Уладзімір Караткевіч, Адам Мальдзіс "Горад паўстае. 1863-1864"

3
Цэнтр падрыхтоўкі паўстання засядаў звычайна ў кнігарні Валіцкага або ў Карнеля Пялікшы, які пазней быў прызначаны мінскім ваяводай. Мужчыны распрацоўвалі планы паўстання, жанчыны шылі вопратку і шчыкалі корпію для перавязкі ран.
Бунт вось-вось павінен быў выбухнуць. У паветры пахла порахам. У гімназіі і ў іншых установах збіралі грошы на зброю і самую зброю. Людзі ехалі з грашыма за мяжу, каб закупіць стрэльбы. Жыхары адкрыта казалі: «Каго не будзе з намі, таму кулю ў лоб; прыйшоў час знішчаць ворага ўсімі мерамі...»
Памагалі гэтаму настрою і партыі ссыльных з Захаду. Па руках мінчан хадзілі іхнія фатаграфіі, гараджане ўсяляк імкнуліся зрабіць высакародным людзям хаця б нейкую палёгку. Ссыльных пачалі правозіць горадам уначы. Адно такое «мерапрыемства» (у чэрвені 1862 года) скончылася сутыкненнем. На Залатой горцы (ля скрыжавання цяперашняй Даўгабродскай і Ленінскага праспекта), каля капліцы святога Роха, этап чакалі людзі, якія хацелі перадаць арыштаваным лекі і ежу. Ім забаранілі гэта, і тады ў народзе выбухнула ярасць. Пачалася бойка. Супраць казацкай зброі пайшлі ў справу жэрдкі, доўбні і каменне.
У сувязі з непарадкамі ўлады зачынілі гімназію. Тэты іхні ўчынак вызначаўся простаткі дзяржаўнай мудрасцю: вучні цяпер маглі замест урокаў хадзіць на дэманстрацыі.
14 снежня як прадвесце будучай бітвы запалала над Беларуссю і Мінскам не бачанае тут дагэтуль паўночнае ззянне.
...Аб пачатку паўстання на Гродзеншчыне Мінск даведаўся з паведамлення «Кур'ера Віленскага», які выдазаў Адам Кіркор. I што б ні казалі аб згодніцтве гэтага чалавека,— ягоны ўчынак, учынак, за які можна было панесці поўную крымінальную адказнасць і які сказаў усёй краіне аб тым, што час браць зброю,— сведчыць супраць абвінавачвання... Вось вам і згоднік!
Амаль адразу на Міншчыне пачалі пілаваць тэлеграфныя слупы. Ад Маладзечна да Слуцка. Пачаліся напады на паштовыя эстафеты, рэквізіцыя ўрадавай пошты (потым яе звычайна палілі) і экспрапрыяцыя грошай на патрэбу паўстанню. Пад Нясвіжам спалілі вісячы мост. Мінскія разначынцы і рамеснікі, а таксама шэсць тысяч бедней шляхты ў наваколлі горада ўяўлялі сабою парахавую бочку, да якой трэба было толькі паднесці кнот. Першы мінскі атрад быў арганізаваны ў лютым, а ўжо 14 лютага ўзнікла следчая камісія па палявых справах пад старшынствам палкоўніка Рэйхарта. Чуткі, што даходзілі да яе, былі ўсё больш трывожныя. Атрад інсургентаў у рэйдзе са Слоніма на Мінск праехаў праз Мір. Другі атрад таксама праехаў праз Мір, кіруючыся на Налібоцкую пушчу.

1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7

Меню



Пошук


 


Апошняе на форуме


Няма дадзеных


Наш гузік



код гузіка



Лічыльнікі