МЕНСК.BY Родны горад жыве тут! |
Уладзімір Караткевіч, Адам Мальдзіс "Горад паўстае. 1863-1864"
У 1857 годзе ў Мінскай гімназіі было 538 вучняў, перад паўстаннем — 600. Пасля паўстання — 240... І нездарма пры першых прыкметах рэвалюцыйнага выбуху ля дзвярэй гімназіі паставілі варту на чале з маёрам Варанцом. Губернатар ведаў, што робіць! Ва ўсіх атрадах пазней змагаліся мінскія гімназісты. Так, пасля разгрому атрада Карла Свянтолдыча сярод забітых быў вучань сёмага класа Мінскай гімназіі Сулістроўскі, а сярод акрываўленых вязняў, без ніякай лекарскай дапамогі прывезеных у Мінск, хлопчык дзесяці — дванаццаці год, вучань першага класа гімназіі Бароўскі. Нават дзіцячыя сэрцы не цярпелі несправядлівасці! Адзін з вядучых людзей паўстання на Міншчыне, пазней выдатны дзеяч «Інтзрнацыянала» Антон Трусаў таксама выйшаў з муроў гімназіі. Аб гэтым чалавеку мы будзем расказваць па неабходнасці сцісла, а тых, хто захоча бліжэй пазнаёміцца з выдатнай яго асобай, адсылаем да кнігі Генадзя Кісялёва «Сейбіты вечнага». I справа была, вядома, не толькі ў гімназіі. Агульны дух большай часткі гараджан у Мінску быў непакорлівы і бунтарскі. Разначынцы, шляхта, гарадская бедната, сярэднія класы ненавідзелі стала і зацята. Холад насельніцтва зразумеў нават Аляксандр II, які наведаў Мінск восенню 1858 года. Дарэчы, цікава, што пасля гэтага візіту імператары ў горадзе больш не бывалі. Не хочам сказаць, што пабойваліся, але ва ўсякім разе ведалі, што будуць адчуваць сябе няёмка. Мінск заўсёды быў нязручным для тыранаў горадам. Агульны дух непаслушэнства і адкрытых маніфестацый валодаў Мінскам у тыя часы. Калі ў 1861 годзе прыйшла звестка пра смерць выдатнага польскага дзеяча і гісторыка Іаахіма Лелевеля, гараджане вырашылі адправіць набажэнства за ягоную душу. Губернатар добра ведаў, што за асоба Іаахім Лелевель, і набажэнства не дазволіў. I тады горад знайшоў выхад. Якраз памёр нікому не вядомы цёзка Лелевеля Іаахім Кудзіновіч. Набажэнства было заказана па ім, балазе і касцёл і царква ў такіх выпадках ужываюць толькі імя. Начальства было ў непаразуменні: такая нязначная асоба, а на набажэнстве — палавіна горада. У сувязі з расстрэлам дэманстрантаў у Варшаве ўзнікла і другая форма маніфестацый: нащэнне жалобных убоpay. Жанчыны насілі чорныя сукні, не ездзілі на балі і не танцавалі. У жалобе быў увесь горад. Рэвалюцыйная агітацыя працвітала. Агітаваў Трусаў, агітавалі іншыя. Распаўсюджвалася нелегальная літаратура, была створана рэвалюцыйная арганізацыя. Многія людзі на знак дэманстрацыі хадзілі ў народных беларускіх касцюмах, каб нават вонкава паходзіць на мужыкоў. Душою мінскіх «чырвоных» была Каміла Марцінкевіч, дачка славутага беларускага пісьменніка. Яе гурток, па словах В. Кошчыца, «згуртаваў усё, што было самае патрыятычнае». Інкрымінаваўшы дзяўчыне спяванне ў катэдральным касцёле патрыятычнага гімна і нашэнне жалобных убораў па забітых у Варшаве, улады абвясцілі яе вар'яткай і пасадзілі ў дом для вар'ятаў, пасля вымушаны былі выпусціць (ля дома ўвесь час збіраліся людзі і кідалі да агароджы кветкі), але пазней пасадзілі ў турму і выслалі. Мінчане сустракалі ссыльных, якіх везлі пасля варшаўскіх падзей у Сібір, ля заставы горада і дапамагалі ім: давалі ежу, грошы і вопратку. Нядоўга давялося чакаць і Мінску. Хутка і адсюль пачалі адпраўляць людзей у ссылку. Першым ссыльным быў суддзя грамадзянскай палаты Уладзіслаў Дмахоўскі. За ім — лекары Любічанькоўскі і Казлоўскі, майстар фартэпіяна Бяляўскі (творца аргана для каралішчавіцкага касцёла, таго самага, які вельмі хваліў кампазітар Манюшка). 1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 |
МенюПошукАпошняе на форумеНяма дадзеных Наш гузік
Лічыльнікі |