МЕНСК.BY Родны горад жыве тут! |
Уладзімір Караткевіч, Адам Мальдзіс "Горад паўстае. 1863-1864"
Пачыналася малая вайна. Паўстанцы хапалі прыгнятальнікаў і расстрэльвалі іх. Атрады (партыі) раслі ў колькасці. Толькі пад Слуцкам дзейнічалі чатыры партыі, у якіх было да 500 чалавек. Рэйхарт, лаючы мяцежную інтэлігенцыю, даносіў: «Впрочем, и некоторые туземцы православные не лучше их... тому служит доказательством то, что нашлись между ними охотники присоединиться к повстанцам». Але адначасова даходзілі і чуткі, радасныя для ўлад. Папы падбухторвалі сялян супраць паўстанцаў, кажучы, што тэта паны, якія вырашылі вярнуць прыгон. I цёмнае сялянства сям-там верыла ім і не ішло ў партыі, а дзе-нідзе і дапамагала ўраду. У Карэлічах, напрыклад, сяляне на чале з папом зрабілі вобыск у падазроных сялян і дробнай шляхты. Тыя, у каго была знойдзена зброя або медальёны ці патрыятычныя паясы з гербам, былі схоплены. Іх вялі, каб аддаць у рукі ўлад, і білі. Білі тыя самыя сяляне, за шчасце якіх гэтыя людзі рызыкавалі жыццём. Арышты пракаціліся і па Мінску. Схопленых кінулі ў турму, у былы кляштар бернардынак. Аўтар «Успамінаў сучасніка» Паўловіч (ён таксама сядзеў там) прыгадвае, што суседам ягоным быў Цюндзявіцкі, першая ахвяра мураўёўскага тэрору на Беларусі. Гэты чалавек быў з буйнай барысаўскай шляхты, служыў афіцэрам царскай арміі. Паўстанцкі ўрад прызначыў яго начальнікам аднаго з атрадаў. Але галоўным пунктам абвінавачвання было распаўсюджванне «Мужыцкай праўды» Кастуся Каліноўскага. Новага слова баяліся. Цюндзявіцкі мужна чакаў канца. На вялікдзень арыштаваныя спявалі песні, і гэта былі апошнія спевы ў жыцці чалавека, якому было суджана адкрыць сабою доўгі і страшны мартыралог на Беларусі. Калі яго выводзілі з турмы на страту, ён вітаў сяброў. Гурмы людзей ішлі за ім па вуліцах. Месца расстрэлу было на разгалінаванні Койданаўскага і Ігуменскага трактаў, недзе ў раёне цяперашняй фабрыкі-кухні або паштамта. Было гэта 21 мая. Яму было 23 гады, І ён спакойна выслухаў прыгавор. Ужо стоячы ля слупа, ён папрасіў, каб яму не завязвалі вачэй. — Я ўсёткі салдат і змагу глядзець у вочы смерці. То былі апошнія яго словы. У гэты час закукавала зязюля, лічачы яму гады, якіх не будзе. I тады прадзерлася праз натоўп і кінула да слупа букет кветак не вядомая нiкому дзяўчына з вёскі Палонная. Ён хацеў яшчэ нешта сказаць народу, але тут забілі барабаны, а пасля грымнуў залп. Людзі бралі змочаны крывёю пясок як талісман нянавісці. Пасля над магілаю паставілі варту, але ўсё роўна народ абсыпаў капец кветкамі, усё роўна моладзь складала вершы і спявала песні, усё роўна, па сведчанню Паўловіча, «да яго магілы ішоў незлічоны натоўп усіх саслоўяў, вераванняў і нацыянальнасцей». Гэта праўда. Гераічная смерць за народ не ведае веры і нацыі. I людзі стаялі вакол, а дзеці, якім нічога не маглі зрабіць, непрыкметна бралі ў іх вянкі і кветкі і складалі на палявую магілу сярод жытоў. Народ вяртаўся з гэтай магілы «збратаны, але і перапісаны шпіёнамі». Урад тады ўвогуле недужа разганяў маніфестацыі з прычыны зручнасці іх для блакітных мундзіраў. Яму было больш выгадна абяскровіць паўстанне, выявіўшы ўсе ягоныя сілы. Каб усе былі такія, як Цюндзявіцкі, расправіцца было б цяжэй, нельга абяскровіць увесь народ. Але, як пісаў Апалінарый Свентажэцкі: «Калі надышла гадзіна таго дзеяння, на жаль, аказалася, што значная частка выбуховага полымя была толькі саламяным агнём». А. Свентажэцкі трапіў у Мінск вясною 1863 года і адразу ж сустрэўся з Паўлам Дыбоўскім. Той дастаў з жолаба ў стайні і паказаў Апалінарыю паўнамоцтвы ад Літоўскага правінцыяльнага камітэта, а пасля прызначыў Свентажэцкага акруговым начальнікам з абавязкам арганізаваць паўстанне ў ваколіцах Ракава. 1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 Детальная информация накрутка голосов в конкурсе на сайте здесь. |
МенюПошукАпошняе на форумеНяма дадзеных Наш гузік
Лічыльнікі |