
Сёння на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці адначасова адбываюцца два ўзаемавыключаючых працэса: пошук рашэнняў для ажыццяўлення гарманічнай рэгенерацыі і развіцця гістарычнага цэнтра ў адпаведнасці з існуючай нарматыўна-прававой базай, і працэс хаотычнага будаўнічага асваення асобных пляцовак гісторыка-культурнай каштоўнасці, які груба супярэчыць заканадаўству.
Канкрэтныя захады па рэалізацыі шэрагу інвестыцыйных праграм фармавання забудовы аб’екта 1-ай катэгорыі-“Гістарычны цэнтр г.Мінска”, унесенай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь з шыфрам 1а1Е4463, не адпавядаюць існуючай нарматыўна-парававой базе і скажаюць сутнасць прынятых кіраўніцтвам краіны рашэнняў.
На тэрыторыі гістарычнага цэнтра, не зважаючы на прынятыя, у тым ліку і раней, дакументы аб яго рэканструкцыі, у парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь і нарматыўных актаў, якія рэгламентуюць горадабудаўнічую дзейнасць, вядзецца актыўнае размяшчэнне і будаўніцтва буйных гандлёвых комплексаў, офісных збудаванняў і іншых новых аб’ектаў камерцыйных арганізацый. Маюцца ўсе падставы прызнаць наяўнасць супярэчнасцей прававога, працэдурнага і метадалагічнага характару па размяшчэнню аб’ектаў на ахоўваемай законам тэрыторыі.
Гэта датычыць ў першаю чаргу размяшчэння аб’ектаў новага будаўніцтва на вул.Няміга ад пр.Машэрава да вул.Гарадскі Вал; аб’екта ў квартале вуліц Рэвалюцыйная - Камсамольская - Інтэрнацыянальная - Гарадскі Вал; праектавання і размяшчэння новага гатэльнага комплексу, інтэрпрэтуемага як аднаўленне гасцініцы “Еўропа”, на скрыжаванні вуліц Інтэрнацыянальная і Леніна, на месцы, дзе раней размяшчаліся гарадская палац-рэзідэнцыя Радзівілаў, а затым будынак першага мінскага гарадскога тэатра, на месцы і замест нашмат больш каштоўнага ў гістарычным сэнсе аб’екта; шэрагу іншых аб’ектаў.
Паказальным з’яўляецца прыклад так званага гаража-стаянкі на вуліцы Няміга, размяшчэнне якога стварыла ў новай гісторыі Рэспублікі Беларусь юрыдычны прэцэдэнт, без карэктнага вырашэння якога апеляваць у будучым да заканадаўча-прававой і нарматыўнай базы пры размяшчэнні іншых аб’ектаў на тэрыторыях і ў дачыненні да гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны не прадстаўляеца магчымым.
С самога пачатку размяшчэнне гэтага аб’екта, будаўніцтва якога ужо пачалося, матывавалася як вымушаная мера, для вырашэння праблем транспартнай паркоўкі на тэрыторыі гістарычнага цэнтра. Аднак пры гэтым з самога пачатку замоўчваецца факт, што ў адпаведнасці з нормамі разліку месцаў паркоўкі, гэты аб’ект з’яўляецца самадастатковым і ў сэнсе паркоўкі абслугоўвае толькі ўласныя гандлёвыя плошчы.
Такім чынам матывацыя, у імя якой парушаецца заканадаўства (!), ня мае нічога агульнага з вырашэннем горадабудаўнічых праблем гісторыка-культурнай каштоўнасці і абслугоўвае толькі камерцыйныя інтарэсы інвестара па стварэнню на месцы гісторыка-культурнай каштоўнасці буйнога прыватнага камерцыйнага комплексу, які знішчае аб’ект аховы.

У выніку дзеянняў па размяшчэнні на ахоўваемай тэрыторыі гэтага і іншых новых аб’ектаў у прапануемым выкананні, якое не мае нічога агульнага ні з дадзенымі гістарычнымі кварталамі, ні з дзеючым заканадаўствам, з’яўляецца:
-знішчэнне існуючай гістарычнай забудовы, масштаба і характара аб’екта аховы 1-ай катэгорыі -“Гістарычны цэнтр г.Мінска”;
- прынцыпова мяняецца планіровачная структура, ландшафт і спосаб забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці;
-фальсіфікуецца схема чырвоных ліній гістарычнай забудовы, у тым ліку і Нямігі, гісторыя якой сягае да найвялікшых літаратурных і паэтычных крыніц ўсяго ўсходняга славянства -“Слова аб палку Ігаравым” і летапісу “Аповесці мінулых часоў”, якія сталі пачаткам усходнеславянскай культурнай традыцыі;
-без адпаведных навуковых фіксацый і належнага вывучэння знішчаюцца і страчваюцца наяўныя і абсалютна не вывучаныя элементы існуючай тут колісь высокашчыльнай гарадской гістарычнай забудовы;
-ствараецца новая горадабудаўнічая сітуацыя, якая пазбаўляе гісторыка-культурную каштоўнасць яе якасных характарыстык і не дазваляе праводзіць далейшую работу ў адпаведнасці з дзеючымі рэстаўрацыйнымі методыкамі.
-забудова тэрыторыі каштоўнасці ажыццяўляецца ў рэжыме стварэння гандлёвых рыначных комплексаў вул.Кульман;
У адпаведнасці з выдадзенымі ўпраўленнем па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры ўзгадненнямі, у дадатак да ўжо знішчанага ў канцы 2003 г. гістарычнага будынка па адрасе пл.Свабоды,15, у 2004 г. быў знесены цэлы комплекс будынкаў на вул. Рэвалюцыйная 6Б, 12В, 12Г- захаванай да сённяшняга дня гістарычнай забудовы, якая перажыла ўсе войны і акупацыі, і нават пры наяўнасці падпісаных ахоўных абавязацельстваў (!) мела няшчасце патрапіць пад пляму размяшчэння на гэтым месцы камерцыйнага аб’екта, ў выніку чаго была знішчана. Размяшчэнне на гэтым месцы рыначнага комплексу камароўскага тыпу парушае ўсю існуючую нарматыўна-прававую базу Рэспублікі Беларусь, і явачным парадкам пазбаўляе тэрыторыю, якая ахоўваецца Законам, яе базавых якасных характарыстык гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Дадзены аб’ект не вырашае ні воднай функцыянальнай праблемы гістарычнага цэнтра, але стварае безліч новых.

Рэалізацыя праектных рашэнняў па пералічаных аб’ектах новага будаўніцтва супярэчыць наступным нарматыўна-прававым актам:
-Закону Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны” арт.5 п.1-6; арт.8 п.1,2; арт.48;
- Закону “Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь”, арт. 4.1; 4.2; 4.3; 4.6; 6;
-БНБ 3.01.01-96 “Склад, парадак распрацоўкі і ўзгаднення горадабудаўнічых праектаў”;
-Інструкцыі “Аб складзе, парадку распрацоўкі, узгаднення і зацвярджэння навукова-праектнай дакументацыі на выкананне работ на
нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях”, зацверджанай пастановай Міністэрства культуры ад 23 мая 2003 г. №14; -Рэгламенту Мінгарвыканкома, а таксама рэзалюцыям па размяшчэнню аб’ектаў новага будаўніцтва ў гістарычным цэнтры, раней прымаемых кіраўніцтвам Мінгарвыканкома;
- экспертным заключэнням спецыялізаваных прадпрыемстваў, арганізацый і гісторыкаў, якія раней ва ўстаноўленым парадку выдавалі адпаведныя заключэнні;
- палажэнням метадалагічна-нарматыўнай базы аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны міжнародных арганізацый, а менавіта:
а). Кавенцыі ЮНЭСКА аб ахове культурнай спадчыны (1972г.)- прэамбула; арт.4; 5.с; 5.д; 27.1; 27.2
б). Хартыі захавання гістарычных гарадоў і гарадскіх тэрыторый
(ІКАМОС, 1987 г.)- арт. 2; 6; 10; 11.
в).Міжнароднай (Венэцыянскай) хартыі па кансэрвацыі і рэстаўрацыі помнікаў і гістарычных тэрыторый- арт.1; 6; 7;11; 13-16; Каментарыі.

Для прадухілення і мінімалізацыі нанясення шкоды гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама прывядзення ўсёй працэдуры ў адпаведасць нарматыўна-прававой базе неабходна выявіць увесь аб’ём неадпаведнасцей і вызначыць мажлівыя наступствы для гістарычнага цэнтра Мінску пры ажыццяўленні плануемых мерапрыемстваў. У адваротным выпадку сёння ствараюцца падставы для прыняцця няпростых рашэнняў для карэкціроўкі дадзенай сітуацыі ў будучым.
У адпаведнасці з нацыянальнай і міжнароднай нарматыўна-прававой базай, выпрацоўцы прапаноў па развіццю і аднаўленню гісторыка-культурнай каштоўнасці павінна папярэднічаць сур’ёзная работа па яе вывучэнню з распрацоўкай праекта комплексных навуковых даследванняў ва ўсім аб’ёме ўнясення навукова-абгрунтаваных зменаў у гісторыка-культурную каштоўнасць “Гістарычны цэнтр г.Мінска”, у адпаведнасці з Інструкцыяй “Аб складзе, парадку распрацоўкі, узгаднення і зацвярджэння навукова-праектнай дакументацыі на выкананне работ на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях”, зацверджанай пастановай Міністэрства культуры ад 23 мая 2003 г. №14.
Гэтыя патрабаванні сёння бязлітасна праігнараваныя, а адказнасць прымаючых інстанцый робіцца невыноснаю, бо яна імі ні з кім не падзеленая.
Горадабудаўнічая дзейнасць на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці павінна праводзіцца толькі ў межах акрэсленых Законам “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”, арт.48, дзесяці катэгорый відаў работ, якія маюць дачыненне да гісторыка-культурных каштоўнасцей. Пры незавершанасці працэсу вывучэння і навукова-абгрунтаванага аднаўлення ўсіх кампанентаў гісторыка-культурнай каштоўнасці не могуць праводзіцца не толькі ніякае новае будаўніцтва, але нават ніякія дыскусіі па размяшчэнню падобных аб’ектаў на названай тэрыторыі, тым больш што падобнае размяшчэнне не прадугледжана нарматыўна-прававой базай.
Прыкладаў падобных адносінаў да сваёй спадчыны няма не толькі ні ў воднай еўрапейскай сталіцы, але і ні ў водным вядомым гістарычным горадзе свету.
На падставе наяўных дакументаў можна зрабіць выснову аб некарэктнай падрыхтоўцы адпаведнай інфармацыі і дакументаў на разгляд кантрольных органаў пры ажыццяўленні імі раней кантрольных праверак, у тым ліку ў адрас Пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Камітэта дзяржаўнага кантроля, Міністэрства юстыцыі, кіраўніцтва Міністэрства культуры і Мінгарвыканкома. Складваецца сітуацыя безпадстаўнай падмены дзяржаўных інтарэсаў прыватнымі камерцыйнымі інтарэсамі асобных інвестараў.
Абуральным з’яўляецца тое, што ўсе вышэйакрэсленыя неадпаведнасці спрабуюцца выдавацца выканаўчай уладай ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пад выглядам выканання палажэнняў Указа №330 і зацверджанай ім “Канцэпцыі рэканстукцыі гістарычнага цэнтра г.Мінска”, хаця размяшчэнне названых аб’ектаў напрамую супярэчыць гэтым дакументам, а пачатак парушэнням быў закладзены яшчэ ў часы кіраўніцтва Мінгарвыканкомам мэрам Ярмошыным.
Складваецца ўражанне, што паступова ў працэдуру маніпуляцый ў сувязі з размяшчэннем аб’ектаў у гістарычным цэнтры аказаліся ўцягнутыя адказныя супрацоўнікі Мінгарвыканкома і Міністэрства культуры, што прывяло сёння да немажлівасці развязання названых праблем шляхам устаноўленай працэдуры. Мы лічым, што ў склаўшыхся ўмовах, толькі непасрэднае ўмяшальніцтва кантрольных органаў і грамадскасці зможа прыпыніць працэс далейшага знішчэння гістарычнага цэнтра сталіцы і вярнуць увесь комплекс пытанняў па захаванню і развіццю гістарычнага цэнтра г. Мінска ў прававое поле, у поўнай адпаведнасці з духам і літарай Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №330, а таксама палажэнняў дзеючага заканадаўства.

У сувязі з вышэйазначаным, ў адпаведнасці з Законам “Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь”, арт. 2 п.1 і арт.4, для асэнсавання ўсяго аб’ёма дапушчаных парушэнняў, прадухілення ад мажлівых памылак у будучым і навядзення парадку ў дадзеным пытанні лічым неабходным ПРАПАНАВАЦЬ:
- правесці комплексную кантрольную праверку на адпаведнасць нарматыўна-прававой базе ўсіх рашэнняў, прынятых і прымаемых выканаўчай уладай у дачыненні да гісторыка-культурнай каштоўнасці.
-прыпыніць, у адпаведнасці з Законам “Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь”, арт. 2, п.1 і арт. 4, праектаванне і будаўніцтва пералічаных, а таксама ўсіх новых аб’ектаў на тэрыторыі гістарычнага цэнтра да распрацоўкі і зацвярджэння ва ўстаноўленым парадку Комплекснага праекта рэгенерацыі “Гістарычны цэнтр г.Мінска” (далей – Праекта) з абавязковым правядзеннем экспертызы праектных рашэнняў на адпаведнасць нарматыўна-прававой базе і вырашэннем усіх пытанняў працэдурнага і метадалагічнага характара.
Толькі пасля выканання гэтага можна ставіць пытанне аб менавіта архітэктурным асваенні гістарычнага цэнтра і пачынаць працэдуру грамадскага абмеркавання варыянтаў прапанаваных для ўнясення ў гісторыка-культурную каштоўнасць навукова-абгрунтаваных змен і ў поўнай адпаведнасці з Законам “Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь”.
Выкананне Праекта прапануем праводзіць у поўнай апаведнасці з дзеючай нарматыўна-прававой базай, на падставе і пасля абавязковага выканання наступных мерапрыемтваў:
- распрацоўкі праекта комплексных навуковых даследванняў ва ўсім аб’ёме ўнясення зменаў у гісторыка-культурную каштоўнасць “Гістарычны цэнтр г.Мінска”, ў адпаведнасці з Інструкцыяй “Аб складзе, парадку распрацоўкі, узгаднення і зацвярджэння навукова-праектнай дакументацыі на выкананне работ на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях”, прынятай пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 23 мая 2003 г. №14;
-зацвярджэння ва ўстаноўленым парадку праекта ахоўных зон гістарычнага цэнтра і яго асобных аб’ектаў, ў адпаведнасці з Законам “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”, арт.30;
-распрацоўкі праекта дэтальнай планіроўкі планіровачнага ядра г.Мінска, часткай якога з’яўляецца гістарычны цэнтр, у адпаведнасці з БНБ 3.0.01-96, з неабходнай распрацоўкай агульнай горадабудаўнічай канцэпцыі і вырашэннем асноўных накірункаў перспектыўнага развіцця транспартнай інфраструктуры, функцыянальнай структуры і г.д..
-разгляд, узгадненне і зацвярджэнне Праекта ажыццяўляць у адпаведнасці з Законам “Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь” у частцы забеспячэння шырокага грамадскага абмеркавання і кантроля вынікаў работы.
Гэтая каштоўнасць-“Гістарычны цэнтр г.Мінска”, належыць усім пакаленням, якія яго стваралі на працягу стагодззяў, жывуць сёння і будуць жыць заўтра.
Мы губляем унікальную магчымасць прафесійнага і спакойнага вырашэння пытанняў захавання, рэканструкцыі і развіцця гістарычнага цэнтра сталіцы нашай краіны, абапіраючыся не толькі на дасканала распрацаваныя сёння рэстаўрацыйныя методыкі і заканадаўства, але і ўлічваючы вопыт і памылкі далёкіх і блізкіх суседзяў, якія ўжо завяршылі гэтую работу, а таксама свае ўласныя, што дазволіць нам захаваць і аднавіць гісторыка-культурную каштоўнасць на абсалютна іншым якасным узроўні, і што ў выніку аб’ектыўна выведзе нашу краіну на культурны іміджавы рэйтынг міравога маштабу.
З павагаю,
Старшыня Беларускай акадэміі архітэктуры,
Заслужаны архітэктар Рэспублікі Беларусь,
Лаўрэат Джяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь,
Лаўрэат Прэміі Савета міністраў СССР,
замежны член Расійскай акадэміі архітэктуры і будаўнічых навук,
правадзейны член Міжнароднай акадэміі архітэктуры,
доктар архітэктуры, прафесар В.М. Аладаў

Старшыня секцыі Мінскага гарадскога таварыства
аховы помнікаў гісторыі і культуры,
кандыдат архітэктуры , доктар мастцтвазнаўства Т.В. Габрусь

Доктар філасоўскіх навук, прафесар Э. К. Дарашэвіч

Намеснік старшыні Мінскага гарадскога таварыства
аховы помнікаў гісторыі і культуры,
дарадца Беларускай акадэміі архітэктуры У.М. Дзянісаў

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь,
доктар архітэктуры, прафесар,
сапраўдны член Беларускай акадэміі архітэктуры,
замежны член Расійскай акадэміі архітэктуры і будаўнічых навук І. А. Іода

Прафесар кафедры тэорыі гісторыі архітэктуры БНТУ,
доктар архітэктуры Н. В. Кожар

Кандыдат мастацтвазнаўства,
Лаўрэат Джяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь,
вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства,
этнграфіі і фальклора Нацыянальнай акадэміі навук А. М. Кулагін

Доктар філасоўскіх навук У. М. Конан

Дэкан факультэта традыцыйнай беларускай культуры
і сучаснага мастацтва БДУ культуры і мастацтваў,
дацэнт, кандыдат культуралогіі В. В. Калацэй

Загадчык кафедры горадабудаўніцтва БНТУ,
Лаўрэат Джяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь,
Лаўрэат прэміі ім. У. А. Караля,
доктар архітэктуры, прафесар Г. А. Патаеў

Кандыдат архітэктуры, старэйшы нвуковы супрацоўнік
Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора
Нацыянальнай акадэміі навук А. Ю. Пятросава

Галоўны дзяржаўны інспектар па ахове гісторыка-
культурнай спадчыны Мінгарвыканкома,
Лаўрэат прэміі Прафсаюзаў БССР у галіне архітэктуры,
Дыпломаў і Мэдаляў Саюзаў Архітэктараў СССР і БССР;
навуковы кіраўнік шэрагу гісторыка-культурных каштоўнасцей;
ICCROM ARC 1996 (Via di S.Michele 13, ROMA, Italia);
Centro Europeo di Venezia...del Patrimonio Architettonico
“MASTRO Course” 1998 (Isola di S.Servolo, VENEZIA, Italia) У. А. Папруга

В.а. Старшыні прэзідыюма
“Беларускага дабравольнага таварыства аховы помнікаў
гісторыі і культуры” Г. А. Саўчанка

Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь,
Лаўрэат Джяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь,
Лаўрэат спецяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,
пачэсны член Міжнароднай акдэміі навук Еўразіі,
прафесар В.І. Скорабагатаў

Старшыня Беларускага саюза дызайнераў Д. А. Сурскі

Лаўрэат рэспубліканскага конкурсу студэнтскіх навуквых работ,
стыпендыят Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
па падтрымцы таленавітай моладзі, удзельнік шматлікіх
беларускіх і міжнародных навуковых семінараў і канферэнцый А. А. Суша

Прафесар кафедры тэорыі і гісторыі архітэктуры БНТУ,
кандыдат архітэктуры У. В. Трацэўскі

Старшыня маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Гісторыка” Т. В. Шпілеўская

Старшыня Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва Ф. І. Янушкевіч

https://evrostom27.ru где делать имплантацию зубов: топ 30 имплантация зубов.

Меню



Пошук


 


Апошняе на форуме


Няма дадзеных


Наш гузік



код гузіка



Лічыльнікі