МЕНСК.BY Родны горад жыве тут! |
Антон Бялевіч "Камароўка"
I забралі! У той жа дзень ускочылі ў хату Сцяпана Батуры панскія паслугачы-стражнікі ўзброеныя і забралі старую бярданку. Хацеў Батура ў суд падаць на пана, але добрыя, разумныя аднавяскоўцы параілі не звязвацца з магутным панам, у яго грошы, у яго і суд у руках. Дзе знойдзе тую праўду бедны чалавек. Даўно быў скасаваны прыгон, але не скасаваны былі старыя законы несправядлівасці, крыўды, у якой жылі камароўцы. Душылі іх магнаты, мясцовыя ўлады штрафамі, падаткамі, усялякаю іншаю трасцаю. — Няўжо гэта ўсё робіцца з дазволу цара? — пытаўся Сцяпан Батура ў суседа.— Цар жа вунь скасаваў прыгон. — I то праўда,— згаджаўся з ім сусед.— Цар богаў слуга на зямлі. Мусіць, гэта цёмная, глухая пушча засланіла нашу Камароўку ад ясных вачэй цара. Не бачыць ён гора нашага... Тады яшчэ ў Камароўцы верылі ў цара, у справядлівасць царскую верылі. Помніць Сцяпан Батура, як на вялікадня сабраліся людзі каля царквы, доўга раіліся, меркавалі, каго паслаць да цара. Трэба ж выбраць чалавека смелага, разумнага, бойкага, каб ён талкова, рашуча ўсю праўдуматухну перадаў у царскае сэрца. Сушаныя сыры, вяндліну, сала, грошы з кожнага двара збіралі хадаку да цара. Некалькі нізачак сушаных грыбоў-баравікоў сабралі. Хай, маўляў, перадасць пасланец Камароўкі тыя грыбы цару. Можа Hiколі і не бачыў цар такіх добрых, белых, духмяных грыбоў, якіх выгадавала, падарыла ім Камароўская пушча ў мінулую восень. Не з пустымі ж рукамі да цара! Адправіўся ў далёкае падарожжа паважаны, санавіты, разважлівы дзядзька Дзямян, знакаміты камароўскі бортнік. Ад сябе ўжо асобна, са сваіх каранікоў наліў глячок мёду, каб і яго перадаць у рукі цару. Абуўся хадок у новый лыкавыя лапці, надзеў з тонкага кужэльнага палатна сарочку, апрануўся ў чорную суконную світу, разгладзіў шырокую залацістую бараду і нізка пакланіўся Камароўцы, камароўцам, ружоваму ранішняму сонцу, што ўсплывала над роснаю пушчаю. — Шчаслівай дарогі, Дзямян Данілавіч! — Шчасліва аставацца, добрыя людзі... Некалькі дзён падрад Камароўка жыла гэтаю важнаю, вялікаю падзеяй. У кожным двары, у кожнай хаце, на сенажаці, на начлезе гаварылі пра хадака. Глядзі ты, які смелы, рашучы чалавек! Да самога цара не пабаяўся пайсці! Смелы чалавек! 1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 |
МенюПошукАпошняе на форумеНяма дадзеных Наш гузік
Лічыльнікі |