Уладзімір Караткевіч, Адам Мальдзіс "Горад паўстае. 1863-1864"

5
Начальнікам узброеных сіл у Мінску быў часова прызначаны Адам Ваньковіч, а ваяводай — Карнель Пялікша. Павінен быў ён стаць галавою мінскага паўстання, але вымушан быў знікнуць, калі меліся яго схапіць. У эміграцыі скончыў з сабою. Чаму ж, пайшоўшы на гэта, збаяўся годней смерці ад рукі ворага? Чаму сваёй нядбайнасцю і няздатнасцю заваліў мазгавы цэнтр мінскага паўстання? Невядома, што рухала ім. Але сіла, якая і без таго распалася на партыі, засталася, у дадатак да ўсяго, яшчэ і без галавы.
У красавіку пачаўся адзін з самых гераічных і трагічных паўстанцкіх рэйдаў. Самых гераічных, бо ўдзельнічалі ў ім збольшага юнакі і падлеткі, студэнты, гімназісты і іншыя, кепска ўзброеныя стрэльбамі, але звыш меры — нянавісцю і любоўю.
Як успамінае ў сваёй ананімна выдадзенай у Кракаве брашуры Янка Лучына, 19 красавіка (1 мая) 53 такія паўстанцы сабраліся тайна ў лесе за Залатой горкай. На чале іх стаяў Канапацкі, што атрымаў інструкцыі ад Трусава. Сам Трусаў з партыяй выйшаў з горада па Ігуменскім тракце. Абодва атрады павінны былі злучыцца ў Валмянскіх лясах і ісці імі ў напрамку на Ігумен, а там зліцца з атрадам Ляскоўскага.
У Сляпянцы атрад Канапацкага чакалі зброя — аж восем дубальтовак! — і прыпасы. Салдаты ішлі за атрадам па пятах, але хітрасцю інсургентам удалося адвязацца ад іх. Сяляне дапамагалі, але ўсё адно давялося цяжка. У трывозе, кепска ўзброеныя, людзі ішлі глухімі лясамі. Небывала цёплая вясна нараджала моравы і міражы. Адзін такі міраж людзі ўбачылі над Плісай — велізарных салдат на конях.
Атрады ўрэшце злучыліся, прыядналі да сябе атрад Вярбіцкага і партыю Красоўскага і пайшлі пушчамі на сустрэчу з Б. Свентажэцкім.
У Мінску між тым сітуацыя была складаная. Улады баяліся. Настолькі баяліся, што Мураўёў прапанаваў ўзброіць надзейных сялян і паставіць іх пад кіраўніцтва вопытных афіцэраў. Начальства, аднак, адмовілася. Надзейныя маглі зрабіцца ненадзейнымі, а прывіду сялянскай вайны палохаліся нават болей, чым паўстанцкіх партый.
Узмацнілі тэрор. 2 чэрвеня аб'явілі горад і губерню на ваенным становішчы. Жанчынам забаранілі насіць жалобу пад пагрозай звальнення мужоў са службы. Тых, хто ўсё ж насіў, чакаў на першы раз штраф 25 рублёў срэбрам (кошт каровы), на другі раз — штраф 50 рублёў, на трэці раз — арышт за «ўдзел у мяцяжы». I ўсё ж мінчанкі на нуліцах літаральна атакавалі мужчын за тое, што яны у горадзе, што не ідуць у атрад. Вінавацілі іх у здрадзе, у браку патрыятызму, казалі, што тыя — не мужчыны.
Між тым як Трусаў ішоў на злучэнне з Б. Свентажэцкім, сваяк апошняга, Апалінарый, аб'язджаў фальваркі, лбіраючы людзей. Лічыў, што збярэ сотню, а сабралася чалавек дваццаць. Мэтай А. Свентажэцкага было ісці ад Ракава на Радашковічы, знішчаючы тэлеграфныя слупы, забраць у Новым Двары зброю і ісці ў бок Іліі, каб далучыцца да вілейскай партыі Козела. I тут дайшла звестка, што 16 мая партыі Козела не стала і, значыцца, ісці на Ілію няма патрэбы. Тады атрад з месца збору ў Міхалове (8—10 км ад Ракава на Валожын) рушыў на поўдзень. Дарогаю далучаліся да іх яшчэ людзі: і простыя, і шляхта, І нават афіцэр рускай арміі. I, аднак, ва ўсім адчувалася нешта трывожнае.
Свентажэцкі піша: «Сяляне зычліваразвітваліся знамі: «Няхай бог таму памагае, хто да нас будзе добрым». У двухсэнсоўнасці гэтых слоў—уся тагачасная сялянская пазіцыя!
За Койданавам атрад Свентажэцкага зліўся з атрадам Дыбоўскага (Зарэмбы) і сумесна прыняў прысягу. Сурова гучалі ў лесе галасы, суровыя былі твары людзей, а непадалёк стаялі людзі з фальварка і вёскі, гатовыя поплеч біцца і памерці.
Зарэмба быў чалавек суровы і лаканічны. Нават у сне ён не выключаўся да канца, а чуйна рэагаваў на ўсё. Пад яго камандай было 69 чалавек, а на чале аднаго з двух пададдзяленняў стаяў рускі Фёдар Яльчанінаў пад псеўданімам Гарап.
Часта ратавала атрад веданне Гарапам карнай арміі, тактыкі ворага, прыёмаў бою, нават трубных сігналаў. Калі, напрыклад, у час бітвы ля Ушы карнікі перайшлі ў наступление, Гарап сыграў сігнал: «Адступіць урассыпную» — і праціўнік сапраўды кінуўся бегчы.

1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7

Меню



Пошук


 


Апошняе на форуме


Няма дадзеных


Наш гузік



код гузіка



Лічыльнікі