Янка Купала "Водклік з 29 кастрычніка 1905 г. у Мінску"

Божа наш, божа, што гэта будзе?
Што гэтак сталі таннымі людзі?
Царскія слугі б'юць іх, страляюць,
I сваіх браццяў за сабак маюць.
А за што ж гэта? — усё за свабоду,
Што ў моры фальшу йшлі шукаць броду.
Люд збудзіць хоча праўду з магілы,
Каб не марнелі думкі і сілы,
Меў бедны ўволю грошы і хлеба,
Бо й бедным такжа шмат чаго трэба.
Дарма, што бедны, дарма, што ўбогі,—
Трэба капоту, лапаць на ногі,
Пачак запалак, пачак табакі,
Чарку гарэлкі зглуміць усякі,
Булку і скварку трэба на свята
Пачаставаці кума ці свата...
Шмат чаго трэба. Цар жа бічуе,
А бедны з гора бічу не чуе.
Росціць надзею рай мець за слёзы.—
Што вясна будзе, знікнуць марозы.
I хоць за праўду гіне нявінна,
Смела йдзе ў бойку... Так быць павінна.
Вось, як анэгдай бліз было вакзала:
Крыві нямала зямля папівала;
Трупаў, калекаў няшчасных без ліку
К зямлі прыпала, а з енку І крыку
Вокал гудзела, як дзе на пажары,
Аж нават сонца схавалася ў хмары.
Сышліся цешыцца з царскага указу,
Што ўсім свабоду прыносіў адразу.
Кожны пасвойму судзіць стаў аб гэтым:
Ці указ праўдзівы, ці будзе прасвета
У нашым горы, у нашай няволі,
Ці ўжо кайданаў не ўзложець ніколі?..
I ў гэтым можа сказаў хто замнога...
Аж тут зброд царскі, забыўшыся бога,
Дай жа страляці, як па скаціне,—
За проблеск волі няшчасны люд гіне.
Вось тут пазнай, ці свабоду нам далі.
Ці ашуканствам у бойню загналі?
Цяпер жа ўсякі пасвойму тут судзе:
Адны талкуюць, што горш яшчэ будзе,
Што — цяпер стрэльбы грымяць каля хатаў
Будуць жа потым паліць і з гарматаў.
А іншы кажа, што цар нацарыўся,
Што досыць крыві ён нявіннай напіўся,—
Нібы без цара абыцца ён можа.
А хто ж драць будзе, як цар голаў зложа?
Цяпер жа ты цвярозы ці ўпіўся,
Цар ёсць з табою, ва ўсё ён убіўся.
Калі ў свабодзе такой пажывецца,
То і за сонца плаціць давядзецца.
1906 г.
-----------------------
Напісанне верша звязана з падзеямі, якія адбыліся ў Мінску не 29 кастрычніка 1905 ода, як адзначае паэт, а 18 кастрычніка. У гэты дзень мінскі генерал-губернатар рэакцыянер і чарнасоценец Курлоў загадаў растраляць мірную дэманстрацыю працоўных, якія пратэставалі супроць царскага маніфеста ад 17/Х 1905 г.

Аварийное вскрытие дверей автомобиля spas-ektb.ru/vskrytie-zamkov-avto. , http://be-student24.ru/ где можно заказать дипломную работу.

Меню



Пошук


 


Апошняе на форуме


Няма дадзеных


Наш гузік



код гузіка



Лічыльнікі